Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўнёс на разгляд Вярхоўнай Рады зацьверджанае ім рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) ад 20 лістапада аб прымяненьні сэктаральных эканамічных санкцый да Расеі і Беларусі ў абаронна-прамысловай сфэры.
Рашэньне прадугледжвае забарону на правядзеньне апэрацый з таварамі і паслугамі, на міжнародную перадачу якіх распаўсюджваецца дзеяньне закону Ўкраіны «Аб дзяржаўным кантролі за міжнароднымі перадачамі тавараў вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня», з рэзыдэнтамі Расеі і Беларусі, у тым ліку якія праводзяцца з прыцягненьнем рэзыдэнтаў іншых дзяржаў. Дзейнічаць санкцыі будуць 50 гадоў.
У адпаведнасьці з рашэньнем спыняецца выкананьне эканамічных і фінансавых абавязаньняў на карысьць рэзыдэнтаў Расеі і Беларусі па апэрацыях з таварамі вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня. Забараняецца перадача рэзыдэнтам і рэзыдэнтамі Расеі і Беларусі тэхналёгій, правоў на аб’екты права інтэлектуальнай уласнасьці, а таксама ажыцьцяўленьне рэзыдэнтамі гэтых краін дзеяньняў, зьвязаных з абаронай правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці, акрамя дзеяньняў па працягу тэрміну дзеяньня правоў інтэлектуальнай уласнасьці і падаўжэньня тэрміну дзеяньня ахоўных дакумэнтаў.
Рашэньне ўводзіць забарону на рэгістрацыю і акрэдытацыю арганізацый калектыўнага кіраваньня, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца рэзыдэнты Расеі і Беларусі. Спыняецца дзеяньне сумесных і прамысловых праграм у сфэры бясьпекі і абароны, удзельнікамі якіх зьяўляюцца рэзыдэнты РФ і/або Беларусі, адносна тавараў вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня, а таксама ўводзіцца забарона на ажыцьцяўленьне інвэстыцый з удзелам рэзыдэнтаў РФ і/або Беларусі ў адносінах да юрыдычных асоб, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць па вытворчасьці, міжнароднай перадачы тавараў вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня, у тым ліку тых, што праводзяцца з прыцягненьнем рэзыдэнтаў іншых краін.
У выпадку зацьвярджэньня Вярхоўнай Радай рашэньне РНБА пачне дзейнічаць.
Рэжым Лукашэнкі падтрымаў расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны. За гэта Ўкраіна выйшла з шэрагу міжнародных пагадненьняў з Рэспублікай Беларусь і ўвяла супраць яе санкцыі. Пры гэтым украінскія афіцыйныя асобы неаднаразова гаварылі аб неабходнасьці пакідаць пэўную прастору на перамовы зь Беларусьсю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў