Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пірамідзе ўлады сілавікі цяпер вышэй за чыноўнікаў, — Анатоль Котаў


Анатоль Котаў
Анатоль Котаў

Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта і пасольства Беларусі ў Варшаве Анатоль Котаў аналізуе, як Лукашэнка ставіцца да чыноўнікаў, апісвае беларускую піраміду ўлады і разважае, як зьмянілася прарасейская арыентацыя беларускіх сілавікоў пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

Сьцісла

  • Лукашэнка ўвогуле ніколі і нікому ня лічыць сябе абавязаным.
  • Ва ўладзе дзейнічае прынцып мафіёзнай структуры — туды можна ўвайсьці, шмат разоў даказаўшы сваю ляяльнасьць, але гэта нічога насамрэч не гарантуе.
  • Піраміда выглядае зьнізу ўверх так: народ; цывільныя чыноўнікі; сілавікі; асобы, набліжаныя да Лукашэнкі; сям’я.
  • Самае галоўнае для Лукашэнкі — не дапусьціць зрошчваньня ўсіх сілавікоў у нейкі адзін клан.
  • У Беларусі нікому не дазволена быць больш прарасейскім за самога Лукашэнку.
  • Беларускія сілавікі арыентуюцца на Расею.



— Былога міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло зьнялі з пасады памочніка Лукашэнкі — інспэктара па Віцебскай вобласьці «ў сувязі з учыненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай цывільнай службе». Ёсьць інфармацыя пра ягоны арышт, якая пакуль афіцыйна не пацьверджаная. Апошнія месяцы, здаецца, усё часьцей зьяўляюцца зьвесткі пра тое, што той ці іншы чыноўнік альбо праўладны бізнэсовец апынаюцца за кратамі. Гэта ставіць пытаньне пра тое, як Лукашэнка цяпер ставіцца да намэнклятуры, якая ў цэлым падтрымала яго ў крызісны момант у 2020 годзе. Здавалася, што адразу пасьля 2020-га не было ніякіх гучных арыштаў, «карупцыйных справаў», але апошнім часам іх відавочна стала больш. Лукашэнка ўжо не адчувае сябе нечым абавязаным чыноўнікам?

— Па-першае, варта адзначыць, што Лукашэнка ўвогуле ніколі нікому ня лічыць сябе абавязаным. Па-другое, у намэнклятуры ёсьць людзі, якія зь ім яшчэ з 1990-х і ніколі яму, як ён лічыць, ня здрадзілі. Яны і застаюцца на найвышэйшых пасадах, маюць пэўныя прывілеі, адчуваюць сябе даволі вольна. Гэта Шэйман, Сукала, Васілевіч і іншыя.

У адносінах да ўсіх іншых дзейнічае прынцып мафіёзнай структуры — туды можна ўвайсьці, шмат разоў даказаўшы сваю ляяльнасьць, але гэта нічога табе насамрэч не гарантуе. Лукашэнка да чыноўнікаў ставіцца, як да нейкага матэрыялу, дзякуючы якому ён кіруе дзяржавай. У гэтым мэханізьме кожная шрубка сама па сабе ня мае ніякага значэньня, любую зь іх можна замяніць. І ўся машына будзе працаваць далей.

— Але падтрымліваць працаздольнасьць гэтага мэханізму можна і пугай, і пернікам. Які спосаб у асноўным выкарыстоўвае Лукашэнка пасьля 2020 году?

— Тут варта падзяліць усю чыноўна-службісцкую клясу на дзьве розныя катэгорыі. Першая — цывільная намэнклятура, другая — сілавікі (у шырокім сэнсе, то бок ня толькі міліцыя і КДБ, але і пракуроры, сьледчыя, судзьдзі).

Да «цывільных» чыноўнікаў ніякіх сур’ёзных бонусаў не прадугледжана. Там сыстэма «уваход — рубель, выхад — два». Ім, праўда, трошкі дазваляюцца розныя карупцыйныя рэчы, але ў меру. І цяпер арыштаў стала трошкі больш, чым у 2020-м, толькі таму, што ў 2020-м было не да гэтага. Зараз рукі ўжо дайшлі і можна зьвярнуць увагу на тых, хто перайшоў межы, вызначаныя не законам, а «паняцьцямі».

Што тычыцца сілавікоў, то тут ня толькі пуга, але і пернікі. Тут і падвышаны заробак, і прэміі, і кватэры. Бо ад іх найперш залежыць магчымасьць кантраляваць насельніцтва. То бок, піраміда такая, зьнізу ўверх: народ; цывільныя чыноўнікі; сілавікі; набліжаныя да Лукашэнкі; сям’я.

— У гэтай пірамідзе сілавікі яўна вышэй за «цывільную намэнклятуру», але ці адчуваюць яны сваю сілу і значнасьць? Бо Лукашэнка нават пасьля 2020 году замяніў амаль усіх кіраўнікоў сілавых структураў. Значыць, ён нешта робіць, каб яны раптам не адчулі сябе самастойнай і ўплывовай палітычнай сілай? Каб раптам не падумалі, што гэта яны ўжо, а ня ён, гаспадары краіны?

— Самае галоўнае для яго — не дапусьціць зрошчваньня ўсіх сілавікоў у нейкі адзін клан. Менавіта таму штучна генэруецца і падтрымліваецца ўзаемная нелюбоў паміж КДБ і МУС, пракуратурай і судзьдзямі. Міжведамасныя разборкі паміж імі — таксама адзін са спосабаў, каб яны ўсе не адчулі сябе важнейшымі за Лукашэнку.

Тое, што яны ўжо адчуваюць сябе важнейшымі за любога прадпрымальніка ці чыноўніка — гэта факт. Галоўнае, каб яны не аб’ядналіся, што можа паставіць пад пагрозу ўладу самога Лукашэнкі. Падзяляй і кіруй — самы дзейсны спосаб, які працуе.

— Нярэдка паступаюць сьведчаньні, што ў многіх беларускіх сілавікоў палітычны герой не Лукашэнка, а Пуцін. Раней беларускі кіраўнік ніколі не дапускаў публічных праяваў занадта пракрамлёўскай палітычнай арыентацыі. А цяпер, калі ён знаходзіцца ў значна большай залежнасьці ад Расеі, ён ужо ня можа гэтаму пярэчыць?

— Палітычную арыентацыю на Крэмль нават сілавікі збольшага ўсё ж баяцца публічна праяўляць. Бо ў Беларусі нікому не дазволена быць больш прарасейскім за самога Лукашэнку. А сам Лукашэнка «прарасейскі» настолькі, наколькі гэта дапамагае яму ў той ці іншы момант захоўваць уладу.

Беларускія сілавікі, безумоўна, маюць арыентацыю на Расею. Але яны глядзяць не на палітыку. Яны глядзяць на заробкі, пэнсіі, а таксама неафіцыйныя даходы.

З другога боку, вайна ва Ўкраіне гэтыя прарасейскія настроі трошкі аслабіла. Бо замест маёнтку і пасады можна апынуцца на фронце. Але збольшага савецкая вэрсія гісторыі, якая ім убівалася ў галаву, бліжэй да «русского мира», чым да незалежнай Беларусі. Так што яны глыбінна «русскомирские», але ўвесь час зьвяртаюць увагу на тую пазыцыю на сынусоідзе, якую ў дадзены момант займае Лукашэнка.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG