Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастаку Вячку Целешу — 85. «Я грамадзянін Латвіі, які шануе, любіць ня толькі сваё беларускае, а і каштоўнасьці народу, сярод якога жыве»


Вячка Целеш у офісе Латыскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», 2021 г.
Вячка Целеш у офісе Латыскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», 2021 г.

Беларускі мастак, пэдагог, філякартыст, краязнавец і грамадзкі дзеяч нарадзіўся ў мястэчку Краснасельскі Ваўкавыскага павету на тэрыторыі былой другой Рэчы Паспалітай, але ўжо 65 гадоў жыве і працуе ў Рызе. Свабода спытала ў юбіляра, як ён адбыўся беларускім творцам у чужой краіне.

У Рызе Вячка Целеш здабыў прафэсійнае прызнаньне і гонар. Ён стаў сябрам Саюзу латвійскіх мастакоў і Латвійскага творчага саюзу. Быў адным з ініцыятараў, арганізатараў і кіраўнікоў Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак». Стварыў аб’яднаньне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» і да 2021 году старшыняваў у ім.

Ён ініцыяваў, арганізаваў і стаў першым дырэктарам дзяржаўнай Рыскай беларускай пачатковай і Рыскай беларускай асноўнай школ. Заснаваў беларускую мастацкаю студыю «Вясёлка» і мастацкую студыю «Nordeka» ў Рыскай 71-й сярэдняй школе.

Мастак перакананы, што ўсе ягоныя творчыя і грамадзкія посьпехі сталі магчымыя толькі таму, што ён, застаючыся сьвядомым беларусам, шанаваў мову, культуру і звычаі народу, які некалі прыняў беспрытульнага юнака з Краснасельскага.

Вячка Целеш у Менску, 2017
Вячка Целеш у Менску, 2017

«Каб я асыміляваўся і стаў латышом, то мой шлях у прафэсійнае мастацтва, магчыма, прайшоў бы трошкі лягчэй»

— Усё ваша творчае жыцьцё прайшло не на радзіме, а ў Латвіі. Раскажыце, калі ласка, як гэта быць беларускім мастаком у чужой краіне? Можа быць, асыміляваўшыся, было б прасьцей атрымліваць прызнаньне і пашану?

— Я прыехаў у Латвію, калі мне было 19 гадоў. Тут у мяне не было ні родзічаў, ні блізкіх сяброў. Але тады быў іншы час, іншыя абставіны, трэба было прыстасоўвацца да тых абставінаў. Працы было шмат, і я сумленна працаваў: зарабляў на харчаваньне і на апратку, ні на кога ня скардзіўся, быў задаволены, што ёсьць праца і жыльлё ў інтэрнаце. Адразу купіў расейска-латыскі слоўнік, хоць усе латышы паміж сабой гаварылі па-латыску, а зь нелатышамі па-расейску, аднак вывучэньне латыскай мовы дало мне больш магчымасьцяў у інфармацыі і ў жыцьцёвых справах.

Каб я асыміляваўся і стаў латышом, то мой шлях у прафэсійнае мастацтва, магчыма, прайшоў бы трошкі лягчэй.

Латвія — гэта нацыянальная дзяржава. Я застаўся тут беларусам, які любіць сваё беларускае, але, каб у Латвіі не адчуваць сябе чужаком, у першую чаргу патрэбна не ігнараваць яе мову, ведаць яе, з латышамі размаўляць толькі на іх мове, мець сяброў-латышоў, разам з латышамі ўдзельнічаць у іх сьвятах і мерапрыемствах, падтрымліваць незалежнасьць краіны і яе палітыку.

Карацей, трэба быць патрыётам нацыянальнай, дэмакратычнай дзяржавы Эўразьвязу, тады і добрая праца будзе, і больш магчымасьцяў будзе, каб рэалізаваць свае задумы, і менш будзе праблем. Я грамадзянін Латвіі, які шануе, паважае, любіць ня толькі сваё беларускае, а і каштоўнасьці таго народу, сярод якога жыве, дзе жывуць мае дзеці і ўнукі.

Вячка Целеш падчас пэрсанальнай выставы, 2018
Вячка Целеш падчас пэрсанальнай выставы, 2018

За 65 гадоў майго жыцьця ў Латвіі гэтая краіна ня стала мне чужой, наадварот, гэта другая мая радзіма, мне тут добра жывецца і працуецца, я не адчуваю сябе чужаком на іх зямлі.

У мяне з самага пачатку майго жыцьця ў Латвіі былі і цяпер ёсьць сябры-латышы, аднадумцы, а гэта добрае плячо ў падтрымцы маіх справаў. Латвія ёсьць дзяржавай са сваёй гісторыяй, культурай, мовай і традыцыямі народу. Кожны латыш ад малога да старога вельмі любіць і шануе сваю родную мову, культуру, гісторыю і народныя традыцыі, зьберагае сваю гістарычную спадчыну, усё гэта перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Гэта патрэбна ўсё разумець, ведаць мэнтальнасць латышоў, якія адрозьніваюцца ад беларусаў, хоць з трох балтыйскіх народаў латышы па мэнтальнасьці найбольш блізкія да беларусаў. Гэтаму патрэбна вучыцца і нам.

«Заставацца беларусам, але вучыць латыскую мову і ведаць ангельскую»

— Цяпер у сытуацыі масавай эміграцыі беларускіх мастакоў для многіх паўстае пытаньне выбару паміж фізычным выжываньнем, сваім і сям’і, і рэалізацыяй на новым месцы творчых амбіцый. Як не згубіцца пры гэтым? Што паказвае ваш жыцьцёвы і творчы шлях беларускага мастака ў Латвіі?

— Патрэбна шмат сумленна працаваць, ці ты мастак, ці чалавек іншай прафэсіі. Заставацца беларусам, але вучыць латыскую мову і ведаць ангельскую, бо Латвія — сябра Эўразьвязу, дзе побач з нацыянальнай мовай у стасунках можа выкарыстоўвацца і ангельская. Я мяркую, што беларусам у замежжы патрэбна далучацца да сваёй дыяспары, да беларусаў, якія могуць быць тваімі аднадумцамі і сябрамі, гэта таксама добрае плячо падтрымкі, тады будзе лягчэй адаптавацца да месца, дзе цяпер жывеш.

На плэнэры з Мастацкай студыяй Nordeka. 2019
На плэнэры з Мастацкай студыяй Nordeka. 2019

«Ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў улады Беларусі не прыйшоў на маю юбілейную выставу сёлета 18 верасьня»

— 29 лютага 2020 году на нацыянальным стэндзе Рэспублікі Беларусь у рамках Латвійскай кніжнай выставы адбылася прэзэнтацыя вашай кнігі «Беларускія мастакі ў Латвіі. 1920–1990». На ёй прысутнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі беларускай амбасады ў Рызе. А ці прыйшлі яны на вашу новую выставу, якая тыдзень таму адкрылася ў Рызе?

— 29 лютага 2020 году быў іншы час і іншыя стасункі паміж Латвіяй і Беларусьсю. Жнівеньскія прэзыдэнцкія выбары 2020 году і пратэсты народу пасьля іх, а ў лютым 2022 году пачатак нечаканай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай цалкам зьмянілі адносіны паміж Латвіяй і Беларусьсю. Таму беларуская амбасада ў Латвіі цяпер зачыненая, таму ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў улады Беларусі не прыйшоў на маю юбілейную выставу сёлета 18 верасьня ў Латвійскай акадэміі навук.

Хоць раней заўсёды на мае выставы і выставы аб’яднаньня мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» яны прыходзілі з кветкамі. Так, у 2018 годзе на маю таксама юбілейную выставу прыйшлі два сакратары беларускай амбасады і ў якасьці падарунка прынесьлі факсымільна выдадзеную мапу Вялікага Княства Літоўскага, надрукаваную на тканіне, адзіны арыгінал якой знаходзіцца ў Швэцыі. Іншае было тады стаўленьне да свайго беларускага.

— Увогуле, ці зьмянілася нешта ў вашым жыцьці і творчасьці ў латвійскай сталіцы пасьля беларускіх падзеяў 2020 году?

— Падзеі 2020-га і вайна, безумоўна, нашкодзілі нармальным стасункам зь Беларусьсю, з Бацькаўшчынай. Закрытая латвійская амбасада ў Менску. Закрытае таварыства «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“», якое ладзіла зьезды, на якія я прыяжджаў. Ёсьць і іншыя праблемы для паездак на радзіму.

«Кожны мастак марыць, каб ягоныя працы захоўваліся на Бацькаўшчыне»

— Мінулае, як вядома, не чарнавік. У ім нічога немагчыма перапісаць на чыстую паперу. І ўсё ж што б хацелася выправіць ці, дакладней, якой мары не далі зьдзейсьніцца жыцьцёвыя абставіны? Што хочацца стварыць і зрабіць?

— Я лічу, што мае ўсе мары зьдзейсьніліся. Я стаў мастаком, аб чым марыў зь дзяцінства. Мае мастацкія працы захоўваюцца ня толькі ў Латвіі, але і на Бацькаўшчыне: у Нацыянальным музэі ў Менску, у Горадзенскім гісторыка-археалягічным музэі, у Ваўкавыскім музэі і ў музэі мястэчка Краснасельскі. Кожны мастак марыць, каб яго працы захоўваліся на Бацькаўшчыне.

У 2013-м я выдаў кнігу аб радаводзе Краснасельскіх Целешаў да дзясятага калена, а гэта помнік усім Целешам вёскі Краснае Сяло (цяпер вул. Савецкая ў г. п. Краснасельскі), дзе я нарадзіўся і адкуль мой род.

Адзінае, што яшчэ не пасьпеў, дык гэта выдаць кнігу-каталёг пра гісторыю беларускіх паштовак, але я над ёй працую і спадзяюся яе выдаць.

Эксьлібрыс Зоські Верас. Мастак Вячка Целеш
Эксьлібрыс Зоські Верас. Мастак Вячка Целеш

Чым вядомы Вячка Целеш

Вячка Целеш — мастак, які працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў эксьлібрысе.

Сярод ягоных жывапісных работ вылучаюцца «Нацюрморт з ручніком» (1977), «Нацюрморт з жалейкай» (1987), «Інтэграцыя. Нацюрморт з беларускім бальзамам» (2014), «Нацюрморт з салам» (2015). «Успамін пра Тэрветэ» (2023). А таксама шэраг партрэтаў славутых землякоў і сучасьнікаў: «Першаму беларускаму драматургу прысьвячаецца» (В. Дунін-Марцінкевіч, 1983), «Мой мацярык Віцебшчына» (паэт С.Панізнік,1986), «У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына» (1990), «Першыя крокі ў сьвет. Ф. Скарына ў Рызе» (1990), «Заміж пэрсідзкага ўзору...». М.Багдановіч у Беларускім музэі ў Вільні" (1991), «Дзьвіна-Даўгава — маці наша (Я. Купала і Я. Райніс, 1992), «Партрэт бацькі» (1973), «Князь Вячка» (1993) і іншыя.

  • Ягоныя жывапісныя і графічныя творы захоўваюцца ў музэях і прыватных зборах Беларусі, Латвіі, Даніі, Італіі, ЗША, Канады, Ізраіля, Кітая, Партугаліі, Расеі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швайцарыі.
  • Аўтар кніг «Мінск на старых паштоўках» (1984), «Рыга на старых паштоўках» (1991), «Гарады Беларусі на старых паштоўках».
  • Аўтар манаграфій «Адсюль наш род, тут мой прычал».., «Беларускія мастакі ў Латвіі.
  • У 1997 годзе за асабістыя заслугі Сэйм надаў Вячку Целешу латвійскае грамадзянства.
  • Ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру (1999) за кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках».
  • У 2006 годзе ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвійскай дзяржавы — Ордэнам Трох Зорак ступені афіцэра, а ў 2018 — мэдалём Рады БНР да 100-годзьдзя Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • У 2018-м прызнаны Настаўнікам году гораду Рыгі, стаў ляўрэатам прэміі ў намінацыі «За доўгагадовы ўнёсак у адукацыю па інтарэсах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG