Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гістарычная падзея: такое ў амэрыканцаў ёсьць толькі зь Беларусьсю»


Сьвятлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі
Сьвятлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі

Вялікая дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай правяла некалькі дзён у Злучаных Штатах Амэрыкі. У Вашынгтоне адбылася першая сэсія стратэгічнага дыялёгу ЗША і беларускіх дэмакратычных сілаў.

Што гэта такое і ці зможа чымсьці дапамагчы беларусам Амэрыка, калі ў сьвеце ўсё больш канфліктаў і гарачых пунктаў? Пра гэта Дзьмітры Гурневіч гутарыць з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў замежных справах Валерам Кавалеўскім.

  • Стратэгічны дыялёг «Беларусь – ЗША» — гэта пляцоўка для падтрыманьня сталых адносін дэмакратычных сілаў Беларусі з урадам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Яе праца пачалася 6 сьнежня і працягвалася некалькі дзён. Сёньня заключны дзень. За гэты час у Вашынгтоне адбылося шэсьць панэляў ці круглых сталоў, на якіх абмяркоўвалі самыя розныя тэмы, зьвязаныя зь Беларусьсю.

Кавалеўскі: Гэты фармат унікальны. Паводле нашай інфармацыі, прыкладна 50 краін карыстаюцца такімі стратэгічнымі дыялёгамі з ЗША, але сярод іх няма ніводнай структуры, падобнай да беларускіх дэмакратычных сілаў. Гэта скамбінаваная дэлегацыя прадстаўнікоў дэмакратычных структураў і грамадзянскай супольнасьці. І ўпершыню стратэгічны дыялёг праходзіць зь недзяржаўнай арганізацыяй. Менавіта тут абмяркоўвалася, што могуць зрабіць ЗША сёньня або заўтра , каб дапамагчы нам пераадолець унутраны крызіс, каб мы маглі вызваліцца ад шкоднага расейскага ўплыву і пабудаваць новую эўрапейскую Беларусь.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG