Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ў кустах знайшлі помнік герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму, які дэмантавалі па рашэньні ўладаў у 2021 годзе. ФОТА


Так выглядаў помнік Міхасю Жызьнеўскаму, усталяваны ў лістападзе 2014 году ў Кіеве. Архіўнае фота
Так выглядаў помнік Міхасю Жызьнеўскаму, усталяваны ў лістападзе 2014 году ў Кіеве. Архіўнае фота

На помніку быў надпіс на ўкраінскай мове «Білорус, який поклав життя за вільне майбутнє України» («Беларус, які аддаў жыцьцё за свабодную будучыню Ўкраіны»).

Кіяўляне знайшлі ў кустах мармуровы помнік герою Ўкраіны Міхаілу Жызьнеўскаму, які ўсталявалі ў лістападзе 2014 году непадалёк ад меркаванага месца ягонай гібелі ў Кіеве — на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага.

Месца знаходжаньня помніку стала вядома 13 кастрычніка, калі беларускія і ўкраінскія актывісты прыехалі на вуліцу Грушэўскага ўпарадкаваць помнік, які стаіць пасярод дарогі. Да іх пад’ехаў кіеўлянін і паведаміў, што мармуровы помнік Жызьнеўскаму знаходзіцца ў кустах. Ён і паказаў месца, дзе апошнія два гады знаходзіўся дэмантаваны помнік.

Знойдзены ў Кіеве дэмантаваны помнік Міхасю Жызьнеўскаму, 13 кастрычніка 2023
Знойдзены ў Кіеве дэмантаваны помнік Міхасю Жызьнеўскаму, 13 кастрычніка 2023

Помнік быў створаны і ўсталяваны за кошт ахвяраваньняў грамадзкасьці. На яго афіцыйнае адкрыцьцё тады прыяжджалі бацькі Жызьнеўскага, прысутнічалі і прадстаўнікі іншых Герояў Нябеснай сотні. На помніку быў надпіс на ўкраінскай мове «Білорус, який поклав життя за вільне майбутнє України» («Беларус, які аддаў жыцьцё за свабодную будучыню Ўкраіны»).

Гэтае месца стала сымбалічным для беларусаў — тут ладзілі шматлікія акцыі салідарнасьці і ўшанаваньня памяці Жызьнеўскага, уручалі літаратурную прэмію «Воін сьвятла». Прэмія, заснаваная ў 2015 годзе, уручалася ў дзень народзінаў Міхася Жызьнеўскага ля помніка, пастаўленага ў Кіеве побач зь месцам ягонай гібелі. Ініцыятарам стварэньня літаратурнай прэміі стаў украінскі пісьменьнік Уладзімір Даніленка, ідэю падтрымаў і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Уручэньне літаратурнай прэміі «Воін сьвятла» ля помніка Міхасю Жызьнеўскаму. Багдан Жалдак, Анатоль Бароўскі, 26 студзеня 2016 году
Уручэньне літаратурнай прэміі «Воін сьвятла» ля помніка Міхасю Жызьнеўскаму. Багдан Жалдак, Анатоль Бароўскі, 26 студзеня 2016 году

У жніўні 2021 году па рашэньні кіеўскай гарадзкой улады гэты помнік зьнесьлі, а на ягоным месцы паставілі мэмарыяльны комплекс героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Гэты мэмарыял ініцыяваў мэр Кіева Віталь Клічко.

Міхась Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званьнем Героя Ўкраіны. Зорку Героя Ўкраіны тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойца дагэтуль ня знойдзены.

Адразу пасьля дэмантажу помніка Свабода зьвярнулася да кіеўскай улады з афіцыйным запытам, у якім папрасіла паведаміць, куды перанесьлі помнік Герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму і ці плянуецца зносіць стыхійны помнік, які пакуль яшчэ стаіць пасярод вуліцы Грушэўскага.

Згодна з украінскім заканадаўствам улады мусілі адказаць на запыт цягам пяці працоўных дзён, але за некалькі ўжо гадоў яны так і не адказалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG