Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насупраць офісу ГУБАЗіКа, ля кірмашоў і сталовых. Дзе ў Менску і рэгіёнах забаранілі перадвыбарныя пікеты


Збор подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнта ў Менску ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Збор подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнта ў Менску ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Улады Менску спазьніліся з гэтым рашэньнем.

Згодна з Каляндарным плянам арганізацыйных мерапрыемстваў у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасаваньня мясцовыя органы ўлады павінны былі да 10 сьнежня вызначыць месцы, дзе нельга праводзіць пікетаваньне ў межах выбарчай кампаніі 2024 году.

Менгарвыканкам прыняў такое рашэньне толькі 14 сьнежня і нядаўна яго апублікаваў. Пры гэтым усе 22 райвыканкамы Менскай вобласьці да 10 сьнежня апублікавалі рашэньні аб месцах, забароненых для пікетаваньня, адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

У параўнаньні з выбарчай кампаніяй 2020 году сьпіс месцаў у Менску і рэгіёнах, у якіх забаронена праводзіць перадвыбарныя пікеты, павялічыўся.

Забароненыя месцы для пікетаваньня ў Менску

Паводле пераліку, забаронена праводзіць перадвыбарныя пікеты і зьбіраць подпісы:

  • на цэнтральных плошчах Менску: Кастрычніцкай, плошчы Незалежнасьці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сьцяга, Прывакзальнай, плошчы Якуба Коласа (іх колькасьць не зьмянілася ў параўнаньні з папярэдняй кампаніяй);
  • на адлегласьці менш за 200 мэтраў ад будынкаў афіцыйнай рэзыдэнцыі Лукашэнкі, Нацыянальнага сходу, Савету Міністраў, ад будынкаў рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ, тэле- і радыёстанцый (у 2020-м забароны на пікеты каля рэдакцый не было);
  • на аб’ектах мэтрапалітэну, чыгуначнага і паветранага транспарту, прыпынках грамадзкага транспарту, аўтавакзалах, мастах, праезных частках дарог, у падземных пераходах, паркоўках аўтатранспарту;
  • на адлегласьці менш за 50 мэтраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў, судоў, органаў пракуратуры, арганізацый грамадзкага транспарту, прадпрыемстваў вода-, цепла-, энэргазабесьпячэньня, установаў аховы здароўя; дзіцячых садкоў, установаў сярэдняй, спэцыяльнай, дадатковай адукацыі, ВНУ, прамысловых прадпрыемстваў;
  • у нацыянальным аэрапорце «Менск» і на адлегласьці менш за 200 мэтраў перад абʼектамі аэрапорту;
  • на адлегласьці менш за 200 мэтраў ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук, будынкаў гандлёва-забаўляльных цэнтраў «Замак» і Galleria Minsk, гатэля «Мінск», «Палац спорту», «Мінск-Арэны», «Белэкспа», будынка Рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі ў тэнісе і па мастацкай гімнастыцы (на выбарчай кампаніі 2020 году ў гэтых месцах можна было зьбіраць подпісы).

Таксама ў рашэньні пазначаны шэраг адрасоў, дзе нельга рабіць перадвыбарныя пікеты (пералік цалкам тут). На папярэдняй электаральнай кампаніі такіх забаронаў не было.

Меншчына: нельга зьбіраць подпісы на кірмашах

Амаль ва ўсіх раёнах Менскай вобласьці забаронена пікетаваць на цэнтральных плошчах горадоў, на прыпынках грамадзкага транспарту, аўтавакзалах, каля будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, пракуратуры.

У некаторых раёнах таксама нельга зьбіраць подпісы на кірмашах, каля сталовых, у парках, а таксама ў жыльлёвых каапэратывах. Пералік месцаў цалкам.

Берасьце: тэрыторыю каля аб’ектаў, дзе забаронены збор подпісаў, павялічылі

У параўнаньні зь мінулай электаральнай кампаніяй 2020 году ў Берасьці практычна не зьмяніўся пералік месцаў, дзе забаронена зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатаў, але калі ў 2020 годзе адлегласьць да афіцыйных будынкаў і важных аб’ектаў складала 50 мэтраў, дык сёлета яна павялічылася ўдвая і складае 100 мэтраў.

У Берасьці забаронена арганізоўваць пікеты на галоўнай плошчы Леніна, на ўчастку вуліцы Пушкінскай, які абмежаваны плошчай Леніна і вуліцай Карла Маркса, і на ўчастку вуліцы Леніна, абмежаваным вуліцай Міцкевіча і вуліцай Гогаля.

Як і паўсюдна, забаронена пікетаваньне каля будынкаў усіх дзяржаўных і навучальных установаў. Таксама забаронена зьбіраць подпісы на тэрыторыі крэпасьці, на вакзалах, станцыях, на галоўным аўтавакзале, побач з тэлерадыёкампаніяй «Брэст», каля тэрыторый вайсковых частак і культавых будынкаў.

А забароненая для збору подпісаў тэрыторыя міжнароднага аўтадарожнага пункту пропуску «Брэст» увогуле складае 300 мэтраў.

Магілёў: рэкордная колькасьць месцаў, забароненых для перадвыбарных пікетаў

У прыватнасьці, у падпункце 1.13 пастановы старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандра Студнева гаворыцца аб забароне збору подпісаў «у іншых месцах, якія нясуць пагрозу грамадзкай бясьпецы, з масавай колькасьцю грамадзян». У гэты пункт гарадзкія ўлады аднесьлі плошчы, сквэры, паркі, гандлёвыя цэнтры, рынкі, гатэлі, установы адукацыі і спартовыя збудаваньні. Такая фармулёўка адсутнічала падчас усіх папярэдніх электаральных кампаній.

Акрамя таго, забаронена пікетаваць: на ўсіх буйных плошчах горада (пляцоўка для з ГЦ «Атрыум», плошча Леніна, плошча Славы, плошча Зорак) і на пешаходнай вуліцы Ленінскай; на абʼектах чыгуначнага, воднага і авіятранспарту, аўтавакзалах і аўтастанцыях, на прыпынках грамадзкага транспарту, на мастах, на аўтамабільных паркоўках; бліжэй, чым 200 м. ад будынкаў радыё і тэлевізіі; бліжэй, чым 200 м ад падземных пераходаў; бліжэй, чым 100 м ад арганізацый аховы здароўя; бліжэй, чым 50 м ад горадаўтваральных прадпрыемстваў і ў некаторых іншых месцах.

Сьпіс Магілёўскага гарвыканкаму на гэтыя выбары ўжо зьяўляецца самым «забаронным» за ўсю гісторыю назіраньняў за апошнія 15 гадоў, падкрэсьліваюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Горадня: ніякіх пікетаў у публічных месцах

У сьпіс забароненых трапілі публічныя месцы Горадні, дзе раней пікеты былі дазволеныя: Савецкая плошча і вуліца, парк Жылібера, сквэр на месцы Фары Вітаўта, рынкі і іншыя, піша Hrodna.Life.

Зборы подпісаў забаронены на адлегласьці менш за 50 м ад будынкаў выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры; на тэрыторыі чыгуначнага вакзала, аўтавакзала, установаў аховы здароўя; на адлегласьці менш за 30 м ад прыпынкаў грамадзкага транспарту; на плошчы Савецкай; на вуліцы Савецкай; у парку Жылібера; у сквэры на скрыжаваньні вуліц Кастрычніцкай, Замкавай і плошчы Савецкай (на месцы Фары Вітаўта); на тэрыторыі рынкаў і мінірынкаў.

Гомель: самы вялікі пералік месцаў, дзе забаронена пікетаваньне

Рашэньне Гомельскага гарвыканкаму ад 7 сьнежня, у параўнаньні з выбарамі 2019 і 2020 году, істотна пагоршыла ўмовы для збору подпісаў выбарнікаў. У пераліку 11 пунктаў, якія ахопліваюць практычна ўсю тэрыторыю горада, адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і прыводзяць поўны пералік забароненых месцаў (па спасылцы).

Віцебск: за 50 мэтраў ад абвыканкаму

У Віцебску збор подпісаў забаронены ў наступных месцах:

  • плошчы Перамогі і Свабоды;
  • арганізацыі аховы здароўя, культуры, спорту, адукацыі;
  • аб'екты чыгуначнага транспарту, аўтавакзал, масты, пуцеправоды, праезная частка аўтамабільных дарог, падземныя пешаходныя пераходы;
  • на адлегласьці менш за 50 мэтраў ад будынкаў Віцебскага аблвыканкаму, гарвыканкаму і райвыканкаму, адміністрацыяў раёнаў гораду, пракуратураў горада і вобласьці, упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, аддзелаў унутраных спраў адміністрацый раёнаў, судоў, упраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG