Тэлевядоўца, былы супрацоўнік АНТ Дзьмітры Семчанка адбывае пакараньне ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі. У зьняволеньні Семчанка ўжо каля паўгода. Крыніца, якая мае кантакты з былымі вязьнямі калёніі, падзялілася са Свабодай апошнімі зьвесткамі пра журналіста.
«Ён трымаецца нармальна, мае роўныя адносіны зь іншымі вязьнямі. Вучыцца на зваршчыка, у вольны час шмат займаецца спортам — яго часта бачаць на спартовай пляцоўцы», — расказала крыніца. Паводле яе зьвестак, Дзьмітры Семчанка ня скардзіцца на здароўе. Палітвязень знаходзіць час на чытаньне мастацкай літаратуры і ўдасканальвае сваю ангельскую мову.
«Да яго даходзяць лісты ад сваякоў, ёсьць і тэлефонныя званкі. На волю яму выходзіць у сярэдзіне 2025 году. Пратрымаецца!» — мяркуе крыніца пра Дзьмітрыя Семчанку.
У 2020 годзе Дзьмітры Семчанка ўзначальваў на АНТ гэтак званы прэзыдэнцкі пул — адмысловую групу журналістаў, якія асьвятлялі афіцыйныя падзеі, зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Паваротным пунктам у ягонай кар’еры сталі прэзыдэнцкія выбары 2020 году. Неўзабаве пасьля іх журналіст звольніўся з АНТ, а ў верасьні яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэставым маршы.
Да 2022 году Семчанка займаўся грамадзкімі сувязямі, працаваў у фірме «Белагра», а ў канцы году яго зноў затрымалі і пасьля двух тэрмінаў па 15 сутак выставілі абвінавачаньне паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — за «падбухторваньне да іншай сацыяльнай варажнечы». У сакавіку 2023 году Семчанку прызналі вінаватым і прысудзілі яму 3 гады зьняволеньня, ягоная апэляцыйная скарга выніку не дала.
Зь вязьніц, дзе сядзеў Дзьмітры Семчанка, ён дасылаў напісаныя ў няволі вершы. Некаторыя зь іх, як верш «Тры крокі», а таксама верш пра беларускую мову, ужо публікаваліся раней. Паводле крыніцаў Свабоды, творчасьць палітвязьня за кратамі працягваецца. Яны падзяліліся яшчэ адным ягоным творам.
Твой ліст як паветра —
Дыхаў бы, дыхаў.
Літары — не наглядзецца.
Водар з паўмэтра
Птушкаю дзікай
Б’ецца да сэрца.
Проста папера.
Звычайны канвэрт.
А для мяне як ікона.
Ты мая вера,
Мой запавет,
Зорка ў дарозе дадому.
Няма тэлефонаў,
Спатканьняў з табой
І, зразумела, вай-фаю.
Створаных словаў
Тваёй рукой
Сувязь праз краты прымаю.
Словы складаюцца
Ў вусны твае,
Нібы на першым спатканьні.
Зноў усьміхаюцца,
Быццам у сьне.
Так выглядае каханьне.
У адным зь лістоў на волю Дзьмітры Семчанка прызнаўся: «Прыемная ўвага, якая надае сэнс маім учынкам і сёньняшняму існаваньню тут. Міне нейкі час (спадзяюся, што хутка), і ў адным са знакавых месцаў абавязкова зробяць помнік у выглядзе анёла з паштоўкай у адной руцэ і бандэролькай у другой. Зразумела, каму ён будзе прысьвечаны».
- Беларускія праваабаронцы прызналі Дзьмітрыя Семчанку палітвязьнем.
- За кратамі ў Беларусі цяпер 33 журналісты. За студзень-верасень 2023 году 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачваньняў, а ўжо асуджаную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву летась «даасудзілі» за «здраду дзяржаве». На працягу 2022 году было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да журналістаў і мэдыяработнікаў, сярод іх найбольшы тэрмін быў прызначаны Андрэю Аляксандраву, які праходзіў па справе БелаПАН, — 14 гадоў калёніі.
- З пачатку 2023 году прайшлі 26 ператрусаў у дамах журналістаў і ў рэдакцыях мэдыяў, было 35 затрыманьняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў, таксама сілавікі выклікалі журналістаў для апытаньня, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы тых, хто зьехаў зь Беларусі. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 40 затрыманьняў журналістаў і 55 ператрусаў (зь іх 5 — у рэдакцыях СМІ), 20 разоў журналістаў арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:
- «Белсат»
- «Беларускі партызан»
- «Наша Ніва»
- Радыё Свабода
- Ex-press.by
- By.tribuna.com
- Tut.by
- «Брестская газета»
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў