Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі дырэктара НДА асудзілі за незаконнае садзейнічаньне ў перасадцы органаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд у Токіё 28 лістапада асудзіў дырэктара Асацыяцыі пацыентаў зь цяжкавылечнымі захворваньнямі Хіроміці Кікуці на 8 месяцаў зьняволеньня за пасярэдніцтва ў трансплянтацыі органаў у Беларусі без ухваленьня ўраду Японіі, піша «Позірк» з спасылкай на выданьне japantimes.co.jp.

Асацыяцыю таксама аштрафавалі на 1 мільён енаў (6700 даляраў ЗША).

Гэта быў першы выпадак, калі японскі суд разглядаў справу аб трансплянтацыі органаў за мяжой. Судзьдзя Ёсіро Баба заявіў, што падобныя прэцэдэнты падрываюць фундамэнтальную справядлівасьць магчымасьці атрыманьня донарскіх органаў. Ён таксама адзначыў, што, хаця японскім грамадзянам не забаронена атрымліваць донарскія органы за мяжой, неабходна далейшае абмеркаваньне належнага ўкараненьня такіх працэдур.

«Грунтуючыся на меркаваньнях шэрагу экспэртаў, мы лічым, што падсудны меў шырокія магчымасьці прызнаць супрацьпраўнасьць сваіх дзеяньняў», — заявіў Баба падчас вынясеньня прысуду.

Хіроміці Кікуці падчас суду не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што спрабаваў дапамагчы пацыентам, і зазначыў, што плянуе падаць апэляцыю ў суд больш высокай інстанцыі.

  • Абвінавачаньні ў адрас Кікуці выставілі ў сакавіку. У абвінаваўчым заключэньні адзначалася, што ўзначаленая ім арганізацыя атрымала ад двух японцаў, якіх пасьля адправіла на апэрацыю ў Беларусь, 51,5 млн енаў (390 тысяч даляраў ЗША).
  • Аднаму з пацыентаў патрабавалася перасадка ныркі (яго праапэравалі ў ліпені 2022 году), другому — печані (праапэравалі ў лютым 2022 году). Апошні, паводле інфармацыі СМІ, памёр у лістападзе 2022 году.
  • 25 лютага 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка наведваў Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі, ягоны дырэктар Алег Румо заявіў, што «вялікая колькасьць пацыентаў з розных куткоў сьвету, ня толькі з постсавецкай прасторы, але нават з такіх высокатэхналягічных краінаў, як Ізраіль альбо Японія, прыяжджаюць да нас на лячэньне».
  • У 2012 годзе былому дырэктару ізраільскай службы замежнай выведкі «Масад» Мэіру Дагану (Губэрману), якому тады было 67 гадоў, у Беларусі перасадзілі пячонку. Праз чатыры гады Даган памёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG