Gallup: 91% украінцаў называюць перамогай вяртаньне ўсіх акупаваных тэрыторый уключна з Крымам

Снайпэрка УСУ пад Бахмутам, верасень 2023.
Снайпэрка УСУ пад Бахмутам, верасень 2023.

Пасьля 18 месяцаў супраціву расейскаму ўварваньню ўкраінцы па-ранейшаму ўпэўненыя ў перамозе ў вайне — хоць і крыху менш, чым у першыя месяцы пасьля ўварваньня.

Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага агенцтвам Gallup, паведамляе «Голас Амэрыкі»

Тры пятых (60%) украінцаў, апытаных у ліпені і жніўні, заявілі, што хочуць, каб Украіна працягвала змагацца, пакуль не пераможа. Гэта ў два разы больш, чым тых, хто хоча, каб Украіна пачала перамовы аб спыненьні вайны як мага хутчэй (31%). У верасьні 2022 г. 70% украінцаў заяўлялі, што хочуць, каб іх краіна працягвала змагацца да перамогі над агрэсарам.

Украінцы ўпэўнена называюць крытэры перамогі ў вайне — гэта вяртаньне ўсіх тэрыторый, анэксаваных Масквой з 2014 году, уключаючы Крым. Такое меркаваньне выказалі 91 працэнт апытаных. Гэтая пазыцыя не зьмянілася ў параўнаньні з 2022 годам.

Вера ўкраінцаў у УСУ таксама застаецца непахіснай. Па дадзеных Gallup, у 2023 годзе 95% працягнуць давяраць Узброеным сілам, што адпавядае ўзроўню папярэдняга году, калі Расея ўварвалася ў краіну (94%).

Апытаньні Gallup, праведзеныя ў 2023 годзе, паказваюць, што нязначная меншасьць украінцаў зьмяніла сваю думку за мінулы год і цяпер выступае за хуткае спыненьне баявых дзеяньняў.

​
XS
SM
MD
LG