Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас чакае вялікая хваля вызваленых». Расказваем пра новую ініцыятыву дапамогі былым палітвязьням


Сымболіка ініцыятывы «Вольныя»
Сымболіка ініцыятывы «Вольныя»

Пагутарылі з каардынатаркай праекту «Вольныя» Веранікай Станкевіч. Даведаліся, як прыйшла ідэя, як ініцыятыва дапамагае вызваленым палітвязьням і чаму гэта важна для грамадзянскай супольнасьці.

Ідэя ініцыятывы «Вольныя» ўзьнікла ў канцы сьнежня 2022 года, калі яго каманда была на навучаньні ў Беларускай праваабарончай школе.

«У нас была задача распрацаваць праекты, накіраваныя на дапамогу Беларусі. Зь пяці чалавек нашай каманды толькі адзін быў былым палітвязьнем. Мы ўсе задумаліся аб праблеме рэсацыялізацыі. Што людзі выходзяць, а спэцыялізаванай, сыстэмнай дапамогі няма. У выніку праект разросься, пашырыўся склад каманды і мы перарасьлі ў паўнавартасную ініцыятыву», — кажа каардынатарка Вераніка Станкевіч.

Вераніка Станкевіч
Вераніка Станкевіч

Ініцыятыва дапамагае вызваленым вязьням праз мэнтарынг. Мэнтар праходзіць адмысловае навучаньне і атрымлівае падапечнага — былога вязьня.

«У першую чаргу гэта псыхалягічная, маральная падтрымка, такое надзейнае плячо для чалавека, які выйшаў. Кожнаму мэнтару мы даем базу з інфармацыяй аб розных ініцыятывах, якія ёсьць ужо для палітвязьняў, яны дапамагаюць зарыентавацца, куды лепш пайсьці, як лепш зрабіць».

Мэнтары, напрыклад, складаюць заяўкі на дапамогу, дапамагаюць падапечнаму з працаўладкаваньнем.

«У нас была шыкоўная гісторыя. У адной дзяўчыны падапечная робіць тавары сваімі рукамі, і яна хацела гэта прадаваць праз Instagram. Дык вось мэнтарка знайшла спэцыяліста па SMM, які бясплатна пракансультаваў гэтую жанчыну і яна цяпер можа паўнавартасна весьці свой Instagram. Так валянтэры прыцягваюць іншых валянтэраў, каб тыя дапамагалі».

Вераніка кажа, што такое ўзаемадзеяньне вельмі добрае, калі чалавек пагружаны толькі ў дапамогу аднаму чалавеку, гэта дазваляе мацней уцягнуцца ў праблему.

«Мы не ставім дэдлайн узаемадзеяньня мэнтара з чалавекам, бо ўсе вельмі розныя. Мы адразу з мэнтарамі дамаўляемся, што гэта асабістае адчуваньне, у першую чаргу, самога падапечнага, які прыходзіць па дапамогу. Калі вызвалены чалавек разумее, што ўсё, ён рэсацыялізаваўся, з ім усё ў парадку, ён можа рухацца далей».

Шматлікія мэнтары становяцца сябрамі са сваімі падапечнымі, дадае Вераніка.

«Мы ўжо зьбіралі зваротную сувязь ад падапечных і мы чуем: „Выдатна, у мяне зьявіўся новы сябар“. Таму гэта не пра дэдлайн працоўны, а пра ўзаемаадносіны».

Вераніка Станкевіч
Вераніка Станкевіч

Як дапамагае ініцыятыва

Былыя вязьні прыходзяць з рознымі праблемамі, кажа каардынатарка ініцыятывы.

«Хтосьці выходзіць са складаным псыхалягічным станам, а нехта з адчуваньнем „гэта досьвед, я яго прайшоў і іду далей“. Таму запатрабаваньні вельмі розныя. Вядома, першы — гэта фінансавая падтрымка, бо амаль ва ўсіх гэтае пытаньне стаіць востра. Мы адпраўляем падапечных у фонды, дзе могуць выдзеліць грошы, або адкрываем пэрсанальны збор».

Другая праблема — стан здароўя пасьля месцаў зьняволеньня. У асноўным выходзяць людзі з абвостранымі хранічнымі захворваньнямі, з жудаснымі праблемамі з зубамі, кажа Вераніка.

«У нас ёсьць падапечны, якому мы шукаем велізарную суму грошай на зубы, бо яму ў калёніі проста вырвалі ўсе. Там мэдыцына працуе так: калі ў цябе баліць зуб, табе яго вырываюць. Але праблема здароўя больш-менш закрытая, бо таксама мы супрацоўнічаем з фондамі, якія аказваюць падтрымку ў рэабілітацыі».

Ініцыятыва кансультуе і па міграцыйных пытаньнях, кажа суразмоўца.

«У нас таксама ёсьць ініцыятывы, зь якімі мы супрацоўнічаем, якія кансультуюць чалавека перад тым, як ён выехаў зь Беларусі. Расказваюць, у якую краіну чалавеку лепш паехаць, якія магчымасьці ёсьць».

Пасьля таго, як чалавек закрыў базавыя патрэбы, яму неабходная легалізацыя і працаўладкаваньне. З гэтым таксама можа дапамагчы ініцыятыва «Вольныя».

«У нас быў выпадак, калі дзяўчына пашырыла рэзюмэ свайго падапечнага, яму рэальна пачалі прапаноўваць працу. Яна мне пісала: „Я так рада, што мы змаглі рэзюмэ распаўсюдзіць, чалавека пачалі запрашаць у розныя праекты“. Мы таксама вельмі радуемся з нашымі мэнтарамі, калі так адбываецца».

Ёсьць і запыт на сацыяльна-культурную адаптацыю, дадае каардынатарка.

«Бывае, што людзі пераяжджаюць сем’ямі ці адны, або толькі з партнэрам ці партнэркай, у іх няма сяброў у эміграцыі. І бывае просьба: „Дапамажыце мне знайсьці групы, дзе я магу патусавацца з кімсьці, пагаварыць“. Мы тады даведаемся пра інтарэсы чалавека, дапамагаем яму ў пошуках».

33 былыя палітвязьня за шэсьць тыдняў

Ініцыятыва працуе каля шасьці тыдняў. За гэты час у яе зьвярнуліся 33 чалавекі, якія вызваліліся, і 46 мэнтараў. Вераніка кажа, што праект цяпер важны, бо існуюць дзьве праблемы, якія трэба вырашаць.

«Першае, што людзі выходзяць, і будуць выходзіць яшчэ больш. У наступныя некалькі гадоў, нават паводле 342-га артыкулу, нас чакае вялікая хваля вызваленых палітвязьняў. Пра гэта сьведчыць і тое, які тэрмін па гэтым артыкуле, і тое, што рэпрэсіі пачаліся актыўна ў 2021 годзе. Калі такім людзям далі 3-5 гадоў, то яны цяпер будуць выходзіць. І гэтым людзям патрэбная дапамога».

А па-другое, важна ўключаць людзей у валянтэрства, каб яно давала вынік.

«Вось цяпер валянтэрства падае толькі таму, што мы ўсе працуем на нейкую вельмі прывідную мэту, незразумела, ці дачакаемся мы вынікаў дзейнасьці. А прамая дапамога канкрэтнаму чалавеку — гэта заўсёды клясная матывацыя: я бачу, як чалавеку становіцца лепш і як я яму дапамагаю. Таму наша мэта — гэта ня толькі дапамагчы вызваленым, а яшчэ дапамагчы грамадзянскай супольнасьці ўцягнуцца ў дапамогу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG