Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belavia зробіць эвакуацыйны рэйс з Ізраілю для грамадзян Беларусі. Квіток будзе каштаваць больш за 500 даляраў


Самалёт Belavia. Ілюстрацыйнае фота
Самалёт Belavia. Ілюстрацыйнае фота

Для беларусаў, якія жадаюць пакінуць тэрыторыю Ізраілю ў сувязі зь цяперашнім надзвычайным становішчам у гэтай краіне, плянуецца адзін прамы рэйс Belavia да Менску, на 6 лістапада.

Гуманітарны рэйс, які заплянаваны на наступны тыдзень (6 лістапада, рэзэрвовая дата — 9 лістапада) будзе выконвацца на камэрцыйнай аснове і прызначаны толькі для грамадзян Рэспублікі Беларусь (рэгістрацыя ажыцьцяўляецца толькі па сапраўдных беларускіх праязных дакумэнтах).

Цяпер прадстаўніцтва «Белавія» ў Тэль-Авіве актуалізуе зьвесткі аб беларускіх грамадзянах у Ізраілі, якія хочуць зарэгістравацца на рэйс.

Выкананьне рэйсу, яго дакладная дата і час пацьвердзяць дадаткова з дапамогай індывідуальнага кантакту.

Квіток на гуманітарны рэйс зь Ізраілю ў Беларусь каштуе 550 даляраў. Пра гэта Reform.by расказалі ў прадстаўніцтве Belavia ў Тэль-Авіве.

Для падачы заяўкі, а таксама ўдакладненьня інфармацыі аб спосабах набыцьця авіябілетаў просяць тэрмінова зьвяртацца ў прадстаўніцтва «Белавія» ў Тэль-Авіве: +972 3 529 29 94/95, israel@belavia.by, вул. Фрышман 8.

Рэйс адбудзецца толькі празь месяц пасьля пачатку вайны. Раней беларускія чыноўнікі называлі розныя прычыны, паводле якіх эвакуацыя ня можа адбыцца.

Як тлумачыў амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб'ёў, прычынай таму была адсутнасьць гуманітарнага калідору для эвакуацыі ў бок Эгіпту. Менавіта праз гэта, паводле яго слоў, не ўдавалася вывезьці беларускіх грамадзян з сэктару Газу.

Амбасада, як тлумачыў Варабʼёва вядзе ўлік усіх грамадзян на выпадак зьяўленьня больш зручнага і хуткага варыянту вярнуцца ў Беларусь. Але Варабʼёў заявіў, што праблему складаюць заходнія санкцыі супраць «Белавія»: маўляў, санкцыі не даюць рэалізаваць просты рэйс з Ізраілю ў Беларусь. Хаця, паводле амбасадара, дазвол ад ізраільскага боку ёсьць, паведамляла БелТА.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG