Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ў выніку масавай расейскай атакі дронамі пацярпелі 5 чалавек, абясточаныя 77 дамоў і 120 установаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны перахапілі іранскі дрон Shahed падчас расейскай атакі на Кіеў, 30 траўня 2023 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны перахапілі іранскі дрон Shahed падчас расейскай атакі на Кіеў, 30 траўня 2023 году

У ноч на 25 лістапада Расея масава атакавала Кіеў бесьпілётнікамі «Шахед». У выніку падзеньня абломкаў бесьпілётнікаў узьніклі пажары ў некалькіх раёнах сталіцы, вядома пра некалькіх ахвяраў.

Агулам расейскія вайскоўцы атакавалі Ўкраіну 75 дронамі-камікадзэ тыпу «Шахед», украінскія сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 71 бесьпілётнік, гаворыцца ў паведамленьні ВПС Узброеных сіл Украіны. Галоўны кірунак удару — Кіеў.

Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, падчас начнога нападу абломкі бесьпілётнікаў упалі ў некалькіх раёнах Кіева — Пячэрскім, Саламянскім, Падольскім, Дняпроўскім і Галасееўскім.

У выніку падзеньня абломкаў у Саламянскім раёне адбыўся пажар у памяшканьні і на тэрыторыі дзіцячага садка, у суседніх будынках пашкоджаныя вокны. Акрамя таго, адбылося разбурэньне на другім паверсе пяціпавярховага дома, дзе апынуліся пад заваламі дзьве жанчыны. Ратавальнікі дэблякавалі іх і эвакуявалі. Таксама ў Саламянскім раёне абломкі дрона ўпалі на адкрытую пляцоўку, дзе выклікалі пажар.

У Пячэрскім і Падольскім раёнах зафіксавалі падзеньне абломкаў на адкрытай тэрыторыі. У Дняпроўскім раёне невялікі асколак дрона ўпаў на лесьвічную клетку верхняга паверха шматпавярховага жылога дома. Пажару не было, пацярпелых няма.

У Галасееўскім раёне абломкі дрона ўпалі на чатырохпавярховы жылы дом. Папярэдне, ніхто не пацярпеў.

Агулам у выніку расейскай атакі на сталіцу пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку 11-гадовае дзіця.

Раніцай 25 лістапада ў Кіеве з прычыны масавага нападу дронаў «Шахед» была абясточаная паветраная лінія, гаворыцца ў паведамленьні Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі.

«У выніку без сьвятла засталіся 77 жылых дамоў і 120 установаў у цэнтральнай частцы горада. Прычыны высьвятляюцца. Рэстаўрацыйныя работы працягваюцца», — адзначылі ў ведамстве.

Акрамя таго, там заяўляюць, што ў Кіеўскай вобласьці ў выніку абстрэлу былі адключаныя паветраныя лініі 330 кВ.

Паветраная трывога дзейнічае ў Кіеве з 2.37 гадзіны ночы 25 лістапада. Расея атакуе сталіцу ўдарнымі бесьпілётнікамі.

У Кіеве і вобласьці трывогу зьнялі толькі ў 8.46. Небясьпека працягвалася больш за 6 гадзін.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG