Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнт Расеі Пуцін пераконвае, што расейская армія «мае ініцыятыву» і паляпшае свае пазыцыі.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея не адмаўляецца ад сваіх мэтаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне.
«Захад ад сваёй стратэгіі стрымліваньня Расеі і ад сваіх агрэсіўных мэтаў ва Ўкраіне не адмаўляецца. Што ж, і мы ад сваіх мэтаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі адмаўляцца не зьбіраемся», — заявіў Уладзімір Пуцін 19 сьнежня на пасяджэньні калегіі Міністэрства абароны Расеі.
Пуцін пераконвае, што расейская армія «мае ініцыятыву» і паляпшае свае пазыцыі.
«Праціўнік мае цяжкія страты і ў значнай ступені выкарыстаў рэзэрвы, намагаючыся паказаць сваім гаспадарам хоць нейкі вынік свайго расьпіяранага так званага контранаступу. Дарэчы скажу, і міт аб непаражальнасьці заходняй вайсковай тэхнікі таксама абваліўся. Усе спробы, як казалі на Захадзе, нанесьці нам ваеннае паражэньне разьбіліся аб мужнасьць і стойкасьць нашага салдата, сутыкнуліся з павялічанай моцай нашых Узброеных Сіл, патэнцыялам айчыннай прамысловасьці і абаронных вытворчасьцей», — заявіў Уладзімір Пуцін.
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгупаведаміў, што з 1 сьнежня пачалі нарошчваць колькасны склад расейскай арміі да 1 мільёна 320 тысяч чалавек, а ў пэрспэктыве, у сувязі з пашырэньнем NATO да расейскіх межаў, — да 1,5 мільёна.
«У сувязі з уступам Фінляндыі ў NATO і наступным далучэньнем Швэцыі працягваецца фармаваньне Ленінградзкай і Маскоўскай вайсковых акругаў. Пры гэтым улічваецца падпісаная між ЗША і Фінляндыяй дамова, якая прадугледжвае выкарыстаньне амэрыканцамі 21 вайсковага аб’екта разам з усімі чатырма авіябазамі», — дадаў ён.
Паводле падлікаў Сяргея Шайгу, Украіна атрымала «ад зьнешніх спонсараў 203 мільярды даляраў, што на 30 мільярдаў больш за яе ВУП». У той жа час, лічыць ён, дапамога не дазволіла пераламаць сытуацыю на фронце.