Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія абароны Ізраілю ўвайшла ў горад Газа ў рамках апэрацыі супраць ХАМАС


Сэктар Газы
Сэктар Газы

Армія абароны Ізраілю пасьля акружэньня горада Газа ўвайшла ў яго для правядзеньня ваеннай апэрацыі супраць палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік ізраільскай арміі (ЦАХАЛ) Даніэль Хагары.

Па словах Хагары, у горадзе працуюць сапёры. Яны займаюцца разьмінаваньнем і зьнішчэньнем боепрыпасаў, якія не разарваліся, каб дазволіць войскам больш свабодна перасоўвацца па горадзе.

Штаб арміі паведамляе, што ізраільскія салдаты ўжо знаходзяцца ў цэнтры горада Газа і вядуць баі з баевікамі ХАМАС.

Аб акружэньні гораду Газа, у якім на пачатак баявых дзеяньняў пражывалі 640 тысяч чалавек — прыкладна 35% ад усяго насельніцтва сэктара, Ізраіль паведаміў учора. Ізраільскі бок сьцьвярджае, што горад стаў цэнтрам дзейнасьці ХАМАС. Групоўка пабудавала там складаную сетку інфраструктуры, у тым ліку тунэлі пад зямлёй.

Сёньня з сэктара Газы павінная працягнуцца эвакуацыя замежнікаў, палестынцаў з другім грамадзянствам і параненых. У сьпісе асобаў, якім дазволена пакінуць Газу 3 лістапада праз адзіны працуючы кантрольна-прапускны пункт Рафах на мяжы з Эгіптам, больш за 600 чалавек. Гэта грамадзяне Мэксыкі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Італіі, Інданэзіі і Францыі.

Учора Газу пакінулі 402 чалавекі. Першая група замежнікаў — каля 350 жыхароў — выйшла з Газы 1 лістапада. Тады ж у Эгіпет вывезьлі больш за 80 параненых палестынцаў. Іх разьмяшчаюць у палявым шпіталі паблізу Рафаха.

Ізраіль праводзіць у сэктары Газы ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы» у адказ на напад груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад» на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка. Тады ў выніку атакі джыхадзістаў загінулі 1400 чалавек, каля 250 былі захоплены ў заложнікі і вывезены ў Газу.

Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства здароўя Газы сьцьвярджае, што ў выніку абстрэлаў з боку ЦАХАЛ загінулі больш за дзевяць тысяч чалавек, з якіх дзьве траціны — жанчыны і дзеці. Незалежных ацэнак гэтых дадзеных няма.

У Ізраіль сёньня прыбыў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Кіраўнік Дзярждэпартамэнта, па ўсёй верагоднасьці, закліча ізраільскія ўлады пагадзіцца на кароткачасовыя перапынкі ў ваенных апэрацыях для вызваленьня закладнікаў і разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі ў сэктары Газа.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG