Урад Эстоніі ўхваліў законапраект аб выкарыстаньні расейскіх замарожаных актываў для аднаўленьня Ўкраіны

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас/
Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас/

Урад Эстоніі ўхваліў законапраект пра выкарыстаньне замарожаных актываў грамадзян РФ для кампэнсацыі ўрону, нанесенага Ўкраіне ў выніку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня.

Пра гэта са спасылкай на прэсавую службу эстонскага ўраду паведамляе «Настоящее время».

Цяпер дакумэнт, як удакладнілі ва ўрадзе, накіруюць на разгляд эстонскага парлямэнту.

«Законапраект, які мы з урадам сёньня накіравалі ў парлямэнт, дазваляе выкарыстоўваць замарожаныя актывы санкцыянаваных у Эстоніі асобаў для кампэнсацыі стратаў ад вайны ва Ўкраіне. Мы павінны быць прыкладам і стымулам для іншых эўрапейскіх краінаў ва ўстанаўленьні падобных правілаў. Расея павінна кампэнсаваць Украіне ўсю прычыненую вайной шкоду», — заявіла прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

Яна таксама заклікала Эўразьвяз «хутчэй завяршыць работу па выкарыстаньні расейскіх замарожаных актываў і выпрацоўцы практычных рашэньняў».

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Эстоніі Маргус Тсахкна адзначыў, што сродкі на кампэнсацыю ўрону, прычыненага Расеяй Украіне, не павінны паступаць толькі ад падаткаплатнікаў іншых краін. «Замарожаныя расейскія актывы будуць заставацца замарожанымі да таго часу, пакуль ня будуць кампэнсаваны страты ад вайны. Для прымяненьня гэтага мэханізму неабходна міжнароднае пагадненьне з Украінай або міжнародны кампэнсацыйны мэханізм», — сказаў ён.

​
XS
SM
MD
LG