Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За хабар затрымалі гендырэктара Бярозаўскага мясакансэрвавага камбіната


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

29 лістапада дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што ў Беларусі за хабар затрымалі гендырэктара Бярозаўскага мясакансэрвавага камбіната Ўладзімера Жуковіча.

Як гаворыцца ў паведамленьні дзяржаўнага тэлеканала, кіраўніка прадпрыемства затрымалі «на пару з камэрсантам». Іншых дэталяў у сюжэце не прыводзяць, але гаворыцца, што ў справе фігуруюць «кансьпіратыўныя сустрэчы, жыцьцё на шырокую нагу і замашкі з 90-х».

У анонсе сюжэту тэлеканала паказалі кадры апэратыўнай здымкі затрыманьня Жуковіча. На ім той на пытаньне апэратыўніка «За што былі затрыманыя?» адказвае: «За заключэньне дамоваў ...на пастаўкі прадукцыі».

У самім сюжэце канал ОНТ распавёў пра некаторыя падрабязнасьці справы гендырэктара Бярозаўскага мясакамбінату.

Было паведамлена, што пры затрыманьні ў яго было знойдзена 22 тысячы рублёў. Нібыта грошы ён атрымаў ад прадстаўніка кампаніі, якая пастаўляла камбінату харчовыя дабаўкі. У сюжэце гаворыцца, што кіраўнік камбінату атрымліваў не менш як 7 тысячаў рублёў раз у квартал «мінімум з 2015 году».

Таксама паказаныя кадры затрыманьня падазронага ў дачы хабару, паводле ОНТ Сяргея Орлікава.

Перадача грошай, паводле ОНТ, адбывалася ў кавярні «Ампір», якая належыць мясакамбінату. Відэаназіраньне ў «Ампіры» было арганізаванае так, каб можна было патрапіць у vip-пакоі незаўважаным.

Яшчэ адна схема, якую нібыта выкарыстоўваў Жуковіч, палягала ў пераводзе грошай за сыравіну не наўпрост гаспадаркам, а аўтасэрвісу, дзе сельгаспрадпрыемствы рамантавалі тэхніку. Кіраваў ім сын дырэктара.

Пра затрыманьне Жуковіча два тыдні таму са спасылкай на крыніцы пісала «Наша ніва», але афіцыйна інфармацыю пацьвердзілі толькі цяпер. Паводле зьвестак выданьня, крымінальная справа не зьвязаная з затрыманьнямі ў межах «малочнай справы» — Жуковіча затрымалі ў сувязі з хабарам ад дылера прадукцыі заводу.

Бярозаўскі мясакансэрвавы камбінат — самае вялікае ў краіне прадпрыемства па перапрацоўцы мяса. Яму падпарадкоўваецца некалькі прадпрыемстваў у Берасьцейскай вобласьці, у тым ліку Баранавіцкі мясакамбінат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG