Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім галоўнае — трымаць чалавека ў страху». Чаму «палітычным» могуць прыбраць тэрмін даўнасьці за «злачынствы»”


Сядзіба Сьледчага камітэту Беларусі, архіўнае фота
Сядзіба Сьледчага камітэту Беларусі, архіўнае фота

Крымінальныя справы «зьбеглай апазыцыі» ня трапяць у катэгорыю «злачынстваў мінулых гадоў». Сьледчы камітэт мае намер асудзіць усіх палітычных эмігрантаў. Наколькі гэта магчыма? Пагаварылі зь юрыстамі.

Намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Сяргей Аземша ў інтэрвію расейскаму інфармагенцтву Sputnik заявіў, што яны маюць намер асудзіць усіх палітычных эмігрантаў. То бок справы ня будуць мець тэрміну даўнасьці.

«Прынцып няўхільнасьці пакараньня павінен працаваць бесьперабойна, а наша задача — гэта забясьпечыць. Але адзначу, што „зьбеглыя“ не папоўняць сьпіс злачынстваў мінулых гадоў».

Ён прывёў прыклад «удзельнікаў самаабвешчаных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў», у ліку якіх назваў Каардынацыйную раду, ByPol, BelPol, «НАУ».

Што такое тэрмін даўнасьці

Тэрміны даўнасьці злачынстваў рэгулююцца артыкулам 83 Крымінальнага кодэксу. Згодна зь ім грамадзянін вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі з дня ўчыненьня злачынства прайшлі 2, 5, 10 ці 15 гадоў — залежна ад цяжкасьці злачынства.

Самы кароткі тэрмін даўнасьці — 2 гады — у злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі. Максымальнае пакараньне па іх — ня больш як 2 гады пазбаўленьня волі.

Тэрмін даўнасьці 5 гадоў — у менш цяжкіх злачынстваў. Найбольш «папулярныя» артыкулы КК, якія інкрымінуюцца палітычным:

  • арт. 342, які называюць «народным»: грубае парушэньне парадку (часьцяком яго прымяняюць да тых, хто падчас пратэстаў выходзіў на праезную частку);
  • арт. 361 — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці або яе фінансаваньне (прымяняюць да тых, хто дзяліўся інфармацыяй са СМІ альбо «данаціў» у фонды, прызнаныя «экстрэмісцкімі», кшталту BYSOL;
  • арт. 369, ч.1 — дыскрэдытацыя Беларусі;
  • арт. 368, 369 — зьнявага Лукашэнкі, зьнявага прадстаўнікоў улады.

Самы доўгі тэрмін даўнасьці — 15 гадоў — у асабліва цяжкіх злачынстваў, пакараньне па якіх прадугледжвае звыш 12 гадоў пазбаўленьня волі, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне:

  • арт. 357, ч. 2 — змова з мэтай захопу ўлады;
  • арт.289 — акт тэрарызму;
  • арт. 356 — здрада дзяржаве.

Калі грамадзянін хаваецца ад сьледзтва ці суду, адлік тэрміну даўнасьці прыпыняецца. У такім выпадку тэрмін адновіцца з дня затрыманьня альбо яўкі з пакаяньнем.

«Магчыма, прадстаўнік СК меў на ўвазе зьмены, якія плянуюцца ў заканадаўства»

Што азначаюць выказваньні прадстаўніка Сьледчага камітэту пра «прынцып няўхільнасьці пакараньня»? Запыталіся ў юрыстаў.

Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill кажа, што ў дачыненьні да некаторых злачынстваў заўсёды дзейнічаў прынцып непазьбежнасьці пакараньня.

«Ня мелі тэрмінаў даўнасьці, да прыкладу, забойствы і некаторыя асабліва цяжкія злачынствы. І нават праз 20–25 гадоў за забойства маглі прыцягнуць да адказнасьці.

Цяпер у гэтай частцы ўнесьлі зьмены, і ў тым выпадку, калі за злачынства прадугледжана пажыцьцёвае пазбаўленьне волі альбо сьмяротнае пакараньне, таксама гэта ня будзе мець тэрміну даўнасьці», — тлумачыць юрыстка з Respect-Protect-Fulfill.

Тут маюцца на ўвазе артыкулы аб тэрарызьме, здрадзе дзяржаве, змове з мэтай захопу ўлады.

Што да самых распаўсюджаных «палітычных» артыкулаў, кшталту ўдзелу ў масавых беспарадках (арт. 342), альбо садзейнічаньня, альбо фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361), — то, на думку юрысткі, магчыма, «прадстаўнік СК меў на ўвазе зьмены, якія плянуюцца ў заканадаўства: маўляў, у Беларусі ўсё можа быць», — кажа яна.

«Да кожнага ня дойдуць»

Але юрыстка зьвяртае ўвагу на некалькі момантаў. Адзін зь іх — калі крымінальная справа заведзеная, чалавек быў не пад вартай, яго выклікалі ў суд, а ён не зьявіўся.

«Ёсьць асоба, якую затрымлівалі, завялі крымінальную справу, і яна схавалася (зьехала за мяжу, як часьцяком бывае з палітычнымі зьняволенымі). Чалавека абвясьцілі ў вышук, бо ён схаваўся. У яго цячэньне гэтых тэрмінаў прыпыняецца. То бок калі ён вернецца праз 5 гадоў, альбо 10, альбо 20, і ўлада не памяняецца, яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Калі вядома, што асоба знаходзіцца ў вышуку, і яна зьнікла (схавалася), яна тым самым прыпыніла цячэньне гэтых тэрмінаў», — тлумачыць юрыстка.

І дадае, што, на яе думку, да кожнага ня дойдуць: у дзяржавы няма такіх рэсурсаў.

«Ім жа галоўнае — трымаць чалавека ў страху. Страх жа паралізуе», — кажа прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.

Праца дзеля працы

Але некаторыя юрысты прадракаюць і іншыя, больш пэсымістычныя варыянты — зьмену артыкула на цяжэйшы, да прыкладу, замест 342-га (масавыя беспарадкі) — 357-ы (змова з мэтай захопу ўлады).

І прыводзяць прыклад, як у 2020 годзе людзей прыцягвалі па адміністрацыйным артыкуле 23.34 (які меў 2 месяцы тэрміну даўнасьці). Праходзіла 2 месяцы, многія справы закрывалі, яны не даходзілі да суду. А потым улады пачалі заводзіць справы ўжо па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу.

Былы адвакат Андрэй, якога ў Беларусі пазбавілі ліцэнзіі, трымаецца больш аптымістычнай думкі наконт выказваньняў прадстаўніка СК пра тое, што асудзяць усіх палітэмігрантаў.

«Мне здаецца, гэта гаворыць выключна пра тое, што органы сьледзтва будуць накіроўваць справы ў завочныя суды і атрымліваць прысуды, якія быццам заканчваюць працэдуру расьсьледаваньня. Заводзяць справы, расьсьледуюць, выносяць завочныя прысуды — праца дзеля працы.

Зь іншага боку, адсутнасьць абвінавачанага была заўсёды праблемай сьледчых органаў. Ніякага ўплыву на жыцьцё кагосьці, акрамя паляпшэньня статыстыкі сьледчых органаў па катэгорыі „справы, прыпыненыя з прычыны пошуку абвінавачанага“, гэта несьці ня будзе», — мяркуе былы адвакат Андрэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG