Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самы сур’ёзны супернік Лукашэнкі». Віктару Бабарыку споўнілася 60 гадоў


Турма, калёнія, ШЫЗА, ПКТ, адзіночная камэра. У такіх умовах палітвязень Віктар Бабарыка, які кінуў у 2020 годзе выклік Лукашэнку, сустракае сваё 60-годзьдзе. Расказваем, што вядома пра былога банкіра і прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.

У 2020 годзе Віктар Бабарыка заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Вынікам такога выкліку сталі зьняволеньне самога Бабарыкі, ягонага сына, чальцоў каманды, сяброў. З красавіка 2023 года нічога не вядома ані пра самога экс-банкіра, ані пра ягоны стан здароўя.

У гутарцы са Свабодай нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч сказала пра Віктара Бабарыку, што ён быў самым сур’ёзным супернікам Лукашэнкі.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Я размаўляла зь людзьмі, калі подпісы зьбіралі за кандыдатаў. Усе хацелі нейкага іншага чалавека, нават не з апазыцыі, а нейкага іншага чалавека, які меў доказы, што ён можа рабіць справу. Віктар Бабарыка акурат і быў такім чалавекам. Нягледзячы на тое, што вонкава ён нібы... поўны чалавек, здавалася, што ў яго няма сілы для такой вялікай барацьбы, не, ён аказаўся здольным на гэта», — ахарактарызавала палітвязьня Сьвятлана Алексіевіч.

Яна мела асабістыя сустрэчы з былым банкірам. Пісьменьніца кажа, што ёй спадабаліся словы Віктара Бабарыкі пра тое, што яго такім, які ёсьць, зрабіла жонка.

«Мужчына, які здольны такое сказаць, гэта дзівосны мужчына. Зь ім было цікава гаварыць, у яго былі цікавыя погляды, ён шмат чытаў, шмат думаў», — успамінае пісьменьніца.

Яна выказала думку, што «яны яго ніколі не зламаюць, гэта ня той чалавек, якога можна зламаць».

«Нават коштам жыцьця, мне здаецца, ён не саступіць, хаця мы бачым, як яго прыніжаюць. Яго з гіпэртаніяй прымушалі ля печы хлеб пячы, а там высокая тэмпэратура. Яшчэ нейкі розныя працы былі, якія яму не па сілах. Можна сказаць, што гэта забойства, для забойства ёсьць многа спосабаў. Але мы з вамі ніколі ня чулі, каб ён завагаўся — ні ён, ні ягоны сын (яны былі сябры, і яны заўсёды былі разам, і там яны разам). Я ўпэўнена, што сяброўства іх непахіснае. Гэтыя людзі не здаюцца, яна застаюцца сымбалем барацьбы», — дадала Сьвятлана Алексіевіч.

Віктар Бабарыка на прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020
Віктар Бабарыка на прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020

Рыхтуюць для пераводу на «крытую» турму?

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў перасякаўся зь Віктарам Бабарыкам у наваполацкай калёніі. Там ён быў да зімы 2023 году.

Валянцін Лабачоў
Валянцін Лабачоў

«Тады яшчэ Віктар Бабарыка выглядаў бадзёра. Нікому нельга было кантактаваць зь ім. Цяпер, наколькі я ведаю ад сваіх крыніц, якія вызваліліся адтуль, ён у адзіночнай камэры ПКТ (памяшканьня камэрнага тыпу). Мае крыніцы кажуць, што яго рыхтуюць для пераводу на „крытую“ турму», — падзяліўся былы палітзьняволены. Ён дадаў, што «З ПКТ у атрад ніхто не вяртаецца — такая статыстыка. Толькі на „крытую“, дзе могуць сядзець да трох гадоў і потым вярнуцца назад у калёнію», — кажа Валянцін Лабачоў.

Ён лічыць, што Бабарыку знарок трымаюць у адзіночнай камэры, каб пра яго ніхто нічога ня ведаў.

Адзіночная камэра і поўная ізаляцыя ад усяго сьвету

Былы палітвязень, блогер Аляксандр Кабанаў мае інфармацыю, што Віктара Бабарыку не перавядуць на «крытую» турму, а па максымуме будуць трымаць у ПКТ, у адзіночнай камэры.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

«Думаю, будзе так — паўгода ў ПКТ, потым чалавек выйдзе, але праз 2-3 тыдні можа зноў апынуцца ў ПКТ за „парушэньні“, якія яму напішуць. Ад пачатку адміністрацыя калёніі ізалявала яго ад іншых вязьняў. Бо ім не падабаюцца людзі, якія маюць хоць нейкі ўплыў, і ня толькі палітычныя, але і крымінальнікі», — кажа былы вязень.

Кабанаў зазначае, што рашэньні аб Бабарыку прымаюць не ў калёніі, адміністрацыя атрымлівае іх «зьверху».

«Гэта можа быць КДБ ці адміністрацыя Лукашэнкі. Туды, „наверх“ адміністрацыя дакладае пра Бабарыку, і там аб ім прымаюць рашэньні. Я не Бабарыка, але мне опэр неяк прагаварыўся, што па мне тэлефануюць „зьверху“ і яны дакладаюць пра мяне», — патлумачыў Аляксандар Кабанаў.

Ён кажа, што ў калёніі, калі Бабарыка яшчэ ня быў на ПКТ, вакол яго круцілася шмат стукачоў. Людзей жа, якія ці размаўлялі з супернікам Лукашэнкі, ці проста віталіся, адпраўлялі ў ШЫЗА.

«Быў такі выпадак, што за кантакт зь ім чалавек трапіў у ШЫЗА. Дык Бабарыка запісаўся на прыём да начальніка калёніі, каб прасіць за таго чалавека. Ня ведаю, чым кончылася тая гутарка, але факт такі быў», — зазначыў блогер.

Чаму Бабарыка ў поўнай ізаляцыі? «Таму што крымінальнікі могуць на тэлефанаваньнях, якіх опэры не кантралююць, перадаць вонкі нейкую інфармацыю пра яго ці ад яго. Палітычных праслухоўваюць, таму палітычны нічога ня скажа, крымінальнікаў — не», — дадаў Кабанаў.

Хроніка перасьледу Віктара Бабарыкі

12 траўня 2020 году старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка абвесьціў, што вылучае сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары. У лічаныя дні вакол яго сабралася вялікая каманда аднадумцаў. Бабарыка пакінуў сваю пасаду, каманда сабрала рэкордную колькасьць подпісаў — больш за 435 тысяч.

11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Віктар Бабарыка ў судзе, 2021
Віктар Бабарыка ў судзе, 2021

18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку разам зь ягоным сынам Эдуардам, кіраўніком выбарчага штабу, затрымалі, калі яны везьлі подпісы ў Цэнтарвыбаркам. Іх утрымлівалі спачатку ў «Амэрыканцы» (сьледчым ізалятары КДБ), потым у СІЗА на вуліцы Валадарскага.

6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд агучыў вырак палітвязьню, экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку. Судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі прызначыў для Віктара Бабарыкі пакараньне — 14 гадоў зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

ШЫЗА, ПКТ і невядомасьць

Пасьля прысуду Бабарыку вельмі хутка этапавалі ў Наваполацкую калёнію. Адразу ж паставілі працаваць апальшчыкам у пякарні, 6 дзён на тыдзень. За першы месяц працы вязень зарабіў 6 рублёў 41 капейку, пасьля ўсіх утрыманьняў яму выплацілі 1 рубель 60 капеек. У верасьні ён нават прайшоў атэстацыю па спэцыяльнасьці. Але на наступны ж дзень яго перавялі на новую пасаду — укладчыка хлебабулачных вырабаў. Тэмпэратура нават з выключанымі печамі перавышала 30 градусаў, памяшканьне не вэнтылюецца, вокны адчыняць нельга. Бабарыку забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні падчас перапынкаў.

21 сакавіка 2022 году Віктара Бабарыку паставілі ў калёніі на прафіляктычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». З таго часу ён павінен насіць на вопратцы жоўтую бірку.

27 сакавіка 2022 году быў апублікаваны фрагмэнт аднаго зь лістоў палітыка: «У мяне ўсё без асаблівых зьмен. Адбываецца ўзмацненьне жорсткасьці рэжыму і пошук дробязяў для разнастайных пакараньняў і дадатковых абмежаваньняў, але яны ўсе перажываюцца. Часу пакідаюць усё менш і менш, але зламаць чалавека, калі ён гатовы супраціўляцца, ня так проста».

Палітвязьня пастаянна каралі за прыдуманыя правіны.

Пятага траўня 2022 году сваякі даведаліся, што палітвязьня зьмясьцілі ў ШЫЗА на 20 дзён.

Другога ліпеня палітвязень выйшаў з ШЫЗА, у якім правёў яшчэ 10 дзён.

Першага сьнежня 2022 году стала вядома, што Віктара Бабарыку перавялі на новую, яшчэ больш цяжкую і шкодную працу — выпальваць драўняны вугаль. 6 дзён на тыдзень па 9 гадзін ён павінен знаходзіцца на вуліцы бяз доступу да бытавога памяшканьня.

Больш за год пазбаўлены ўсіх лістоў і пасылак

25 красавіка 2023 году стала вядома, што ўначы Бабарыка паступіў у шпіталь у Наваполацку з дыягназам «пнэўматоракс», на ім таксама былі сьляды пабіцьця. Па заключэньні мэдыкаў, пацыенту неабходна сур’ёзнае лячэньне. Аднак ужо 27 красавіка экс-банкіра нібыта вярнулі ў калёнію. Родныя неаднаразова зьвярталіся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але іх альбо не прымалі, альбо паведамлялі, што вязень працягвае адбываць пакараньне.

У адрозьненьне ад Марыі Калесьнікавай, да якой пасьля апэрацыі дапусьцілі бацьку, Віктара Бабарыку з красавіка 2023 году ніхто ня бачыў. Паводле сьведчаньняў былых вязьняў Наваполацкай калёніі, якія выйшлі на волю, ён утрымліваецца ў адзіночцы ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу) у рэжыме «інкамунікадо» — бяз сувязі з вонкавым сьветам.

Шэсьць адвакатаў Віктара Бабарыкі пазбавілі ліцэнзій, Максіма Знака асудзілі на 10 гадоў.

Што з адвакатамі Віктара Бабарыкі

Дзявятага верасьня 2020 году затрымалі адвакатаў Бабарыкі Максіма Знака і Ільлю Салея. (Максіма Знака ў верасьні 2021 году асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за «змову з мэтай захопу ўлады» і «экстрэмізм». Ільлю Салея зьмясьцілі пад хатні арышт, пазьней ён выехаў зь Беларусі).

У кастрычніку 2020 году пазбавілі ліцэнзіі адваката Бабарыкі Аляксандра Пыльчанку. 9 ліпеня 2021 году, праз два дні пасьля абвяшчэньня прысуду, пазбавілі адвакацкага статусу і адваката Дзьмітрыя Лаеўскага. 13 кастрычніка 2021 году адхілілі ад працы адвакатку Натальлю Мацкевіч. 20 кастрычніка 2021 году Віктар Бабарыка застаўся зусім без адвакатаў — апошняга, Яўгена Пыльчанку, адхілілі ад працы і таксама пазбавілі ліцэнзіі.

Пазьней спрабаваў абараняць Бабарыку адвакат Іван Чыжык, але яго ні разу не пусьцілі ў калёнію, а ў сакавіку 2023 года, калі быў чарговы «хапун», затрымалі. Як і ўсе астатнія «знакавыя» палітвязьні, Віктар Бабарыка застаўся без абаронцы.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG