Зяленскі: любое замарожваньне вайны ва Ўкраіне дазволіць Расеі аднавіць свой патэнцыял

Замарожваньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне пагражае ня толькі Ўкраіне, але і іншым эўрапейскім краінам, заявіў сёньня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Гранадзе (Гішпанія).

«Калі будзе нейкая паўза ў гэтай агрэсіі супраць Украіны — нейкая замарозка сытуацыі — то будзе новы крытычны момант. 2028 год. Калі Расеі дазволіць адаптавацца зараз, да 2028 года Крэмль зможа аднавіць зьнішчаны намі ваенны патэнцыял, і ў Расеі будзе дастаткова моцы, каб атакаваць краіны, якія знаходзяцца ў цэнтры расейскай экспансіі», — сказаў ён.

Паводле Зяленскага, гаворка ідзе пра краіны Балтыі і «тыя краіны, на тэрыторыі якіх знаходзяцца расейскія кантынгенты». Ён дадаў, што пра гэта паведаміла ўкраінская выведка.

«Расея шукае магчымасьці замарозіць сытуацыю і прыстасавацца, робіць высновы са сваіх памылак і рыхтуецца рухацца далей. Самы небясьпечны праціўнік — той, які зрабіў высновы і на іх аснове падрыхтаваўся да наступнага ўдару», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Зяленскі назваў вайну «асноўным інструмэнтам Расеі», выказаўшы меркаваньне, што найбольш надзейна яе можна нэўтралізаваць ваеннай паразай: «У нас з вамі цяпер ва Ўкраіне ёсьць магчымасьць нанесьці паразу расейскай агрэсіі. Разам з вамі і нашымі партнэрамі мы ўжо зрабілі рэчы, якія многія лічылі немагчымымі. Мы разам абаранялі Ўкраіну».

Прэзыдэнт дадаў, што дзякуючы Ўкраіне вайскоўцы эўрапейскіх краінаў «цяпер не ваююць супраць Расеі».

«Мы не сумняемся ў моцы NATO. Але я ўпэўнены, што ніхто з вас не захоча гэтага паспрабаваць, і што будзе, калі, барані Бог, за кагосьці з вас давядзецца заступіцца NATO.. Мы павінныя перамагчы ва Ўкраіне, каб Пуцін ня мог разгарнуць гэтую агрэсію», — сказаў ён.

Ён заклікаў Эўропу працягнуць санкцыйны ціск на Расею і выгнаць расейскія кантынгенты з тэрыторыі іншых краінаў, а таксама падзякаваў за дапамогу ў абароне.

  • Расейскія вайсковыя кантынгенты знаходзяцца ў Беларусі, Армэніі, Таджыкістане і Малдове (на тэрыторыі самаабвешчанага Прыднястроўя).

​
XS
SM
MD
LG