Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскую ПВК «Рэдут» для вайны ва Ўкраіне пачалі наймаць жанчын — снайпэрак і апэратарак дронаў


Прарасейскі снайпэр пад Славянскам у Данецкай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Прарасейскі снайпэр пад Славянскам у Данецкай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Журналісты расейскага выданьня «Важные истории» знайшлі ў сацыяльных сетках адпаведныя абвесткі і зьвязаліся зь вэрбавальнікамі.

У расейскую прыватную вайсковую кампанію «Рэдут», якую кантралюе Міністэрства абароны Расеі, пачалі наймаць жанчын на спэцыяльнасьці снайпэраў і апэратараў бесьпілётных апаратаў.

Журналісты расейскага выданьня «Важные истории» знайшлі ў сацыяльных сетках адпаведныя абвесткі і зьвязаліся зь вэрбавальнікамі.

У прыватнасьці, удалося высьветліць, што жанчынам прапануюць падпісаць кантракт на паўгода з заробкам ад 220 тысяч рублёў за месяц (амаль 2,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС). У выпадку атрыманьня раненьня ім абяцаюць да трох мільёнаў рублёў (амаль 32 тысячы даляраў), а ў выпадку гібелі выплаціць пяць мільёнаў рублёў (амаль 54 тысячы даляраў) сваякам. Гэтыя ўмовы не адрозьніваюцца ад умоў, на якіх кантракты падпісваюць з мужчынамі.

Вэрбавальніца паведаміла журналістам, што, напрыклад, у складзе аднаго з батальёнаў, які называецца «Борз», плянуюць стварыць два жаночыя атрады — снайпэрак і апэратарак бесьпілётных апаратаў.

«Мая задача як камандзіра атраду даказаць, што жанчыны створаны ня толькі для супоў і дзяцей», — працытавала выданьне прадстаўніцу атраду, якая назвалася пазыўным Веста.

Выданьне паведаміла, што дзьве ўдзельніцы праграмы — Юлія Шарамет з Данецку і Натальля Ніканорава з Уралу — публічна пацьвердзілі, што праходзяць навучаньне з складзе батальёну «Борз», які ўваходзіць у склад ПВК «Рэдут».

ПВК «Рэдут» складаецца з больш як 20 узброеных фармаваньняў, куды ўваходзяць дзясяткі тысяч вайскоўцаў, у тым ліку і грамадзяне Беларусі.

Раней гэтае фармаваньне падазравалі ў сувязі зь Беларусьсю. У лютым 2023 году ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі і трэціх краін, якія падтрымалі расейскую агрэсію. Агулам пад абмежаваньні трапілі 200 фізычных і юрыдычных асобаў.

У санкцыйны сьпіс тады ўключылі ўраджэнца Беларусі, кіраўніка расейскага міністэрства разьвіцьця Далёкага Ўсходу і Арктыкі Аляксея Чакункова. Ён нарадзіўся ў Менску, ягоны бацька Алег Чакункоў быў беларускім дыпляматам, у 1998–2001 гадах займаў пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Віетнаме.

Таксама ў сьпісе апынулася прыватная вайсковая кампанія «Рэдут». Нягледзячы на тое, што яна зарэгістраваная ў Маскве, у Міністэрстве фінансаў ЗША палічылі, што яна мае сувязі зь Беларусьсю (побач з назвай кампаніі ў санкцыйным сьпісе ўказаная ў тым ліку Беларусь).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG