Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС абяцае новыя крымінальныя справы супраць карупцыянэраў у мясной і малочнай галінах


 Генадзь Казакевіч, архіўнае фота.
Генадзь Казакевіч, архіўнае фота.

Траціна ўсіх эканамічных злачынстваў у Беларусі выяўлена ў сельскай гаспадарцы, а сярод іх кожнае трэцяе злачынства зьвязанае з карупцыяй.

Гэтую заяву намесьніка міністра ўнутраных справаў Генадзя Казакевіча, зробленую ў эфіры тэлеканала АНТ, прыводзіць партал «Зеркало».

Казакевіч, камэнтуючы нядаўняе затрыманьне генэральнага дырэктара Бярозаўскага мясакамбінату, паабяцаў «дайсьці да кожнага», каб спыніць злачынныя схемы ў сфэры перапрацоўваньня мяса і малака, і анансаваў новыя затрыманьні й крымінальныя справы.

Казакевіч расказаў, што ў 2023 годзе ў Беларусі выявілі 3100 злачынстваў у сфэры эканомікі.

— Мы робім упор на спыненьне карупцыйных схемаў, бо тое, што было ў Бярозе, — гэта клясычны факт сыстэмнай бізнэс-карупцыі, — заявіў намесьнік міністра.

Ён растлумачыў, што ў такіх схемах з аднаго боку замяшаныя камэрсанты, якія робяць карупцыю «часткаю свайго бізнэсу» і даюць хабар «для ажыцьцяўленьня сваёй маркетынгавай стратэгіі, прасоўваньня свайго тавару», а з другога — несумленныя кіраўнікі прадпрыемстваў, якія гэты хабар бяруць.

— У Бярозе гэта дабаўкі для вытворчасьці мясных вырабаў, але дакладна гэтаксама раней мы выявілі схему там, дзе пастаўлялі запасныя часткі і вэтэрынарныя прэпараты, — дадаў Казакевіч.

Ён нагадаў, што кіраўнік Бярозаўскага мясакамбінату зараз у СІЗА з падазрэньнем у карупцыі, як і камэрсант, які нібыта даваў яму хабар.

— І паверце, Бярозаўскі мясакамбінат — гэта толькі адзін эпізод, былі яшчэ іншыя камбінаты ў іншых вобласьцях. Ён таксама ў СІЗА і дае паказаньні. І мы дойдзем да кожнага, каго закранула гэтая карупцыйная схема, — паабяцаў Казакевіч, не назваўшы прозьвішча чарговага затрыманага.

Справы аб карупцыі на мясных і малочных камбінатах

29 лістапада стала вядома аб затрыманьні ў справе аб карупцыі генэральнага дырэктара Бярозаўскага мясакансэрвавага камбінату Ўладзімера Жуковіча і заснавальніка ТАА «Навукова-вытворчая кампанія «Міттрэйд-інвэст» Сяргея Орлікава.

Кіраўнік прадпрыемства нібыта прынамсі з 2015 году браў у камэрсанта хабар за пастаўкі харчовых дабавак для вытворчасьці. Сьцьвярджаюць, што ідзецца пра сумы ў «сотні тысяч».

Бярозаўскі мясакансэрвавы камбінат — найбольшае ў краіне прадпрыемства перапрацоўкі мяса. Яму падпарадкаваныя некалькі прадпрыемстваў у Берасьцейскай вобласьці, у тым ліку Баранавіцкі мясакамбінат.

Яшчэ раней, у сярэдзіне лістапада, была распачатая «справа малочнікаў». У КДБ паведамілі, што ў яе межах затрыманыя 26 чалавек, 15 зь іх арыштаваныя.

Адзін з затрыманых — генэральны дырэктар магілёўскага ААТ «Бабушкина крынка» Генадзь Скітаў, якога затрымалі, як сьцьвярджаецца, разам з саўдзельнікамі з доказамі злачынства пры атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Таксама затрыманыя прадстаўнікі камэрцыйных структураў, якія нібыта маюць дачыненьне да схемы.

Сьцьвярджюць, што ў схеме ўдзельнічалі кіраўнікі іншых прадпрыемстваў, у тым ліку Полацкага, Лепельскага, Слуцкага і Рагачоўскага малочных камбінатаў.

Выданьне «Флагшток» 30 лістапада выявіла, што імя генэральнага дырэктара Рагачоўскага малочнакансэрвавага камбінату Віталя Строгага зьнікла зь сьпісу кіраўнікоў прадпрыемства, а сам ён нібыта на бюлетэні. А 22 лістапада тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведаміў аб затрыманьнях на Рагачоўскім камбінаце.

Таксама ў канцы лістапада стала вядома, што памочнік Лукашэнкі — інспэктар у Віцебскай вобласьці Ігар Брыло вызвалены ад пасады «у сувязі з учыненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG