Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы амэрыканскі дыплямат і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Генры Кісынджэр памёр ва ўзросьце 100 гадоў


Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру і дыплямат Генры Кісынджэр. Архіўнае фота
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру і дыплямат Генры Кісынджэр. Архіўнае фота

Генры Кісынджэр, якому сёлета ў траўні споўнілася 100 гадоў, да апошніх дзён заставаўся актыўным удзельнікам палітычных працэсаў.

Генры Кісынджэр, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру і дыплямат, чыя служба пры двух прэзыдэнтах пакінула вялікі сьлед у амэрыканскай замежнай палітыцы, памёр ва ўзросьце 100 гадоў.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце палітыка, ён памёр дома ў Канэктыкуце.

Генры Кісынджэр, якому сёлета ў траўні споўнілася 100 гадоў, да апошніх дзён заставаўся актыўным удзельнікам палітычных працэсаў, наведваў сустрэчы ў Белым доме, апублікаваў кнігу аб стылях лідэрства і даў паказаньні перад сэнацкім камітэтам аб ядзернай пагрозе з боку Паўночнай Карэі. У ліпені 2023 году ён ажыцьцявіў нечаканы візыт у Пэкін, каб сустрэцца з Сі Цзіньпінам.

У 1970-х гадах ён браў удзел у шматлікіх эпахальных падзеях дзесяцігодзьдзя ў статусе дзяржаўнага сакратара пры прэзыдэнту Рычарду Ніксану. Ягоныя намаганьні прывялі да ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў ЗША і КНР, да амэрыкана-савецкіх перамоў па кантролі над узбраеньнем, расшырэньня сувязяў між Ізраілем і яго арабскімі суседзямі, а таксама да падпісаньня Парыскіх мірных дамоваў з Паўночным Віетнамам.

Што ён казаў пра Беларусь

У 2004 годзе Генры Кісынджэр заявіў, што ЗША і заходнія краіны павінны вельмі дакладна акрэсьліць маральнае стаўленьне да беларускіх уладаў і ніякім чынам іх не падтрымліваць.

Як ён ставіўся да вайны Расеі ва Ўкраіне і як яно зьмянілася

Выступаючы на Давоскім эканамічным форуме ў 2022 годзе, былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісынджэр заклікаў Захад спыніць спробы «нанесьці сакрушальную паразу» расейскім войскам ва Ўкраіне.

Ён палічыў, што гэтыя спробы будуць мець катастрафічныя наступствы для доўгатэрміновай стабільнасьці ў Эўропе.

Паводле яго, Расея была істотнай часткай Эўропы на працягу 400 гадоў і была гарантам эўрапейскай структуры балянсу сілаў у крытычныя часы. Эўрапейскія лідэры не павінны выпускаць з-пад увагі доўгатэрміновыя адносіны і не павінны ісьці на рызыку падштурхоўваньня Расеі да сталага саюзу з Кітаем, дадаў былы дзяржсакратар ЗША.

Але ўжо ў 2023 годзе там жа, у Давосе, Генры Кісынджэр заявіў, што ідэя аб нэўтральным статусе Ўкраіны ўжо ня мае сэнсу.

Кісынджэр, які з 2014 году лічыў нэўтральны статус Украіны адзіным разумным выхадам з канфлікту з Расеяй, адмовіўся ад гэтага пункту гледжаньня. У Давосе ён прызнаў, што цяпер Кіеў заслужыў сяброўства ў Паўночнаатлянтычным альянсе.

«Да гэтай вайны я быў супраць сяброўства Украіны ў NATO, бо баяўся, што пачнецца менавіта той працэс, які мы назіраем цяпер. Цяпер, калі гэты працэс дасягнуў такога ўзроўню, ідэя нэўтральнай Украіны ў гэтых умовах ужо ня мае сэнсу. (Украіна) павінна атрымаць гарантыі ад NATO, у якой бы форме NATO іх ні даў. Цяпер уступленьне Ўкраіны ў NATO прымальнае», — сказаў Кісынджэр у сваім выступе, які трансьляваў The Guardian.

Ён таксама лічыў, што падчас магчымых будучых перамоваў з Расеяй Захад і Ўкраіна павінны дамагацца вяртаньня ўсіх захопленых пасьля 24 лютага тэрыторый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG