Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад незашпіленага гузіка да няветлівага прывітаньня. За што палітычным вязьням дадаюць новыя тэрміны


Палітзьняволеныя Паліна Шарэнда-Панасюк, Алена Гнаўк, Зьміцер Дашкевіч. Каляж
Палітзьняволеныя Паліна Шарэнда-Панасюк, Алена Гнаўк, Зьміцер Дашкевіч. Каляж

11 кастрычніка за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» пачынаюць судзіць Зьмітра Дашкевіча, якога ня выпусьцілі на волю пасьля цалкам адбытага раней пакараньня.

Разьбіраліся з адвакатам і былой палітзьняволенай, за што палітычным падаўжаюць турэмныя тэрміны.

Наведваньне прыбіральні без дазволу

Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу «Аб злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі» дазваляе падаўжаць тэрмін пазбаўленьня волі. Турэмшчыкі могуць прыдумаць любую нагоду: ад незашпіленага гузіка да няветлівага абыходжаньня з пэрсаналам, ад кантактаваньня зь іншымі вязьнямі да наведваньня прыбіральні без дазволу.

Вось, да прыкладу, пералік парушэньняў палітзьняволенай, адміністратаркі сайта «Водители 97» Вікторыі Кульшы ў Гомельскай жаночай калёніі № 4:

  • Зьнішчыла ліст, напісаны да дачкі;
  • Выйшла ў прыбіральню, не папярэдзіўшы;
  • Была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы;
  • Знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто;
  • Пры адчыненьні дзьвярэй камэры ня ўстала, не прывіталася, не назвалася.

Працэдура наступная. Спачатку вязьня за найменшую правіну караюць ШЫЗА. За новыя парушэньні — пераводзяць у памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) тэрмінам на 6 месяцаў. А потым заводзяць новую крымінальную справу. Тэрмін могуць падоўжыць ад некалькіх месяцаў (па частцы 1) да двух гадоў (частка 2 прымяняецца да асуджаных, якія дапусьцілі «асабліва небясьпечны рэцыдыў»). Звычайна суды праходзяць на тэрыторыі калёніі ў закрытым рэжыме.

Да 2020 году былі вядомыя толькі два выпадкі прымяненьня артыкула 411 да палітвязьняў. У 2012 годзе дадатковы год атрымаў Зьміцер Дашкевіч (асуджаны на 2 гады). У 2015 годзе — анархіст Мікалай Дзядок (асуджаны на 4,5 года).

З 2021 па кастрычнік 2023 году па 411-м артыкуле асудзілі ўжо дзясяткі палітзьняволеных. Да ранейшых тэрмінаў палітвязьням дадавалі ад чатырох месяцаў да двух гадоў.

Сярод такіх асуджаных — блогер Сяргей Ціханоўскі, якому падоўжылі 18-гадовае пакараньне на 1,5 года; анархіст Мікіта Емяльянаў, прадпрымальнік Віктар Барушка, якія атрымалі па 2 дадатковыя гады турмы; яшчэ больш за шэсьць дзясяткаў палітвязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы.

Пералік можна працягваць: адміністратар тэлеграм-канала «Армия с народом» Сяргей Ярашэвіч дадаткова атрымаў 9 месяцаў калёніі, Руслан Акостка, Алег Яфрэменка, Павал Аўчараў, Іван Зянько — па 1 годзе.

Загад зьверху

Адвакат, які абараняў многіх палітзьняволеных і быў пазбаўлены ліцэнзіі, на ўмовах ананімнасьці пацьвердзіў Свабодзе, што ўлады ў Беларусі выкарыстоўваюць артыкул 411 для рэпрэсій у дачыненьні менавіта да палітычных зьняволеных.

Ён тлумачыць, што фактычна крымінальнае заканадаўства не прадугледжвае абмежаваньня на прымяненьне гэтага артыкула, а гэта значыць, яго можна прымяняць шмат разоў запар.

«На практыцы некаторым асуджаным за два гады ўжо двойчы працягвалі тэрміны пакараньня, і такіх выпадкаў з палітычнымі становіцца ўсё больш і больш.

Мне складана казаць нешта пра законнасьць ужываньня артыкула 411 да палітычных зьняволеных, бо мы ня ведаем матэрыялаў справы. Але я з упэўненасьцю магу сьцьвярджаць, што калі ў рэпрэсіўных органаў ёсьць задача максымальна пагоршыць стан зьняволенага, то можна „скляпаць“ любую справу, і суд прызнае палітычнага зьняволенага вінаватым.

Я б раіў не спрабаваць зараз разглядаць ШЫЗА і ПКТ, якія прымяняюцца ў дачыненьні да палітычных зьняволеных, з пункту гледжаньня закону. Проста ёсьць загад, які выконваецца, а ўжо потым выканаўца шукае прававыя нормы, якія дапамагаюць зрабіць законным рэпрэсіўны загад. Гэта імітацыя законнасьці», — перакананы адвакат Антон.

Абыходжаньне з жанчынамі

Грамадзкую актывістку зь Берасьця Паліну Шарэнду 7 красавіка 2022 года асудзілі на 1 дадатковы год турмы, 9 кастрычніка 2023 году — яшчэ на 1 год паводле 411 артыкула.

Вікторыі Кульшы, адміністратару чата «Кіроўцы 97%», таксама дадалі два тэрміны. 14 чэрвеня 2022 году жанчыну асудзілі яшчэ на адзін год. 7 красавіка 2023 году судзьдзя Рэчыцкага райсуду Станіслаў Іванюценка (які судзіў і Паліну Шарэнду) дадаў Вікторыі яшчэ адзін год пазбаўленьня волі. Цяпер канчатковы тэрмін складае 4,5 года калёніі (а яе асудзілі на 2,5 года).

Пэнсіянэрка Алена Гнаўк, асуджаная на 3,5 года турмы, 28 красавіка 2023 году атрымала яшчэ адзін год калёніі. Такім чынам, усяго 66-гадовай пэнсіянэрцы давядзецца адседзець 4,5 года.

«Ператварылася ў гародніну і змоўкла»

Ганна Вішняк, валянтэрка тэлеграм-канала «Водители 97%», адбывала большую частку 2,5-гадовага тэрміну ў Гомельскай жаночай калёніі № 4. Палову часу яна правяла ў ШЫЗА і прэс-атрадзе. Мела 16 спагнаньняў. Ёй удалося пазьбегнуць дадатковага пакараньня па 411-м артыкуле.

Ганна Вішняк, валянтэрка тэлеграм-каналу «Кіроўцы-97», якая адбыла 2,5 гады ў Гомельскай жаночай калёніі №4.
Ганна Вішняк, валянтэрка тэлеграм-каналу «Кіроўцы-97», якая адбыла 2,5 гады ў Гомельскай жаночай калёніі №4.

«Два разы на дзень трэба было прадстаўляцца. Я і Паліна Шарэнда называлі сябе „незаконна асуджанымі“ і „палоннымі“. Пасьля процьмы скаргаў на адміністрацыю калёніі, прайшоўшы ШЫЗА і ПКТ, я зразумела, што магу ня выйсьці на волю, а трапіць пад 411 артыкул.

І я ў ПКТ „праглынула“ словазлучэньне „незаконна асуджаная“ і перастала скардзіцца. Дакумэнты на мяне на 411 артыкул былі ўжо гатовыя, але ўбачыўшы, што такое цьвердалобства прывяло Вікторыю Кульшу і Паліну Шарэнду да 411-га, я проста замоўкла, не падпісвала ніякіх папер і больш не пярэчыла супрацоўнікам...

Я ператварылася ў гародніну і змоўкла. Па выхадзе з ПКТ мне заставаўся 1 месяц, і адзін добразычлівы супрацоўнік сказаў, што калі я буду прытрымлівацца гэтай лініі паводзін, то выйду».

Ганна выйшла на волю, адседзеўшы поўны тэрмін у 2,5 года.

Пагроза для сыстэмы Лукашэнкі

Што да Паліны Шарэнды і Вікторыі Кульшы, былая палітзьняволеная кажа, што яны не маглі паступіцца сваімі прынцыпамі.

«Паліна Шарэнда заўсёды ігнаравала супрацоўнікаў, зьвяртала ўвагу на ўсе парушэньні, кантактавала з турэмшчыкамі як з псыхічна хворымі сэрыйнымі гвалтаўнікамі. Ім гэта не падабалася, яны адчувалі перавагу Паліны над сабой. Мне падаецца, Паліна зьяўляецца пагрозай ня толькі для адміністрацыі калёніі, а для ўсёй сыстэмы Лукашэнкі. Пра нязломнасьць Паліны ведаюць у сьвеце, яе слухаюць на міжнародным узроўні.

Што да Вікторыі Кульшы, мне падаецца, гэта асабістая помста супрацоўнікаў калёніі — у прыватнасьці Сіўцова, які яе душыў, Алёхіна — ён проста шалеў, калі яна яму ў твар выказвала, і ГУБАЗіКа — Бедункевіча і Вараб’я. Вікторыя іх усіх проста раззлавала, і на іхны загад ёй помсьцілі», — выказала сваё меркаваньне Ганна Вішняк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG