Наступствы расейскіх абстрэлаў горада Запарожжа ў сакавіку 2023 году. Архіўнае фота
У Запарожжы дагэтуль разьбіраюць завалы, пад якімі могуць знаходзіцца пацярпелыя.
Расейскія войскі ў ноч на 18 кастрычніка запусьцілі шэсьць ракет па горадзе Запарожжа. Яны пацэлілі ў шматпавярховы дом і разбурылі адзін ягоны пад’езд — зь пятага па трэці паверхі.
Як паведамілі ўкраінскія ратавальнікі, папярэдне вядома, што загнулі два чалавекі, яшчэ трое атрымалі траўмы. Дагэтуль разьбіраюць завалы, пад якімі яшчэ могуць быць пацярпелыя. З будынку давялося эвакуаваць 50 жыхароў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў спачуваньні сваякам і блізкім загінулых.
«Дзяржава-зло працягвае сваю тактыку вайны з цывільнымі, свой тэрор. Я дзякую ўсім, хто не застаецца абыякавым і дапамагае яго перамагаць. Зробім усё, каб дзяржава-тэрарыстка панесла справядлівую адказнасьць. Расейскі тэрор павінен прайграць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Адзін зь мясцовых калябарантаў, які перайшоў на бок Расеі і стварыў у акупаванай частцы Запароскай вобласьці рух «Мы вместе с Россией», заявіў, што дом у Запарожжы нібыта зьнішчылі самі ўкраінцы ў выніку «памылковых дзеяньняў супрацьпаветранай абароны».
Улады Курскай і Белгарадзкай абласьцей паведамілі аб зьнішчэньні ўкраінскіх дронаў
Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойтзаявіў, што ўначы аскепкі ўкраінскага дрона нібыта ўпалі на тэрыторыю школы і пашкодзілі фасад і некалькі вокнаў. Паводле яго, ніхто не пацярпеў, заняткі ў школе, дзе вучацца 477 дзяцей, працягваюцца ў штатным рэжыме.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоўпаведаміў, што над рэгіёнам расейскія СПА зьбілі шэсьць украінскіх дронаў. Паводле яго, пацярпелых і разбурэньняў няма, але жыхары дзьвюх вёсак засталіся без электрычнасьці праз пашкоджаньне лініі энэргазабесьпячэньня.