Аляксандар Лукашэнка сваімі рашэньнямі з жніўня 2021 году даў беларускае грамадзянства 6814 грамадзянам Украіны і 2990 грамадзянам іншых краін.
Як паведамляецца на сайце Аляксандра Лукашэнкі, 19 кастрычніка ён падпісаў яшчэ адзін указ, паводле якога ў грамадзянства Беларусі прынялі 262 чалавекі, у тым ліку 26 непаўналетніх.
У той жа час паведамілі, што Лукашэнка адхіліў шэраг заяў на атрыманьне беларускага грамадзянства ад тых асобаў, якія «неаднаразова парушалі заканадаўства Беларусі за час пражываньня» на беларускай тэрыторыі.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі сьцьвярджаюць, што з 24 лютага 2022 году ў Беларусь з украінскай тэрыторыі прыехалі 121 732 грамадзяніны Ўкраіны, у тым ліку праз украінска-беларускую мяжу — 15 895, транзытам праз Польшчу — 80 918, празь Літву — 20 574, праз Латвію — 4 345.
У той жа час дакладна невядомая колькасьць грамадзян Украіны, якія засталіся ў Беларусі. Часьцей празь Беларусь вяртаюцца ў сваю краіну ўкраінцы, якія ўцякаюць з акупаваных Расеяй тэрыторый праз Крым.