Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка ЗША: Расея ўмешвалася ў прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе


Дэманстрант трымае плякат з выявай Уладзімера Пуціна, на кепцы якога напісаны лёзунг Дональда Трампа, ЗША, архіўнае фота

Уладзімер Пуцін «санкцыянаваў, а шэраг расейскіх урадавых арганізацый ажыцьцяўлялі апэрацыі, скіраваныя на ачарненьне кандыдатуры прэзыдэнта Байдэна», падрыў даверу да выбарчага працэсу і абвастрэньне сацыяльна-палітычнага расколу ў ЗША, — гаворыцца ў дакладзе амэрыканскай выведкі.

Масква дабівалася дэзарыентацыі прыхільнікаў Джо Байдэна, укідваючы хлусьлівую інфармацыю.

Стратэгія Масквы была скіраваная на выкарыстаньне «падкантрольных сілаў, зьвязаных з расейскай выведкай, для перадачы наратываў» амэрыканскім СМІ, чыноўнікам і вядомым асобам, «у тым ліку блізкім да былога амэрыканскага прэзыдэнта Трампа і ягонай адміністрацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Іран жа праводзіў «шматгранную кампанію прыхаванага ўплыву», каб перашкодзіць перавыбраньню Трампа, але Байдэна актыўна не прасоўваў, сьцьвярджае выведка. У Тэгеране хацелі адплаціць Трампу за тое, што ён вывеў ЗША з удзелу ў міжнароднай ядзернай угодзе з Іранам і ўвёў новыя санкцыі супраць Ірану.

Аналітыкі амэрыканскай выведкі таксама адзначылі спробы ўплыву на выбары ў ЗША з боку Кубы, Вэнэсуэлы і лібанскай радыкальнай групоўкі «Хезбала», аднак іх магчымасьці былі несувымерныя з магчымасьцямі Расеі і Ірана.

15-старонкавы даклад у аўторак апублікаваў офіс Дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША.

Пазьней CNN паведаміла, што на наступным тыдні ЗША ўвядуць санкцыі за ўмяшаньне ў выбары супраць Расеі і Ірану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG