Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лейкоз, панічныя атакі, хворая сьпіна. Як пэнсіянэрка апынулася за кратамі за палітыку


 Ала Зуева, архіўнае фота
Ала Зуева, архіўнае фота

Пэнсіянэрка Ала Зуева з Бабруйску атрымала 2,5 года калёніі за камэнтары ў Telegram. У яе лейкоз і шэраг іншых захворваньняў. Палітзьняволеная лічыць, што вынесены ёй прысуд можна параўнаць са сьмяротным.

2,5 года калёніі і звыш 1200 даляраў выплатаў

Але Зуевай з Бабруйску 62 гады. Яна працавала настаўніцай у школе. Аднак захварэла і яшчэ да пэнсіі звольнілася. Шэсьць гадоў таму ёй паставілі дыягназ «лейкоз». Жанчына пачала пісаць кнігу ў стылі фэнтэзі. Праз кепскі стан здароўя Ала пераважна знаходзілася дома, амаль не выяжджала з гораду. Даглядала сабаку і катоў, якіх у сям’ю ўзялі з вуліцы і з прытулку.

«Маці вельмі любіць зьбіраць грыбы. Езьдзіць у лес па грыбы — яе традыцыя кожную восень. Гэты сэзон яна прапусьціла», — расказала Свабодзе дачка Алы Анастасія.

Сёлета ў чэрвені Алу затрымалі за камэнтары ў Telegram. Іх расцанілі як «абразы» прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі. Анастасія расказала, што спачатку на маці завялі крымінальную справу, але яе саму не затрымлівалі. Жанчына заставалася ў Беларусі. Празь нейкі час сілавікі прыйшлі па яе дадому. Са словаў дачкі, маці забралі спакойна, без гвалту. За кратамі яна ўжо амаль паўгода.

Ала Зуева, архіўнае фота
Ала Зуева, архіўнае фота

У выніку Алу асудзілі на 2,5 года калёніі агульнага рэжыму. Да таго ж яна мусіць заплаціць 1850 рублёў штрафу і кампэнсацыю маральнай шкоды двум пацярпелым чыноўнікам (2 тысячы рублёў). Разам гэта больш за 1200 даляраў. Анастасія адзначае, што пэнсіянэрцы складана заплаціць такую суму самастойна. У канцы лістапада разглядалі апэляцыйную скаргу жанчыны, вырак ужо набыў моц.

«Стрэс моцна пагаршае стан»

Але асабліва складана знаходзіцца за кратамі з прычыны сур’ёзнай хваробы.

«Ёй трэба пастаянна назірацца ў лекараў, рабіць аналізы, каб хвароба не прагрэсавала, прымаць патрэбныя лекі. Непакоіць, што за кратамі ня будуць так рэгулярна сачыць за здароўем, як патрэбна», — кажа Анастасія.

Сымптомы хваробы ў жанчыны праяўляюцца пэрыядамі. Бывае, яна адчувае сябе дастаткова добра, а бываюць дні, калі ў яе няма сілаў, яна хутка стамляецца, адчувае слабасьць, ня можа ўстаць.

«У мамы таксама моцна баліць сьпіна. Хочацца прылегчы, але нельга. Бываюць панічныя атакі. Яны здараліся яшчэ да турмы. Добра, што яна не адна ў камэры: як што, суседкі здолеюць паклікаць на дапамогу», — кажа дачка.

Лекары яшчэ да зьняволеньня Зуевай падкрэсьлівалі, што з такім дыягназам супрацьпаказаныя стрэсы, патрабуецца спакойная абстаноўка, добрае харчаваньне, прагулкі на сьвежым паветры. Усяго гэтага ў жанчыны цяпер няма. Ёй цяжка ад таго, што ў камэры кураць іншыя зьняволеныя.

«Стрэс моцна пагаршае стан. Цяпер у яе пастаянны стрэс і ейны стан пастаянна пагаршаецца», — зазначае дачка.

У ізалятары ў Магілёве, дзе Ала знаходзілася пэўны час, ёй дазволілі пасьцельны рэжым. У Бабруйску, дзе яна цяпер, спачатку пасьцельнага рэжыму не дазвалялі. Якая сытуацыя ў маці сёньня, дачка ня ведае. Хіміятэрапію раней не рабілі, але Анастасія мяркуе, што яна можа спатрэбіцца, калі здароўе маці будзе пагаршацца.

«Хіміятэрапію прызначаюць, калі ўсё зусім кепска, калі лекар бачыць, што ўжо час. Гэты момант нельга прапусьціць. Важна, каб лячэньне прызначылі своечасова», — Анастасія хвалюецца, што ў калёніі складана будзе адсачыць гэты момант.

Алу вазілі зь СІЗА ў бабруйскую паліклініку, рабілі ёй аналіз крыві. Але дачка ня ведае, колькі часу праходзіць паміж тым, як маці просіць пра абсьледаваньне, да таго моманту, як яе завозяць да лекараў.

«Лекар сказаў, што ўсё нармальна, яшчэ не патрэбна лячэньне. Але мама сумняваецца ў правільнасьці такіх ацэнак. У Бабруйску няма такіх тэхналёгій, няма доступу да сучасных абсьледаваньняў, нават калі пайсьці ў звычайны шпіталь. Мама хацела паехаць на абсьледаваньне ў Менск, але не пасьпела», — разважае суразмоўца.

«Ёй не далі ніякай палёгкі»

Ала Зуева падавала хадайніцтва яшчэ да суду, каб ёй замянялі зьняволеньне на іншы спосаб пакараньня. Падчас апэляцыі таксама прасіла вызваліць яе з-пад варты.

«Там ёсьць яшчэ далейшыя этапы, мы будзем далей пісаць. Усе гэтыя дакумэнты далучылі да справы, але, відаць, гэта не паўплывала на рашэньне. Ёй не далі ніякай палёгкі. Маці адрэагавала на вырак вельмі эмацыйна. Сказала, што нават год за кратамі можна параўнаць для яе са сьмяротным прысудам», — кажа Анастасія.

Сям’я дапускае, што маці можа напісаць прашэньне аб памілаваньні, каб выйсьці з калёніі.

Але Зуевай даходзяць лісты толькі ад дачкі, ад іншых сваякоў і сяброў — не.

«Ці нехта ёй яшчэ піша, маці ня ведае, бо яна больш лістоў не атрымлівае. Гэта, безумоўна, моцна цісьне на псыхіку. Беларусы адзін аднаго падтрымліваюць. Адчуваецца вялікая падтрымка неабыякавых людзей навокал, нават ня вельмі блізкіх. Можа быць, да мамы гэта не даходзіць, але я гэта адчуваю, я гэта ведаю. Я яе падтрымліваю, як магу, пішу, што ўсе за яе перажываюць», — кажа Анастасія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG