Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады баяцца мэдыкаў і ці застанецца каму лячыць? Расказваюць аўтарка і гераіня фільму «ГупоЗ» пра рэаліі беларускай мэдыцыны


Тацяна Гацура-Яворская (справа) і Мая Церакулава. Каляж
Тацяна Гацура-Яворская (справа) і Мая Церакулава. Каляж

Адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «ГупоЗ», які расказвае пра рэаліі беларускай мэдыцыны, рэпрэсіі над лекарамі, разьвенчвае міты пра даступнасьць і якасьць мэдычных паслугаў у Беларусі і аналізуе сыстэмныя памылкі сыстэмы аховы здароўя.

Пра фільм і праблемы ў мэдыцыне размаўляем з былой палітзьняволенай, праваабаронцай, рэжысэркай фільму Тацянай Гацурай-Яворскай і адной з гераіняў фільму — доктаркай Маяй Церакулавай.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— Тацяна, патлумачце назву фільму «ГупоЗ». Якія тут асацыяцыі, паралелі з сілавой структурай ГУБАЗіК?

Тацяна Гацура-Яворская: ГупоЗ — рэальная структура, рэальная абрэвіятура. Гэта галоўнае ўпраўленьне па ахове здароўя. У фільме мы прыводзім дакумэнты, дзе абрэвіятура фігуруе. Вы слушна заўважылі асацыяцыю з «ГУБОП». Такая назва была выбраная для таго, каб падкрэсьліць, што сёньняшняя сыстэма аховы здароўя ў Беларусі — гэта не сыстэма аховы здароўя насамрэч, а адна з рэпрэсіўных сыстэм, якая кантралюе ня толькі прафэсіяналаў-лекараў, але і рэпрэсіўная ў дачыненьні да простых людзей, да пацыентаў. Такой назвай і хацелі выклікаць гэтую асацыяцыю.

— На пачатку фільму гаворыцца, што ён задумваўся як спроба высьветліць, як рэпрэсіі супраць мэдыкаў паўплывалі на якасьць мэдычнай дапамогі ў Беларусі, але ў выніку высьветлілася, што дэфіцыт мэдыкаў — ня самая вялікая праблема. Вы былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі праз тое, што вас нідзе ня бралі на працу пасьля таго, як звольнілі празь сяброўства ў незалежным прафсаюзе мэдыкаў. Што б вы назвалі самай вялікай праблемай існуючай сыстэмы аховы здароўя Беларусі?

Мая Церакулава: Дэфіцыт кадраў усё ж. Або сыстэму трэба кардынальна рэфармаваць, скарачаць колькасьць паслугаў, якія прапануюць грамадзянам; або, калі яны хочуць скараціць усё, што яны спрабуюць прапаноўваць бясплатна, трэба аднекуль прыцягваць тысячы дактароў, бо з той колькасьцю людзей, якія цяпер працуюць у сыстэме аховы здароўя, немагчыма выканаць усё, што патрабуецца ад лекараў.

— Вы працавалі ў правінцыі, у невялікіх мэдустановах, дзе не хапала лекараў, але вас звольнілі ўсё роўна. Ці хвалявала адміністрацыю, што яшчэ меней дактароў будзе?

Мая Церакулава: Адміністрацыя спрабавала неяк дамовіцца, каб мяне не звальнялі, але проста няма з кім дамаўляцца. Сьпісы прыходзяць, і ніхто ня ведае, якім чынам, зь якой прычыны ты апынуўся ў гэтым сьпісе. Па сутнасьці, цябе не сыстэма аховы здароўя звальняе. Цябе звальняюць, таму што так вырашыў КДБ ці той, хто складае гэтыя сьпісы. Пытацца ў чыноўнікаў сыстэмы аховы здароўя, чаму мяне і за што, бессэнсоўна. Яны ніяк ня могуць паўплываць на гэта.

— Героі фільму — дактары розных спэцыяльнасьцяў, некаторыя зь іх — беларускія прафэсіяналы сусьветнага ўзроўню, якім прыйшлося зьехаць зь Беларусі. Тацяна, раскажыце, чаму вы вырашылі зрабіць такое дакумэнтальнае расьсьледаваньне, наколькі гэта было складана, ці шмат дактароў адмовіліся ўдзельнічаць у фільме дзеля бясьпекі?

Тацяна Гацура-Яворская: Людзі ўнутры Беларусі ня могуць сказаць тое, што мы можам сказаць у гэтым фільме. У іх проста няма такой магчымасьці. Падаецца, што мы жывём у сваім вакуўме, у нейкай бурбалцы. І беларускія чыноўнікі, мне падаецца, таксама жывуць у гэтай бурбалцы. Ім падаецца, што такая сыстэма можа існаваць. Яны падвышаюць гады адпрацоўкі, звальняюць непажаданых лекараў. У фільме чуваць, як адна чыноўніца, галоўны лекар 3-й больніцы, тлумачыць, чаму яна так робіць. Мне падаецца, што ў іх ёсьць такая крывая рэальнасьць, у якой можна існаваць і працаваць. Вельмі хацелася гэтым фільмам паказаць ім, што гэта ўсё вядзе да яшчэ большага крызісу. Такімі мэтадамі ня можа працаваць сыстэма аховы здароўя.

Героі фільму моцна дапамагалі рабіць кіно, дапамагалі разабрацца ў сыстэмных праблемах. Усе лічбы, прыведзеныя ў фільме, я пераправярала, удакладняла інфармацыю. Праца доўжылася некалькі месяцаў. Я не прафэсійная рэжысэрка, гэта было як праца паміж іншымі працамі. Насамрэч ня так шмат людзей адмовілася. У нас ёсьць два героі, якія проста не захацелі паказваць твары. Быў яшчэ адзін лекар, якога я вельмі хацела ў фільме паказаць. Ён вельмі прафэсійны і вядомы лекар у Эўропе, але ён адмовіўся нават са схаваным тварам у фільме здымацца, бо ў яго родныя ў Беларусі знаходзяцца.

Мне б вельмі хацелася, каб фільм быў стымулам і для чыноўнікаў перагледзець іх падыходы да працы, і для грамадзкасьці, каб зьвярнуць увагу на гэтую тэму і зрабіць яшчэ нейкія прадукты, праекты, якія падштурхоўвалі б і мэдыкаў, і чыноўнікаў да сапраўдных рэформаў і зьменаў.

— Мая, як вы мяркуеце, чаму менавіта мэдыкі сталі значнай і масавай часткай мірнага пратэсту 2020 году? Бо такія групы, як настаўнікі, чыноўнікі, банкіры ня сталі такой заўважнай часткай мірнай рэвалюцыі, а мэдыкі сталі.

Мая Церакулава: Я пыталася ў знаёмых, у які момант яны вырашылі, што ім трэба браць актыўны ўдзел у гэтай рэвалюцыі. Розныя адказы былі. Мне падаецца, што мэдыкі паводле сваёй натуры народ неабыякавы, у многім ідэйны. Пытаньне справядлівасьці для нас не пустое, і іншыя мэтафізычныя рэчы важную ролю адыгрываюць у працы, паўсядзённым жыцьці і прыняцьці рашэньняў. Я ня з самага пачатку была актыўным удзельнікам усяго палітычнага працэсу ў Беларусі, будучы казашкай. У маім выпадку рашучым момантам сталі фатаздымкі зьбітых людзей. І гэта абсалютны ўнутраны пратэст. Ты кладзеш жыцьцё, каб захоўваць здароўе людзей, столькі гадоў гэтаму вучысься, для цябе гэта найвышэйшая каштоўнасьць, і тут проста губяць здароўе сотняў людзей, наагул не берагуць вялікую каштоўнасьць. Знаёмы рэабілітоляг казаў, што прывык бачыць людзей з траўмамі пасьля аварый, людзей у цяжкім стане, а траўма, нанесеная мэтанакіравана рукамі ўлады, выклікае дзікае адрынаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG