Казахстан далучыўся да санкцый, якія ўвёў супраць Беларусі Эўрапейскі зьвяз.
Гэта вынікае з сайту Traderadar, які стварылі ў Казахстане адмыслова для таго, каб казахстанскія прадпрымальнікі пры арганізацыі сваёй дзейнасьці маглі адсачыць санкцыйныя абмежаваньні і кампаніі, якія знаходзяцца пад санкцыямі.
Сярод такіх санкцыйных абмежаваньняў на сайце адзначана забарона «экспарту ў Беларусь» банкнотаў, намінаваных у любой афіцыйнай валюце краін Эўразьвязу, каштоўных папер, выдадзеных пасьля 12 красавіка 2022 году, або паёў у калектыўных інвэстыцыйных кампаніях.
Апроч таго, дзейнічае забарона на перавозку грузаў любым аўтамабільным транспартам, зробленым у Беларусі, уключаючы транзыт.
Зь Беларусі забаронена пастаўляць «прыродны газ, нафту, тытан, алюміній, медзь, нікель, паладзій, жалезную руду», а таксама «фармацэўтычныя, мэдычныя, сельскагаспадарчыя і харчовыя прадукты, уключаючы пшаніцу і ўгнаеньні».
19 кастрычніка віцэ-прэм’ер гандлю і інтэграцыі Казахстану Кайрат Тарэбаеў паведаміў журналістам у парлямэнце, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Казахстан спыніў пастаўку 106 відаў прадукцыі ў Расею на падставе міжнародных санкцый.
«106 розных прадуктаў. Мы цалкам абмежавалі іх экспарт. Гэта тавары вайсковага прызначэньня, напрыклад дроны і іх кампанэнты. Спэцыялізаваная электроніка, чыпы і аналягічная прадукцыя», — працытавала казахстанскае выданьне Tengrinews выказваньне Кайрата Тарэбаева.
Але, як вынікае з сайту Traderadar, насамрэч у санкцыйным сьпісе паставак у Расею ці з Расеі ў Казахстан істотна больш абмежаванай прадукцыі. Гэтыя абмежаваньні і забароны адпавядаюць санкцыям, уведзеным супраць Расеі з боку Эўрапейскага Зьвязу, урадаў ЗША, Аўстраліі, Швайцарыі, Канады і Японіі.
У той жа час датычна Беларусі Казахстан далучыўся толькі часткова да санкцый Эўрапейскага зьвязу. Забароны на пастаўкі ў Беларусь прадукцыі, якую абмежавалі для продажу ў Расею праз санкцыі з боку Эўрапейскага зьвязу, урадаў ЗША, Аўстраліі, Швайцарыі, Канады і Японіі, няма.
Эўрапейскі зьвяз пачаў уводзіць санкцыі датычна фізычных і юрыдычных асобаў Беларусі пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, а таксама пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Раней Казахстан не абвяшчаў, што далучыўся да санкцый Эўрапейскага зьвязу супраць Беларусі.