Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат Кашчунас: беларусы не пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне. Насамрэч пратэставалі, 27 лютага было больш за 800 затрыманых


Лаўрынас Кашчунас
Лаўрынас Кашчунас

Старшыня камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Кашчунас патлумачыў, чаму ён і яго калегі зарэгістравалі законапраект аб уніфікацыі абмежаваньняў для беларусаў і расейцаў.

«Ёсьць больш чым адна прычына, чаму гэта трэба зрабіць. І ўсе яны зьвязаныя з інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі. Тым больш я вымушаны рэагаваць як старшыня камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму, калі дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і міністэрства ўнутраных справаў, якое адказвае за міграцыйную палітыку, папярэджваюць пра пагрозы і неабходнасьць абмежаваньняў», — цытуе партал Delfi допіс палітыка ў яго фэйсбуку.

Першая прычына, паводле Кашчунаса, — падтрымка Беларусьсю Расеі ў вайне з Украінай. «Беларусь аддала сваю тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны, яе вайсковая прамысловасьць, вайсковая інфраструктура выкарыстоўваліся для патрэбаў расейскай арміі. Але ў выпадку зь Беларусьсю таксама ёсьць розныя міты. Адзін зь іх — беларускае грамадзтва ў гэтай вайне, як і мы, літоўцы, нібыта падтрымлівае Ўкраіну, а Расею і вайну падтрымлівае толькі рэжым Лукашэнкі. Гэта не адпавядае рэальным абставінам», — падкрэсьліў палітык.

Ён адзначыў, што хаця ў Беларусі забароненыя незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні, пэўныя дадзеныя ўсё ж ёсьць, і яны сьведчаць аб расколе беларускага грамадзтва ў стаўленьні да вайны. «Лістападаўскае апытаньне Chatham House сярод беларускіх гарадзкіх жыхароў, апублікаванае на гэтым тыдні, паказвае, што 36% падтрымліваюць расейскае ўварваньне, 38% не падтрымліваюць яго, а астатнія ня вызначыліся. Такія лічбы паўтараюцца ад аднаго апытаньня да іншага. Паколькі апытваліся толькі гарадзкія жыхары, а апытаньне праводзілася анлайн, відавочна, што агульныя вынікі па ўсёй краіне, на жаль, можна скарэктаваць на карысьць Расеі», — напісаў Кашчунас.

Хоць палітычная апазыцыя Беларусі, якая знаходзіцца ў эміграцыі ў Вільні і Варшаве, прапануе цяпер шлях эўраінтэграцыі для Беларусі і асуджае вайну ва Ўкраіне, аднак, паводле старшыні камітэту, гэта ня вельмі папулярны геапалітычны выбар у самім беларускім грамадзтве. «Гэта трэба разумець без ілюзій: 41% апытаных лічаць, што Беларусь павінна быць у геапалітычным саюзе з Расеяй, 13% выступаюць за Эўразьвяз. Таму, прымаючы рашэньні аб масавай міграцыі з Беларусі, мы павінны ацэньваць тое, што мы ўпускаем. Зразумела, што самі беларусы не жадаюць фізычна ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, але яны ня супраць падтрымаць Расею, яны разумеюць яе матывы нападу на суседнюю краіну», — працягнуў дэпутат Сейму.

Кашчунас таксама напісаў, што грамадзяне Беларусі не пратэставалі, калі пачалася вайна ва Ўкраіне. «У ваенны час рацыянальна абмежаваць перамяшчэньне або перасяленьне ў Літву грамадзянаў варожых дзяржаваў, такіх, як Расея і Беларусь. Зрабіць гэта — наш маральны абавязак перад Украінай», — адзначыў парлямэнтар.

Палітык таксама падкрэсьліў, што яшчэ адна частка аргумэнтаў за адзіныя абмежаваньні для беларусаў і расейцаў зьвязаная з пагрозамі нацыянальнай бясьпецы. «Штогод, пачынаючы з 2020 года, у Літву пераяжджаюць дзясяткі тысячаў грамадзян Беларусі. У 2025 годзе іх будзе больш за 100 тысячаў. І яны стануць сур’ёзнай сілай. Гэта вельмі складаная дэмаграфічная праблема, якая будзе мець доўгатэрміновыя наступствы, калі гэтым працэсам не кіраваць разумна. Гэты выклік абвастраецца, калі мы назіраем выказваньні нават некаторых прадстаўнікоў лібэральнай часткі беларускай дыяспары, ня кажучы ўжо пра нацыяналістаў, якія вынікаюць з ідэалёгіі ліцьвінізму, якая стала надзвычай папулярнай у беларускім грамадзтве ў апошняе дзесяцігодзьдзе (гэта ў сувязі з увядзеньнем адпаведных новых падручнікаў гісторыі): „Беларусы не прыяжджаюць, а вяртаюцца ў Вільню“».

«Інтэрнэт-аналіз паказвае, што такія заявы карыстаюцца падтрымкай і пазытыўнай цікавасьцю», — адзначыў Кашчунас. Далей ён патлумачыў: галоўная выснова ліцьвінізму ў тым, што Вільня — надзвычай важны беларускі горад. Паводле яго словаў, так званага «пазытыўнага ліцьвінізму» проста не існуе, і гэтая тэорыя заўсёды выкарыстоўвалася супраць Літвы.

  • 27 лютага 2022 году тысячы людзей у Беларусі выйшлі на пратэсты супраць рэфэрэндуму аб зьмяненьнях у Канстытуцыю і супраць удзелу Беларусі ў расейскім нападзе на Ўкраіну. Вечарам таго дня ў сьпісе праваабаронцаў былі прозьвішчы больш за 700 затрыманых. МУС Беларусі сьцьвярджаў, што сілавікі затрымалі агулам 800 чалавек. У наступныя дня пачаліся суды над затрыманымі. Справы заводзілі як паводле адміністрацыйнага, так і паводле крымінальнага кодэксаў. Пасьля пачаліся дывэрсіі на чыгунцы, якіх было каля 70.
  • Сейм Літвы сёлета ў красавіку ўхваліў закон, які прадугледжвае абмежавальныя захады для грамадзян Беларусі і Расеі, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці і гэтак далей. На этапе разгляду дакумэнту абмежаваньні для беларусаў крыху зьмякчылі, большасьць санкцыяў закранула расейцаў.
  • У прыватнасьці, ідзецца пра абмежаваньні магчымасьці атрымліваць літоўскую візу і статус электроннага рэзыдэнта. Для расейцаў дзейнічаюць дадатковыя абмежаваньні ў выглядзе забароны на набыцьцё маёмасьці і падачы заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Літве.
  • Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ня раз заяўляў, што трэба ўніфікаваць абмежаваньні для грамадзян Беларусі і Расеі. Ён лічыць, што такія абмежаваньні павінны быць аднолькавыя для беларусаў і расейцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG