Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК абвясьціў вылучэньне «кандыдатаў у дэпутаты» і апублікаваў сьпіс, каму можна праводзіць сацапытаньні


Старшыня ЦВК Ігар Карпенка
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка

Як паведамляе Цэнтрвыбаркам Беларусі, з 17 сьнежня пачынаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты.

Вылучыць кандыдата могуць зарэгістраваныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збора подпісаў.

ЦВК нагадвае, што кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа стаць грамадзянін Беларусі старэйшы за 21 год, які пастаянна пражывае ў Беларусі, а кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета — грамадзянін з 18 гадоў, які пастаянна жыве ці працуе на тэрыторыі мясцовага савета.

На выбарах у мясцовыя саветы могуць галасаваць і грамадзяне Расеі. Вылучэньне кандыдатаў працягнецца да 15 студзеня.

У сьпісе Цэнтрвыбаркама — 4 палітычныя партыі. Гэта праўладныя партыя «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя і Партыя працы і справядлівасьці. Усе апазыцыйныя партыі ў Беларусі ліквідавалі, многія іх лідэры і актывісты знаходзяцца ў турмах або эміграцыі.

«Выбары» ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы прызначаныя на 25 лютага. Ужо сфармаваныя выбарчыя камісіі, пра склад якіх не паведамлялася. Агітацыя пачнецца з 31 студзеня. Датэрмінова галасаваньне — з 20 да 24 лютага.

Ніводныя выбары ў Беларусі пасьля 1994 года не прызнаваліся свабоднымі і справялівымі. Апошнія выбары прэзыдэнта 2020 году адзначаліся масавымі фальсыфікацыямі, пратэстамі і гвалтам сілавікоў. Яны выклікалі ўнутраны крызіс і міжнароднае асуджэньне. Беларусы замежжа ўпершыню ня змогуць прагалсаваць.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў пазьбягаць удзелу ў рэжымных мерапрыемствах, назваўшы будучую кампанію «рытуалам без сэнсу і справядлівасьці».

«Я заклікаю вас выказаць нязгоду з выбарчым фарсам — хаця я разумею, што ва ўмовах тэрору бясьпечных спосабаў супраціву амаль не засталося», —падкрэсьліла яна.

Хто можа рабіць перадвыбарчыя апытаньні

ЦВК публікуе таксама сьпіс сацыялягічных «структур», якія маюць права праводзіць сацапытаньні, яны акрэдытаваныя пры Акадэміі Навук Беларусі.Такіх структур 12.

Акрамя вядомых Інстытута сацыялёгіі НАН Беларусі ці праўладнага аналітычнага цэнтра ЭсооМ, ёсьць такія невядомыя раней як сацыялягічныя лябараторыі структуры, як Мінскае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда», Упраўленьне сацыялягічных дасьледаваньняў і інфармацыйна-аналітычнай работы камунальнага выдавецкага прадпрыемства «Інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасьці».

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG