Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка ЗША: Расея ў 2020-2022 гадах умешвалася ў выбары сама меней у 9 краінах

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дэманстрант у Нью-Ёрку трымае плякат з выявай Уладзімера Пуціна, на кепцы якога напісаны лёзунг Дональда Трампа
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дэманстрант у Нью-Ёрку трымае плякат з выявай Уладзімера Пуціна, на кепцы якога напісаны лёзунг Дональда Трампа

Расея ў 2020-2022 гадах актыўна ўмешвалася ў выбары ў шэрагу краін, спрабуючы падарваць у іх давер да дэмакратычных інстытутаў, лічыць выведка ЗША. 

У 2020-2022 гадах актыўна ўмешвалася ў выбары сама меней у дзевяці краінах, спрабуючы падарваць у іх давер да дэмакратычных інстытутаў, гаворыцца ў дакладзе выведкі ЗША, які цытуе агенцтва Reuters. Яшчэ ў 17 краінах намаганьні Расеі былі «менш яскрава выяўленымі», зазначаецца ў матэрыяле.

Даклад быў адпраўлены ў амбасады Злучаных Штатаў у больш як 100 краінах Амэрыкі, Эўропы, Азіі і Афрыкі, з мэтай перадачы мясцовым урадам, піша агенцтва. У ім выведка ЗША папярэджвае, што Расея выкарыстоўвае шпіёнаў, сацыяльныя сеткі і расейскія дзяржаўныя СМІ для падрыву веры грамадзтва ў сумленнасьць дэмакратычных выбараў ва ўсім сьвеце.

«Гэта глябальная зьява, — падкрэсьліваецца ў дакладзе. — Нашы зьвесткі паказваюць, што высокапастаўленыя расейскія ўрадавыя чыноўнікі, у тым ліку ў Крамлі, бачаць каштоўнасьць у такіх апэрацыях па аказаньні ўплыву і лічаць іх эфэктыўнымі».

У прыватнасьці, расейскія суб’екты «распаўсюджвалі і разьдзімалі інфармацыю, прызнаную падарваць давер да выбараў у ЗША ў 2020 годзе», гаворыцца ў дакумэнце. Посьпех гэтай кампаніі, а таксама кампаніі па дэзінфармацыі аб пандэміі COVID-19, заахвоціў Расею актывізаваць такія апэрацыі па ўсім сьвеце, распавёў журналістам высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту на ўмовах ананімнасьці.

У дакладзе выведкі ЗША таксама прыводзіцца прыклад выбараў, якія адбыліся ў 2020 годзе ў неназванай эўрапейскай краіне. Паводле Вашынгтону, Фэдэральная служба бясьпекі РФ падчас іх таемна працавала над запалохваньнем супрацоўнікаў выбарчых камісій, арганізацыяй пратэстаў у дзень выбараў і «сабатажам галасаваньня за мяжой».

Змагацца з такой дзейнасьцю Масквы Вашынгтон рэкамэндуе з дапамогай увядзеньня санкцыяў у дачыненьні да Расеі, абмену інфармацыяй паміж урадамі розных краін, высылкі расейскіх шпіёнаў і забароны на ўезд у краіну асобам, якія выклікаюць падазрэньні.

У дакумэнце зазначаецца, што Кітай таксама ўмешваецца ў выбары ў іншых краінах, але падобную тактыку не выкарыстоўвае (у Пэкіне раней абвяргалі падобныя абвінавачаньні). Расея ў дакладзе названая «галоўным вінаватым».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG