Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ня выстаім, то ня будзем дзяржавай». Пры якой умове нашчадкі могуць дараваць Лукашэнку


Юзаф Пілсудзкі, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Юзаф Пілсудзкі, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Трыццаць гадоў ён па-майстэрску ліквідоўваў канкурэнтаў і перасьледаваў апазыцыю, выпальваў на палітычным полі ўсё жывое, што паднімала галаву і пагражала ягонай аднаасобнай уладзе. Але за такія «ўменьні» народнымі героямі не становяцца.

Сьцісла:

  • Пагрозы незалежнасьці Беларусі ўзьніклі не ў апошнюю чаргу ў выніку палітыкі самога Лукашэнкі: сам стварыў многія праблемы, сам потым цаной вялікіх высілкаў спрабаваў іх вырашыць.
  • Нашчадкі многае даруюць супярэчлівым гістарычным асобам, калі тыя дасягаюць якіх-небудзь значных для нацыі вынікаў.
  • Каб застацца ў гісторыі свайго народу і ў народнай памяці са станоўчым знакам, мала быць першым прэзыдэнтам і дзесяцігодзьдзямі ўтрымліваць у сваіх руках уладу.
  • Як павядзе сябе Лукашэнка, калі Масква сур’ёзна замахнецца на незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны давядзецца абараняць са зброяй у руках?

Ці ёсьць у Лукашэнкі шанцы на тое, каб застацца ў нацыянальнай гісторыі са станоўчым знакам? Сёньня такі сцэнар будучыні для многіх выглядае немагчымым і неверагодным.

Пасьля ўсяго, што давялося перажыць сотням тысячам беларусаў у 2020-м і наступных гадах, нават дапушчэньне таго, што Лукашэнка ў будучыні можа быць уганараваны як абаронца беларускай незалежнасьці гучыць як абсурд і зьдзек зь лёсу тых, хто трапіў у жорны палітычных рэпрэсій. Але павароты гісторыі бываюць пакручастымі і непрадказальнымі.

«Нас спрабуюць нахіліць, раздушыць, выцерці ногі»

Многія лічаць, што Лукашэнка заклапочаны выключна захаваньнем уласнай пажыцьцёвай улады. З гэтым складана спрачацца. Але адметнасьць сытуацыі ў тым, што і дзяржаўная незалежнасьць Беларусі, і асабістая ўлада для Лукашэнкі — у адной цеснай повязі. Згубіш адно — тут жа можа быць страчана і другое. А калі разважаць пра будучае месца ў гісторыі, то тут і ўвогуле цяжка разьлічваць на ўдзячную памяць нашчадкаў таму палітыку, які прывёў да страты незалежнасьці ўласнай краіны.

Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу, 1994
Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу, 1994

Быў час, калі малады прэзыдэнт Лукашэнка дазваляў сабе выказвацца пра нацыянальны сувэрэнітэт паблажліва, а часам нават грэбліва. Але той пэрыяд застаўся ў адносна далёкай мінуўшчыне — у 90-х гадах мінулага стагодзьдзя. Падобныя выказваньні спакваля сьціхлі, як толькі ў беларускага лідэра зьніклі шанцы перахапіць уладу з рук аслабелага Ельцына. «Саюзная дзяржава», на падмурку якой Лукашэнка зьбіраўся стаць гаспадаром маскоўскага Крамля, так і засталася няпэўным аморфным утварэньнем, а сам Лукашэнка, пачынаючы з «нулявых» гадоў, стаў выказвацца пра нацыянальны суверэнітэт з куды большым піетэтам. Вось некалькі прыкладаў:

  • «Калі мы хочам жыць на сваёй зямлі, сваёй працай і розумам, па сваіх законах і традыцыях, калі мы хочам быць адзінымі гаспадарамі на зямлі Беларусі, жыць у міры, спакоі і дабрабыце, то ўсе і кожны павінны зразумець: клопат краіны, зьберажэньне яе незалежнасьці — гэта наша агульная справа» (2013).
  • «Галоўнае запомніце: я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў прэзыдэнтам. І я не хачу перакрэсьліць усё, што зрабіў разам з вамі, народам, стварыўшы сувэрэнную незалежную дзяржаву, каб зараз яе пакласьці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе. І кудысьці выкінуць ці перадаць. Гэтага пры мне ня будзе ніколі. Гэта наша краіна. Мы сувэрэнныя і незалежныя. Гэтым трэба ганарыцца» (2019).
  • «Калі мы гэтага пэрыяду не перажывём, ня выстаім, мы ня будзем дзяржавай. Нашы дні будуць палічаныя. Таму што я ўжо казаў: буйныя дзяржавы спрабуюць падзяліць сьвет паміж сабой. А як падзяліць? Нахіліць, раздушыць, выцерці ногі. А нам трэба выстаяць» (2021).

Украінскія ўрокі

Пра сапраўднае стаўленьне Лукашэнкі да пуцінскай агрэсіі супраць Украіны і да таго, зь якога боку існуе рэальная пагроза для беларускай незалежнасьці, варта меркаваць ня столькі па ягоных публічных выступах, колькі па рэальных справах і па тых нечаканых, схаваных ад публікі дэталях, якія час ад часу выпадкова становяцца вядомымі. Такімі, як нядаўні пераказ украінскім палітыкам Давідам Арахамія тэлефоннай размовы Лукашэнкі зь Зяленскім у першы дзень вайны, падчас якой Лукашэнка нібыта сказаў: «Я не магу зрабіць так, каб яны не карысталіся маёй інфраструктурай, празь Беларусь не заходзілі і не запускалі ракет. Але я гарантую, што ніводзін беларускі салдат не перасячэ мяжу Ўкраіны».

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны, начальнік Генштаба Сяргей Шаптала. Кіеў, красавік 2022
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны, начальнік Генштаба Сяргей Шаптала. Кіеў, красавік 2022

Тут варта згадаць, што ў тыя самыя дні ў сваіх публічных выступах Лукашэнка кляўся ў адданасьці Маскве, ухвальна выказваўся пра рашэньне Пуціна аб агрэсіі і паказваў на мапах, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». Дзе тут праўда, а дзе тактычныя хітрыкі, дыпляматычны туман і слоўная эквілібрыстыка? Ці сапраўды Лукашэнка паслухмяна выконвае волю Крамля? Альбо ўсімі магчымымі сродкамі засьцерагае Беларусь ад украінскага сцэнару, ад уварваньня Расеі, а ў канчатковым выніку — абараняе беларускую незалежнасьць? Зусім магчыма, што праўду пра гэта ўдасца даведацца зусім ня хутка і не цяперашнім пакаленьням. І можа здарыцца, з улікам усёй праўды ацэнка дзейнасьці Лукашэнкі з боку нашчадкаў будзе значна адрозьнівацца ад той, якую даюць сёньня сучасьнікі.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка (зьлева) на перамовах у Сочы, 15 верасьня 2023
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка (зьлева) на перамовах у Сочы, 15 верасьня 2023

Калі больш пільна прыгледзецца да гістарычных асобаў, якія цяпер лічацца ў сваіх краінах нацыянальнымі героямі, можна выявіць шмат дзіўных, часам парадаксальных фактаў і зьяў, якія не заўсёды ўпісваюцца ў стэрэатыпнае ўяўленьне пра тыповых гераічных асобаў. Гераічнае ў іхных біяграфіях часта перамешваецца з трагічным і маральна сумнеўным. Іхныя былыя адданыя паплечнікі нярэдка станавіліся ворагамі, выпрабаваньне ўладай і славай суправаджалася гвалтам і зьдзекамі ў адносінах да палітычных праціўнікаў.

Нашчадкі, відавочна, многае даруюць колішнім супярэчлівым гістарычным асобам, калі тыя дасягаюць якіх-небудзь значных для нацыі вынікаў. З вышыні дзесяцігодзьдзяў і стагодзьдзяў многія дэталі зьнікаюць з поля зроку, перастаюць успрымацца як важныя. Тое, што для сучасьнікаў было асабістымі драмамі і трагедыямі, для іхных нашчадкаў страчвае былую вастрыню, забываецца, сьціраецца з памяці. У грамадзкай памяці застаецца толькі галоўнае.

Адметны ў гэтым сэнсе прыклад Юзэфа Пілсудзкага — ключавой асобы ў аднаўленьні незалежнасьці Польшчы ў 1918 годзе, якая разам з тым застаецца вельмі супярэчлівай.

Юзэф Пілсудзкі
Юзэф Пілсудзкі

З аднаго боку, Пілсудзкі — стваральнік адноўленай польскай дзяржавы, яе першы маршал, галоўнакамандуючы арміі, якая ў 1920 годзе атрымала вырашальную перамогу ў вайне з бальшавікамі і такім чынам замацавала незалежнасьць Польшчы. З другога боку, была іншая частка біяграфіі Пілсудзкага — пасьля 1926 году, калі славуты маршал і нацыянальны герой вырашыў вярнуцца ў палітыку. А вярнуўся ён у яе шляхам узброенага перавароту: 12 траўня 1926 году пры падтрымцы верных сабе вайсковых частак і генэралаў ажыцьцявіў, па сутнасьці, мяцеж супраць законных уладаў. Тры дні ўзброеных сутыкненьняў, якія пазьней былі названыя ў Польшчы «травеньскім пераваротам», прывялі да шматлікіх ахвяраў (больш за 300 забітых і мноства параненых). Пілсудзкі са сваімі прыхільнікамі адхілілі ад улады законны ўрад і ўсталявалі ўласны аўтарытарны «санацыйны» рэжым. Адначасова ў краіне пачаліся рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў дзейнай улады.

Пра гэтыя эпізоды біяграфіі Пілсудзкага цяпер ведаюць хіба што аматары гісторыі, хоць для сучасьнікаў гэта былі галоўныя навіны дня, скандальныя здарэньні, якія, як многім тады здавалася, здольныя былі назаўсёды пахаваць рэпутацыю аўтарытарнага лідэра.

«Брэсцкая справа» і лягер для палітычных

Тое, як у «санацыйнай» Польшчы перасьледавалі палітычных апанэнтаў, выклікае скрушныя развагі пра тое, наколькі ж падобная прырода і сутнасьць аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў, нягледзячы на розныя гістарычныя эпохі.

У 1930 годзе, занепакоены актыўнасьцю левай апазыцыі, сярод якой было шмат дэпутатаў парлямэнту і папулярных дзяржаўных дзеячаў (пераважна левых поглядаў), Пілсудзкі разам зь міністрам унутраных спраў Складкоўскім склалі сьпіс палітычных ворагаў, якіх яны лічылі асабліва небясьпечнымі. Усіх іх плянавалася арыштаваць і зьняволіць на тэрыторыі Берасьцейскай крэпасьці.

З выступу Пілсудзкага на пасяджэньні Рады міністраў 10 верасьня 1930 году:

«На шчасьце, пракуратура пачала перасьлед гэтых былых дэпутатаў парлямэнту. Што да мяне, то я таксама падрыхтаваў частку гэтай працы, бо хачу, каб іх пакаралі. Я не магу трываць, каб такая група былых дэпутатаў заставалася непадсуднай і псавала маральнасьць Польшчы. Такая беспакаранасьць гэтага праклятага быдла губіць усю краіну. Буду іх страляць, як сабак, калі суды не судзяць... Я павінен так іх правучыць, каб ім жыцьцё абрыдла».

Юзэф Пілсудзкі (на пярэднім пляне) са сваімі паплечнікамі падчас дзяржаўнага перавароту ў Варшаве, 12 траўня 1926
Юзэф Пілсудзкі (на пярэднім пляне) са сваімі паплечнікамі падчас дзяржаўнага перавароту ў Варшаве, 12 траўня 1926

Саджалі без суду, толькі па загадзе міністра Складкоўскага. Зьняволеных «палітычных» білі, зьневажалі, марылі голадам. Прымяняліся таксама псыхалягічныя катаваньні, у тым ліку праводзіліся імітацыі расстрэлаў. Дагэтуль застаецца адкрытым пытаньне, ці загадваў асабіста Пілсудзкі абыходзіцца зь вязьнямі такім чынам, ці ведаў ён наагул пра тое, што адбывалася за сьценамі Брэсцкай крэпасьці, а таксама ў створаным для палітычных ворагаў лягеры ў Бярозе-Картускай.

Зьнікненьне генэрала Загурскага

Падчас Варшаўскай бітвы генэрал Уладзімеж Загурскі быў начальнікам штабу Паўночнага фронту. Як непасрэдны ўдзельнік і сьведка тых лёсавызначальных для Польшчы падзеяў, ён скептычна ставіўся да наступнай міталягізацыі ролі Пілсудзкага ў той вайне. Адпаведна, адносіны з апошнім ня склаліся. Падчас «травеньскага перавароту» генэрал Загурскі застаўся на баку законнага ўраду Вітаса, на бок Пілсудзкага не перайшоў. За гэта заплаціў высокую цану. 15 траўня 1926 году яго і яшчэ чатырох генэралаў арыштавалі і зьмясьцілі ў вайсковую турму ў Вільні, на Антокалі, дзе яны правялі больш як год без выстаўленьня абвінавачаньня. Умовы ў турме былі надзвычай цяжкімі: у камэрах не было ацяпленьня, турэмны рэжым у дачыненьні да праціўнікаў Пілсудзкага зрабілі дэманстратыўна суровым.

Калі ў кастрычніку 1926 г. Віленскі акруговы вайсковы суд вынес пастанову ў справе іншага зьняволенага военачальніка, генэрала Развадоўскага, аб яго неадкладным вызваленьні, вайсковы пракурор падоўжыў папярэдняе зьняволеньне зь меркаваньняў «інтарэсаў войска першараднай важнасьці». Тым ня менш 6 жніўня 1927 году яго вызвалілі. У суправаджэньні ад’ютанта Пілсудзкага генэрала павінны былі даставіць у Варшаву. Але ў Варшаве ён загадкавым чынам зьнік. Ні афіцыйнае сьледзтва, ні журналісцкае расьсьледаваньне не прынесьлі ніякіх пэўных вынікаў. На першым часе распаўсюджваліся чуткі, што яго нібыта бачылі — то ў Закапаным, то ў Варшаве, то недзе ў Афрыцы... Было вядома, што ў турме ён пісаў успаміны, у якіх непрыхільна выказваўся пра дзейнасьць маршала Пілсудзкага.

Юзэф Пілсудзкі, генэрал Станіслаў Шаптыцкі (ваенны міністар Польшчы) і генэрал Станіслаў Галер у Львове
Юзэф Пілсудзкі, генэрал Станіслаў Шаптыцкі (ваенны міністар Польшчы) і генэрал Станіслаў Галер у Львове

Паводле пазьнейшых успамінаў былога прэм’ера Вінцэнта Вітаса, Загурскі быў забіты фанатычна настроенымі прыхільнікамі Пілсудскага, а яго цела абвязалі камянямі і кінулі ў Віслу. Але злачынства так ніколі і не было раскрыта. У кнізе «Справа генэрала Загурскага. Амаль ідэальнае забойства», якая выйшла ў 2016 годзе, аўтар Анджэй Чэгларскі выступіў з вэрсіяй, што генэрал быў забіты са згоды Юзэфа Пілсудскага ў адным з фартоў Берасьцейскай крэпасьці.

Драматычны лёс напаткаў і ўжо згаданага вышэй генэрала Тадэвуша Развадоўскага, яшчэ аднаго даўняга ворага Юзэфа Пілсудзкага, знакавай постаці тагачаснай польскай палітыкі. Падчас Варшаўскай бітвы ён быў начальнікам генэральнага штаба. Многія гісторыкі менавіта яго лічаць галоўным архітэктарам польскай перамогі ў вайне з бальшавікамі. На гэтай глебе ў пасьляваенны час ягоныя супярэчнасьці зь Пілсудзкім толькі паглыбіліся. Падчас «травеньскага перавароту» генэрал Развадоўскі камандаваў узброенымі сіламі, вернымі прысязе і ляяльнымі законнаму ўраду. У выніку пасьля перамогі змоўшчыкаў трапіў разам зь іншымі афіцэрамі і генэраламі ў віленскую турму. Праз год пасьля вызваленьня памёр: некаторыя ўскосныя сьведчаньні давалі падставу меркаваць, што ў выніку атручэньня. Хоць даказана гэта ніколі не было.

Адметна, як ужо ў новай сучаснай Польшчы разьбіраліся з гэтай супярэчлівай спадчынай Пілсудзкага. Ягоныя бясспрэчныя заслугі перад краінай ушаноўваюць, але пры гэтым робяць выразны акцэнт менавіта на тым пэрыядзе гісторыі, калі ён сапраўды быў нацыянальным героем. Шматлікія помнікі, якія паўстаюць у розных гарадах, ставяць менавіта маршалу Пілсудзкаму, галоўнакамандуючаму, герою 1920 году, абаронцу незалежнасьці. Што да ягонай дзейнасьці пасьля 1926 году, то з гэтым значна больш складана. Пытаньне пра ўзброены пераварот і наступныя палітычныя рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму «санацыі» дагэтуль застаецца прадметам спрэчак і нават абмеркаваньняў у Сэйме. Але, што адметна, у сёньняшняй Варшаве можна ўбачыць помнікі ня толькі Пілсудзкаму, але і тым палітыкам (ягоным сучасьнікам), якіх ён у свой час перасьледаваў, абвяшчаў ворагамі і кідаў у турму, напрыклад зрынутаму Пілсудзкім прэм’еру Вінцэнтаму Вітасу альбо вядомаму дзеячу апазыцыі і барацьбіту за незалежнасьць Польшчы Войцеху Карфантаму.

Права на месца ў пантэоне

Каб застацца ў гісторыі свайго народу і ў народнай памяці са станоўчым знакам, мала быць першым прэзыдэнтам і дзесяцігодзьдзямі ўтрымліваць у сваіх руках уладу.

У гэтым сэнсе адметны прыклад прэзыдэнтаў міжваенных Літвы, Латвіі і Эстоніі — Антанаса Сьмятоны, Карліса Улманіса і Канстантына Пятса. Усе трое — аўтарытарныя лідэры, кожны ў сваёй краіне прэтэндаваў на правадырскую ролю, на працягу многіх гадоў жорсткімі мэтадамі ўтрымліваў уладу. Але ў пантэон нацыянальных герояў ніводзін зь іх не ўвайшоў. Вырашальным для кожнага зь іх стаў момант у 1940 годзе, калі трэба было вызначыцца: паднімаць народ на ўзброеную барацьбу за незалежнасьць сваёй краіны ці скарыцца перад савецкім агрэсарам, паслухмяна прыняць ультыматум Масквы і адмовіцца ад барацьбы, якая з высокай доляй імавернасьці скончылася б паразай. Якім быў выбар кожнага з трох прэзыдэнтаў?

  • Антанас Сьмятона пасьля выстаўленьня савецкага ўльтыматуму падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта (якую да таго займаў 15 гадоў) і ўцёк за мяжу, дзе неўзабаве трагічна загінуў у выніку пажару.
  • Карліс Улманіс вырашыў, што найлепшы варыянт — не супраціўляцца, заставацца на сваім месцы і супрацоўнічаць з акупантамі. У выніку быў арыштаваны НКВД, сасланы ў Туркмэністан, памёр у турэмным шпіталі ў Краснаводзку ў 1942 годзе.
  • Канстантын Пятс, як і Улманіс, не аддаў загад на супраціў савецкай акупацыі, застаўся ў краіне. Пятса і ягоную сям’ю савецкія ўлады арыштавалі і дэпартавалі ў Башкірыю. Памёр у псыхіятрычным шпіталі пад Калінінам у 1956 годзе.

Вядома, ім складана было прадбачыць усе наступствы тых сваіх драматычных рашэньняў 1940 году. Яны ўсьведамлялі, што шанцаў на посьпех у супрацьстаяньні з магутнай савецкай імпэрыяй было няшмат. І ўсё ж у іх перад вачыма ўжо быў гераічны прыклад Фінляндыі, якая ўвосень 1939-га сутыкнулася з такім жа ўльтыматумам і з такой жа агрэсіяй. І прыняла выклік, хоць сілы былі несувымернымі. Маршал Манэргейм ня выйграў той вайны, але абараніў незалежнасьць сваёй краіны. І ў выніку стаў нацыянальным героем, нягледзячы нават на тое, што падчас Другой сусьветнай вайны ўдзельнічаў у ёй на баку Гітлера.

Нацыянальнымі героямі становяцца тыя палітычныя лідэры, хто змагаецца за незалежнасьць сваёй краіны. Па-іншаму калі і здараецца, то надзвычай рэдка.

Бязь белых пальчатак

Утрыманьне ўлады аўтарытарным кіраўніком рэдка адбываецца ў белых пальчатках. Спосабы больш-менш падобныя і рэдка абыходзяцца бяз жорсткасьці, брутальнасьці, а найчасьцей суправаджаюцца і ахвярамі. Але потым, праз дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі, у гісторыі многае сьціраецца, а застаецца найбольш важнае. Галоўнае ж дасягненьне для палітыка — заваяваньне і абарона незалежнасьці дзяржавы. Дзеля яе нашчадкі даруюць шмат што.

Маршал Пілсудзкі да таго, як стаць жорсткім аўтакратам, быў героем-военачальнікам, які на полі бою адолеў ворагаў польскай незалежнасьці. Тут у Лукашэнкі зь Пілсудзкім мала агульнага. Пагрозы незалежнасьці Беларусі ўзьніклі не ў апошнюю чаргу ў выніку палітыкі самога Лукашэнкі: сам стварыў многія праблемы, сам потым цаной вялікіх высілкаў спрабаваў і спрабуе іх вырашыць... І ці ўдасца яму адолець іх у канчатковым выніку, пытаньне адкрытае.

Як ён павядзе сябе, калі Масква сур’ёзна замахнецца на незалежнасьць, калі сувэрэнітэт краіны давядзецца абараняць, магчыма, са зброяй у руках? Вось тады і настане для яго вырашальны момант. Можа, нават гістарычны...

Трыццаць гадоў ён па-майстэрску ліквідоўваў канкурэнтаў і перасьледаваў палітычную апазыцыю, выпальваў на палітычным полі ўсё жывое, што паднімала галаву і пагражала ягонай аднаасобнай уладзе. Але за такія «ўменьні» народнымі героямі не становяцца.

У той смузе, у якой хаваецца цьмяная і няпэўная будучыня Беларусі, сылюэт старэючага Лукашэнкі разгледзець складана. Але хто ведае?.. Магчыма, ягоная вырашальная барацьба за незалежнасьць яшчэ наперадзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG