Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ня будзе выдаваць іншаземцаў, якія ваююць на яе баку, нягледзячы на міжнародныя запыты


Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка, архіўнае фота
Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка, архіўнае фота

Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны паведаміла, што летась чатыры грамадзяніны Беларусі атрымалі міжнародную абарону Ўкраіны, а пяцярым адмовілі ў такім статусе.

Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка заявіла, што ўкраінскі бок ня будзе выконваць міжнародных запытаў на выдачу іншаземцаў, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны і змагаюцца супраць агрэсіі Расеі.

«Людзей, якія ваявалі, Украіна выдаваць дакладна ня будзе», — сказала Натальля Навуменка ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Цензор.нет».

Кіраўніца міграцыйнай службы паведаміла, што для такіх грамадзян ужо спрошчаныя ўмовы легальнага знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны. «У нас склалася такая прынцыповая пазыцыя — калі ёсьць вайсковы квіток, значыць, чалавек законна знаходзіцца ва Ўкраіне», — падкрэсьліла яна.

У той жа час, паводле яе, усё яшчэ застаюцца праблемныя пытаньні, якія неабходна вырашаць на заканадаўчым узроўні.

«Ёсьць, напрыклад, сытуацыі, калі ў сувязі з раненьнямі іншаземцы вымушаныя спыняць кантракты з Узброенымі сілам. Таму распрацавалі законапраект, які ўрэгулюе большасьць праблемных пытаньняў. Гэта была карпатлівая праца, размовы з праваахоўнымі органамі, мы тлумачылі праблемы, якія ўзьнікаюць. Мы таксама непасрэдна кантактавалі з іншаземцамі, якія служаць, а таксама з галоўным упраўленьнем выведкі Мінабароны, Узброеных сіл Украіны і Службы бясьпекі Украіны, каб зразумець сутнасьць праблем і спосабы іх эфэктыўнага вырашэньня», — патлумачыла яна.

Паводле яе, у новым законе будзе прадугледжана магчымасьць зьвяртацца па грамадзянства іншаземцам, якія ўдзельнічалі ў абароне Ўкраіны ў складзе тэрытарыяльнай абароны і добраахвотніцкіх фармаваньняў тэрабароны, а ня толькі тых, хто служыў на падставе кантракту. Апроч таго, па атрыманьне ўкраінскага грамадзянства змогуць зьвяртацца тыя грамадзяне, якія вымушаны былі спыніць кантракт з прычыны раненьня. Ва ўсіх выпадках будзе прадугледжана магчымасьць падаваць заяву на падставе пратэрмінаваных нацыянальных пашпартоў.

Натальля Навуменка паведаміла, што гэтыя палажэньні будуць распаўсюджаныя і на сваякоў такіх іншаземных вайскоўцаў.

Вялікай колькасьці беларусаў ці расейцаў няма

Натальля Навуменка заявіла, што пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня не было вялікай колькасьці грамадзян Беларусі ці Расеі, якія хацелі ўехаць на тэрыторыю Ўкраіны праз тое, што не падтрымліваюць палітыку Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

«Нейкай вялікай колькасьці цывільных асобаў, якія б спрабавалі перасячы мяжу Расейскай Фэдэрацыі ці Беларусі ў першыя тыдні нападзеньня мы не назіралі. Пераважна на тэрыторыі нашай краіны хацелі застацца тыя грамадзяне, якія ўжо тут знаходзіліся. Тут ёсьць розныя кейсы. Нехта меў дазвол на іміграцыю, яны спалілі свае пашпарты на знак пратэсту супраць агрэсіі Расеі. Іншыя былі ва Ўкраіне нелегальна пэўны час. Трэцяя сытуацыя, калі людзі падавалі на грамадзянства і чакалі пэўных працэдураў», — удакладніла яна.

Статус уцекача атрымалі адзінкі

Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны паведаміла, што летась чатыры грамадзяніна Беларусі атрымалі міжнародную абарону Ўкраіны, а пецярым адмовілі ў такім статусе.

«Сёлета пяць [грамадзян Беларусі] атрымалі абарону ва Ўкраіне, і двум адмовілі», — паведаміла Натальля Навуменка.

Сярод прычын, на падставе якіх грамадзянам Беларусі адмовілі ў абароне, яна назвала вынікі праверкі праваахоўнымі органамі Ўкраіны або нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне перад падачай такой заявы.

«Напрыклад, мы бачым, што чалавек зьвяртаецца па атрыманьне міжнароднай абароны, знаходзячыся ў пункце часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца ва Ўкраіне. Увогуле ён меў магчымасьць да зьмяшчэньня ў такі пункт зьвярнуцца і ўрэгуляваць свой статус. Але ён не зьвяртаўся. Чаму? Незразумела. Ёсьць пэўныя рызыкі. Або ў нас ёсьць інфармацыя ад СБУ, што асоба можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Яе таксама нельга дапускаць да працэдуры атрыманьня міжнароднай абароны», — удакладніла яна.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны датычна да Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі.

У пачатку вайны ва Ўкраіне пагоршылася стаўленьне да беларусаў, а ўлады абмежавалі магчымасьць весьці бізнэс у краіне і карыстацца банкаўскімі рахункамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG