Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сваю маму не магу ўбачыць ужо два гады». Мастачка Анастасія Рыдлеўская пра новую выставу, музыку і кнігу


Мастачка Анастасія Рыдлеўская і галерыст Марэк Рогаля, у якога адкрылі выставу мастачкі. Гданськ, 6 кастрычніка 2023
Мастачка Анастасія Рыдлеўская і галерыст Марэк Рогаля, у якога адкрылі выставу мастачкі. Гданськ, 6 кастрычніка 2023

Паразмаўлялі з Анастасіяй Рыдлеўскай пра яе новую выставу, кнігу пра перажываньне рэпрэсій, музыку і супрацу з польскімі культурнымі дзеячамі.

Выстава «Mugwort» (з анг. «Палын») адкрылася ў галерэі ESKAEM у Гданьску. Мастачка Анастасія Рыдлеўская рабіла яе разам з куратаркай Аленай Дзялендзік-Набароўскай.

«Гэтая выстава — пра горыч цяперашніх дзён, горыч успамінаў пра блізкага чалавека. Я сваю маму не магу ўбачыць ужо два гады. Гэта аўтабіяграфічная выстава пра адносіны маці і дачкі на адлегласьці, якія бываюць формы зносінаў, як гэтая глыбіня не губляецца, нягледзячы на тое, што мы ня можам абняцца», — кажа Рыдлеўская.

Суразмоўца дадае, што формы зносінаў могуць быць вельмі розныя, глыбока псыхалягічныя. Напрыклад, мама Анастасіі гадае на картах таро. Мастачка зрабіла для мамы асабістую калоду, намалявала 79 малюнкаў, заснаваных на міталягічных, архетыпічных і сымбалічных кодах.

«Мая мама — траўніца. У яе ёсьць свой сад, дзе яна вырошчвае свае кветкі, ёсьць домік, завешаны зёлкамі, гэта ўсё пахне. І я гэтыя травы перанесла на выставу, зёлкі, высахлыя кветкі, як сувязь з мамай. І сухія травы нагадваюць, што ўсё ж такі гэта ня тая сувязь, якой бы хацелася. Мама не заўсёды са мной зьвязваецца празь відэасувязь, і я ў нейкі момант губляю яе рысы твару, што вельмі страшна».

Гэтая выстава — пра тое, як чалавек спрабуе захаваць для сябе іншага любімага чалавека ў сучаснасьці, але там яго няма. Травы праразаюць галерэйную прастору, умешваюцца сваімі ўспамінамі і зацягваюць, тлумачыць Анастасія.

Выстава Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023
Выстава Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023

Творы для гэтай выставы, як і ўся творчасьць Анастасіі, не рабіліся наўмысна, як нейкі праект.

«Гэта проста частка жыцьця, якая адлюстроўваецца ў маёй творчасьці. Я проста гэта ствараю, бо не магу не ствараць. Я нават напісала песьню для мамы, такая рэакцыя на мае ўласныя пачуцьці».

Анастасія кажа: калі яна падрыхтавала выставу, ёй зрабілася лягчэй.

«Ты пачынаеш нарэшце гэты досьвед перажываць, а не варыцца ў ім. Таму мне стала лягчэй, калі ўсё расставіла па сваіх месцах, у сябе ў галаве, у сябе ў целе, па месцах у прасторы. Тады я зразумела, што магу на гэта паглядзець з боку, экалягічна пражываю пачуцьці, каб ня выпасьці».

Анастасія Рыдлеўская, Гданськ, 6 кастрычніка 2023
Анастасія Рыдлеўская, Гданськ, 6 кастрычніка 2023

Тым часам як Анастасія стварала карціны і іншыя творы, зьвязаныя з маці, уладальнік польскай галерэі ESKAEM Марэк Рагаля (Marek Rogala) прапанаваў мастачцы зрабіць выставу, так усё і зьвязалася ў праект.

«Сьвет становіцца менш страшным»

Па словах аўтаркі, на адкрыцьці выставы было вельмі шмат палякаў. Гэта дае магчымасьць вырвацца з бурбалкі беларусаў у эміграцыі.

«Да мяне падыходзілі палякі і казалі, што іх гэта вельмі кранула. І калі я ім расказвала, што там намалявана, яны казалі: «Ваў, я гэта адчуваю трошкі па-іншаму, але цяпер для мяне гэтая карціна пашырылася, такое адчуваньне, што я пагрузілася ў нейкі іншы сьвет».

Выстава Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023
Выстава Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023

Анастасія дадае, што яна вельмі інтравэрсійны, замкнёны чалавек, і яе мастацтва — дыялёг зь іншымі людзьмі на больш зразумелай мове.

«Мне не хапае звычайнай мовы, каб усталяваць кантакт зь людзьмі, са сьветам, а праз мае работы гэта атрымліваецца. І ты нарэшце адчуваеш сябе часьцінкай сьвету, які становіцца менш страшным у гэты момант. Ён не такі велізарны, які цябе зжарэ, паглыне, а ён велізарны са словамі: „Мы тут усе такія“. І ад гэтага становіцца лягчэй жыць».

«Бедная-няшчасная»? Не

Праз два гады эміграцыі Анастасія адчула, што пачала ўпісвацца ў польскае творчае асяродзьдзе, кантэкст.

«І гэта ня ў пляне, што вось я бедная-няшчасная, пашкадуйце мяне. Не, я мастачка, я нароўні з вамі. І яны мяне так успрымаюць, уключаюць менавіта як мастачку, не глядзяць, хто я і адкуль, яны глядзяць на мае працы».

Таксама Анастасія піша песьні. Яна пачала займацца музыкай яшчэ ў дзяцінстве, значна раней, чым візуальным мастацтвам.

«Я вельмі даўно пішу песьні, але мне заўсёды было страшна іх паказваць.

Быў нейкі пэрыяд, я вучылася акадэмічнаму вакалу, мы запісалі з выкладчыцай мае песьні пад гітару, я набралася сьмеласьці і паказала іх. Я атрымала водгукі, што зусім не атрымліваецца, голас у мяне дзіўны і песьні дзіўныя, і што сьпяваю я з акцэнтам. Мяне гэта спалохала тады, і вось я набіралася сьмеласьці да 27 гадоў».

На выставе Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023
На выставе Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023

Анастасія кажа, што песьні можа пісаць толькі пад натхненьне, а з карцінамі іначай: дзяўчына прывучыла сябе маляваць штодзень, нягледзячы ні на што.

«Я цяпер „сяджу“ на асаблівых таблетках ад майго біпалярнага разладу, і для таго каб пісаць песьні, мне даводзіцца паніжаць дозу або „здымаць“ іх наогул, каб вярнуцца ў стан гіпаманіі або маніі. Напэўна, гэта я і называю натхненьнем».

Песьні Анастасіі, як і карціны, ствараюцца на аснове перажытых пачуцьцяў, дзёньнікавых запісаў.

«Трапляеш у нейкі віхор найцяжэйшых эмацыйных падзей»

Нядаўна Анастасія Рыдлеўская выпусьціла кнігу пра перажываньне беларускіх пратэстаў «Дзе твой твар». Кніга выйшла на беларускай мове, тэксты ў ёй — дзёньнікавыя запісы мастачкі, белыя вершы.

«Яна акурат пра перажываньні досьведу, як вось твой сьвет пачынае разбурацца, калі ты трапляеш у нейкі віхор найцяжэйшых эмацыйных падзей, як гэта ўплывае на цябе. Першапачаткова яна называлася „Дзе твой твар“, і на першай старонцы перакрэсьлена і напісана „Дзе мой твар“. Я так да гэтых перажываньняў ставілася з адлегласьці, што дзякуючы гэтай кнізе я зразумела, што гэтай адлегласьці няма, няма страху паміж мной і рэальнасьцю».

Выстава Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023
Выстава Mugwort, Гданськ, 6 кастрычніка 2023

Таксама Анастасія зараз працуе над адукацыйным онлайн-курсам для мастакоў.

«Я ўжо на фінішнай прамой, мне засталося літаральна запісаць відэа практыкі, тэорыя ўжо прапісаная. Курс будзе на ангельскай мове, спадзяюся, ён выйдзе бліжэйшым часам».

Анастасія вельмі хоча дапісаць альбом Mugwort.

«Ён цяпер атрымліваецца такі незвычайны, разрозьнены, як быццам бы ў ім ёсьць дзьве часткі. І ў мяне ёсьць яшчэ пяць песень. Мне трэба натхненьне, каб іх дарабіць. Потым я б вельмі хацела сабрацца зь сіламі і паспрабаваць знайсьці фінансаваньне на запіс кліпаў на іншыя песьні, бо ўжо ёсьць прадуманая канцэпцыя кароткамэтражнага фільму».

Выстава «Mugwort» працягнецца да 29 кастрычніка. Падрабязнасьці глядзіце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG