Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі забараніў прадаваць яшчэ адно замежнае прадпрыемства


Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка. Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі дапоўніў пералік іншаземных грамадзян, якім забаранілі адчужэньне прыналежных ім частак (акцый) у статутных фондах прадпрыемстваў, створаных у Беларусі.

Савет міністраў Беларусі ўключыў ТАА «Пратэкт эліт» і ягонага бэнэфіцыяра грамадзяніна Латвіі Эдуарда Давыдава ў пералік прадпрыемстваў, якія забаранілі рэарганізоўваць ці прадаваць.

Апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанова набыла моц у дзень яе выданьня, 6 кастрычніка.

У 2021 годзе дзяржаўныя СМІ пісалі пра гэтае прадпрыемства як вельмі пасьпяховае, якое дазволіла вырашыць праблемы зь беспрацоўем у сельскай мясцовасьці.

ТАА «Пратэкт эліт» было створана ў 2020 годзе ў гарадзкім пасёлку Церахаўка Добрускага раёну Гомельскай вобласьці на базе цэху дрэваапрацоўкі. На ім выпускаюць спэцыяльны абутак для будаўнікоў і работнікаў цяжкай прамысловасьці. «Рабочым прапанавалі камфортныя ўмовы працы, перанавучаньне і добрыя заробкі», — пісала пра гэтае прадпрыемства выданьне «СБ».

У 2021 годзе сярэдні заробак на прадпрыемстве складаў 960 рублёў, а ў пэрспэктыве плянавалі яшчэ будаўніцтва новага цэху. Тады кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што сярод мясцовых жыхароў было шмат ахвотных уладкавацца сюды на працу.

14 сакавіка 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб дадатковых мерах у забесьпячэньні стабільнага функцыянаваньня эканомікі». Такім чынам ён адрэагаваў на ўвядзеньне санкцый супраць Беларусі за жорсткі разгон пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і падтрыманьне ў 2022 годзе расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

Цалкам тэкст указу не публікаваўся, але нават у абнародаванай частцы дакумэнту зьмяшчаецца шмат палажэньняў, якія маюць грыф «службовай інфармацыі».

1 ліпеня 2022 году ўрад Беларусі на падставе гэтага ўказу ўхваліў пастанову «Аб пераліку асобаў», іншаземных грамадзян, якім забаранілі адчужэньне прыналежных ім частак (акцый) у статутных фондах прадпрыемстваў, створаных у Беларусі. У пералік уваходзяць грамадзяне тых краін, якія «ажыцьцяўляюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і фізычных асобаў».

Першапачаткова ў пералік уключылі 190 прадпрыемстваў і іх замежных уласьнікаў. У чэрвені 2023 году ў ім ужо налічвалася 1795 прадпрыемстваў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG