Пра гэта паведамляе DW.
Адказваючы на пытаньне аб патэнцыйным спыненьні агню, Хагары сказаў, што перамір’е ў дадзены момант не абмяркоўваецца.
«Паняцьце „спыненьне агню“ зараз не абмяркоўваецца. Армія абароны Ізраіля вядзе вайну, каб зьнішчыць ХАМАС», — адзначыў прадстаўнік ЦАХАЛ.
Раней начальнік Генштабу ЦАХАЛ генэрал-лейтэнант Герцы Халеві абвясьціў, што ізраільскія вайскоўцы ўжо дзейнічаюць у горадзе Газа і атачаюць яго з розных напрамкаў.
У горадзе Газа разьмешчаны штаб ХАМАС. Інфраструктура групоўкі разьмешчаная ў разгалінаванай сыстэме падземных тунэляў. Паводле відавочцаў, баевікі ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» увесь час выходзяць з тунэляў, каб абстраляць ізраільскія войскі, а потым зноў хаваюцца пад зямлёй. На думку экспэртаў, партызанская тактыка — адзінае, што ХАМАС можа супрацьпаставіць значна больш моцнай ізраільскай арміі.
Раней міністар абароны Ізраілю Іааў Галант заявіў, што ў вайскоўцаў ёсьць «унікальныя рашэньні», якія дазваляюць дабрацца да ўсіх тунэляў ХАМАС пад сэктарам Газ і дэмантаваць іх пад зямлёй.
«У тэрарыстаў будзе два варыянты: альбо памерці ў тунэлі, альбо выйсьці вонкі. Трэцяга варыянта не існуе, гэта адзіныя варыянты, і менавіта так мы дзейнічаем», — сказаў Галант.
Наземная апэрацыя ЦАХАЛ усё больш канцэнтруецца ў паўночнай частцы сэктару Газа, дзе пражывае 2.3 мільёны палестынцаў. Ізраіль заклікаў цывільнае насельніцтва пакінуць гэты раён. Прадстаўнік ЦАХАЛ 2 лістапада паведаміў, што ізраільскія войскі нанесьлі ўдары ўжо па больш чым 12 тысячам цэляў у сэктары Газа, уключаючы склады боепрыпасаў, дамы лідэраў ХАМАС і ракетныя арсэналы.
Ізраільскае войска падкрэсьлівае, што абстрэльвае выключна мэты ХАМАС. У той жа час вялікая колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ў густанаселеных раёнах і катастрафічнае становішча цывільных жыхароў у сэктары Газа выклікаюць усё больш рэзкую крытыку ў сусьветнай супольнасьці.
Асабліва моцны рэзананс выклікаў абстрэл ізраільцянамі лягеру для ўцекачоў Джэбалія, у выніку якога, паводле паведамленьняў, загінулі сотні людзей. Напярэдадні Ўпраўленьне вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека заявіла, што абстрэл Джэбаліі можна прыраўняць да ваеннага злачынства.
Тым часам палестынскія экстрэмісты 2 лістапада ізноў выпусьцілі ракеты па паўднёвым Ізраілі. У прыморскім горадзе Беэр-Шэва, а таксама ў адным з кібуцаў была абвешчаная паветраная трывога. Трывогу неаднаразова абʼяўлялі і ў паўночнай частцы Ізраілю. Пра ахвяры не паведамляецца.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
- Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.
Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.