Ізраіль аднавіў баявыя дзеяньні ў Газе, заявіўшы, што ХАМАС парушыў дамову аб замірэньні

У Газе
У Газе

У пятніцу ў Газе зноў адбыліся цяжкія баі. Замірэньне скончылася.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што аднавілі баявыя дзеяньні супраць ХАМАС, і абвінавацілі палестынскую ўзброеную групоўку ў парушэньні часовага замірэньня. ХАМАС зноў абстраляў тэрыторыю Ізраілю, сьцьвярджаюць у ЦАХАЛ, піша Reuters.

Сямідзённая паўза, якая пачалася 24 лістапада і двойчы падаўжалася, дазволіла абмяняць дзясяткі закладнікаў, якія ўтрымліваліся ў Газе, на сотні палестынскіх зьняволеных. Таксама яна паспрыяла паступленьню гуманітарнай дапамогі ў разбураную прыбярэжную паласу.

За гадзіну да заканчэньня замірэньня Ізраіль заявіў, што перахапіў ракету, выпушчаную з Газы. ХАМАС пакуль ня ўзяў на сябе адказнасьць за запускі.

Палестынскія СМІ паведамляюць пра ўдары ізраільскай авіяцыі і артылерыі па анкляве пасьля заканчэньня замірэньня, у тым ліку па Рафаху, недалёка ад мяжы з Эгіптам.

За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.

​
XS
SM
MD
LG