Беларусь не падтрымала рэзалюцыі ААН аб парушэньні правоў чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны

Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, архіўнае фота
Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, архіўнае фота

Пятнаццаць краін, сярод якіх Беларусь, прагаласавалі супраць рэзалюцыі «Становішча з правамі чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, уключаючы Аўтаномную Рэспубліку Крым і горад Севастопаль», прынятай 19 сьнежня Генэральнай Асамблеяй ААН.

Акрамя Беларусі, супраць рэзалюцыі выступілі Бурундзі, Гандурас, Зымбабвэ, Іран, Кітай, КНДР, Куба, Малі, Нігер, Нікарагуа, Расея, Сырыя, Судан і Эрытрэя. Дакумэнт падтрымала 78 дзяржаў, устрымалася 79.

Паводле інфармацыі на сайце ААН, у рэзалюцыі асуджаецца «працяглы часовы кантроль або акупацыя Расейскай Фэдэрацыяй часткі тэрыторыі Ўкраіны, уключаючы Аўтаномную Рэспубліку Крым і горад Севастопаль, а таксама асобных раёнаў Херсонскай, Запароскай, Данецкай і Луганскай абласьцей», пацьвярджаецца «непрызнаньне іх анэксіі».

Генасамблея асудзіла «доўгае поўнае ігнараваньне РФ сваіх абавязаньняў у галіне міжнароднага права ў частцы юрыдычнай адказнасьці за акупаваную тэрыторыю, уключаючы адказнасьць за павагу ўкраінскага заканадаўства і правоў усіх цывільных асоб». Акрамя таго, «самым рашучым чынам асуджаецца» агрэсія Расеі супраць Украіны «з парушэньнем артыкулу 2(4) Статуту ААН».

МЗС Украіны, камэнтуючы прыняцьце рэзалюцыі, сярод іншага адзначыла, што Кіеў заклікае Маскву перастаць дэпартаваць украінскіх дзяцей, прадставіць адпаведным агенцтвам ААН і міжнародным арганізацыям сьпіс ужо перамешчаных дзяцей, а таксама забясьпечыць іх бясьпечнае вяртаньне.

​
XS
SM
MD
LG