Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая Беларусь» стварае «Вікіпэдыю беларускага эмігранта» пра тое, як вырашаюць праблемы зь легалізацыяй


Беларусы на акцыі ў Батумі, Грузія. Ілюстрацыйнае фота
Беларусы на акцыі ў Батумі, Грузія. Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва «Новая Беларусь» у партнэрстве з «Народнымі амбасадамі» запусьціла праект «Усё будзе легальна» пра легалізацыю за мяжой пасьля забароны дыстанцыйна абмяняць беларускі пашпарт і атрымаць важныя даведкі.

«Мы наважыліся зрабіць жывую вікіпэдыю беларускага эмігранта, пабудаваную на асабістым досьведзе легалізацыі беларусаў і беларусак у розных краінах. Бо на практыцы тэарэтычныя рашэньні часам працуюць зь нюансамі. Ці ўвогуле не працуюць. Ці так схаваныя, што трэба пашукаць. Ці іх няма, але разам можна нешта прыдумаць», — гаворыцца ў паведамленьні «Новай Беларусі».

Аўтары ініцыятывы плянуюць сабраць у адным месцы ўсе лайфхакі, сакрэты, асабістыя гісторыі і іншыя карысныя матэрыялы пра тое, як цяпер можна легалізавацца ў розных краінах, дзе ёсьць беларусы і беларускі.

Як праект будзе працаваць?

Праект існуе ў фармаце суполак у аплікацыі «Новая Беларусь». На першым этапе аўтары запусьцілі суполкі па сямі краінах: Польшча, Літва, Грузія, Чэхія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія.

Сьпіс будзе пашырацца, калі ў людзей будзе такі запыт. Магчымыя таксама кансультацыі з экспэртамі праз чат.

У суполках можна будзе:

  • Чытаць і дапаўняць гайды па легалізацыі.
  • Дзяліцца асабістым вопытам, як беларусы і беларускі на практыцы атрымліваюць альтэрнатыўныя пашпарты і вырашаюць праблемы з даведкамі.
  • Прапаноўваць супольнасьці свае ідэі, як паўплываць на вырашэньне праблем і дамаўляцца пра іх рэалізацыю.
  • Мець зносіны зь беларусамі і беларускамі сваёй краіны ў чаце.

Якіх вынікаў чакаюць аўтары праекту?

  • Задача-мінімум: стварыць карысную вікіпэдыю па легалізацыі для беларускага эмігранта.
  • Задача максымум: дапамагчы беларусам і беларускам стаць моцнай супольнасьцю, якая здатная ўплываць на вырашэньне беларускіх праблем там, дзе яна ёсьць.

Як далучыцца?

Каб далучыцца, можна спампаваць ці абнавіць аплікацыю «Новая Беларусь», зарэгістравацца або аўтарызавацца, зайсьці ў разьдзел суполак (правы ніжні кут на галоўнай старонцы) і знайсьці сваю краіну. Тут можна знайсьці параду і самому дапамагчы іншым, чым магчыма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG