Амбасадар Беларусі ў Расеі: «48% беларускай эканомікі — пад заходнімі санкцыямі»

Дзьмітры Круты
Дзьмітры Круты

48% беларускай эканомікі знаходзіцца пад прамымі заходнімі санкцыямі, заявіў 23 лістапада амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, выступаючы на Беларускім інвэстыцыйным форуме ў Маскве, піша ТАСС.

У сувязі з гэтым, паводле Крутога, для Беларусі «крытычна важна» не зьніжаць долю інвэстыцыяў у валавым унутраным прадукце, захоўваючы яе на ўзроўні 20–25%. Круты таксама адзначыў, што эканоміка Беларусі адкрытая: зьнешнегандлёвы абарот перавышае 100% ВУП.

Першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Юры Чабатар, выступаючы на форуме, запэўніў, што Беларусь «пераарыентавала экспарт за апошнія гады на дружалюбныя рынкі, цалкам кампэнсаваўшы заходнія рынкі».

Эўразьвяз, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Японія і шэраг іншых краін увялі шэраг санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму, а таксама шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Гэта адбылося пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткага падаўленьня пасьлявыбарчых пратэстаў, а таксама пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

​
XS
SM
MD
LG