Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ прыняў 12-ы пакет санкцыяў адносна Расеі і Беларусі, у сьпісе 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў


Каляж
Каляж

ЭЗ прыняў 12 пакет санкцыяў адносна Расеі і Беларусі

У новы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі і Беларусі за расейскую вайну ва Ўкраіне трапілі 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў:

  • першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Алег Мішчанка — за павелічэньне паставак узбраеньня і вайсковай тэхнікі ў Расею;
  • намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандар Рахманаў — за прасоўваньне вайскова-тэхнічнай супрацы з Расеяй;
  • начальнік 230-га агульнавайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне Аляксей Лабко — за падрыхтоўку на палігоне мабілізаваных расейцаў;
  • першы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Павал Муравейка — за забесьпячэньне разьвіцьця рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі;
  • начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валер Равенка — за арганізацыю і рэалізацыю вайсковай супрацы з Расеяй;
  • старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю, член Савету бясьпекі Васіль Герасімаў — за забесьпячэньне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расеяй;
  • начальнік 174-га навучальнага палігону вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА Віталь Яфанаў — за падрыхтоўку расейскіх мабілізаваных;
  • камандзір 61-й авіябазы ў Баранавічах Леанід Давідовіч — за прадастаўленьне базы для запуску ракет па Ўкраіне;
  • намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк — за арганізацыю і рэалізацыю вайсковай супрацы з Расеяй;
  • начальнік Гомельскага філіялу дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Ўладзімер Чаравухін — за прадастаўленьне гомельскага аэрапорту для самалётаў Паветрана-касьмічных сілаў Расеі;
  • намесьнік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Вячаслаў Расалай — за перадачу Расеі ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі для вайны ва Ўкраіне.
  • Аляксандр Дакучыц, начальнік берасьцейскай філіі «Белаэранавігацыі».

У Эўразьвязе лічаць усіх гэтых асобаў адказнымі за матэрыяльную падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Іх абмяжуюць у магчымасьці атрымліваць візы і замарозяць іхныя актывы на тэрыторыі ЭЗ.

Абмежаваньні наклалі на расейскі гандаль дыямэнтамі і пастаўку дэталяў, якія могуць быць скарыстаныя ў вытворчасьці зброі. Акрамя таго, узмацнілі патрабаваньні да выкананьня «столі цэнаў» на нафту з Расеі.

Зь першага студзеня 2024 году ўступіць у дзеяньне прамая забарона на экспарт дыямэнтаў з Расеі, а да першага верасьня наступнага году павінны пачаць дзейнічаць абмежаваньні на дыямэнты, аграненыя ў трэціх краінах або правезеныя транзытам праз тэрыторыю Расеі.

Для недапушчэньня паставак дэталяў для зброі быў пашыраны сьпіс тавараў двайнога прызначэньня, такіх як літыевыя батарэі, тэрмастаты, электрарухавікі і сэрваматоры, станкі і аўтадэталі. Таксама, каб зьнізіць грашовыя паступленьні ў Расею для працягу вайны, забаранілі ўвоз расейскіх прапану, чыгуну, меднага і алюмініевага дроту і фольгі.

Грамадзянам і жыхарам Расеі забаронена валодаць кампаніямі, якія прадстаўляюць паслугі ў крыптавалютах, кантраляваць іх або займаць пасады ў іхных кіроўных органах.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG