Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Боязь непрадбачанага. Ці захопіць Крэмль Беларусь на выбарах 2024 году?


Выбарчая урна. Ілюстрацыйнае фота
Выбарчая урна. Ілюстрацыйнае фота

Улада ў сувязі з выбарамі 2024 году перасьцерагаецца ня нейкай канкрэтнай сілы — Расеі ці дэмакратычных сілаў, а спалучэньня, зьбегу неспрыяльных для сябе абставінаў. Менавіта такі зьбег абставінаў стаў прычынай народнага паўстаньня 2020 году.

Сьцісла

  • На нарадзе зь віцебскімі «вэртыкальшчыкамі» Лукашэнка загадаў забясьпечыць падчас электаральнай кампаніі 2024 году цалкам ляяльны склад органаў улады.
  • Павал Латушка выказаў думку, што Расея можа скарыстацца гэтымі кампаніямі дзеля пашырэньня свайго палітычнага ўплыву на сыстэму ўлады ў Беларусі.
  • Папярэднія спробы Расеі гэта зрабіць, прымусіць Лукашэнку да мяккага транзыту ўлады, плёну ня мелі.
  • Каб правесьці ў парлямэнт і УНС адэптаў «русского мира», Расеі спатрэбілася б узяць пад кантроль беларускую «вэртыкаль» і выбарчыя камісіі.
  • Лукашэнка залежны ад Пуціна, але ўладны апарат Беларусі залежны ад Пуціна праз Лукашэнку, а не наўпрост.
  • Улада ў сувязі з выбарамі 2024 году перасьцерагаецца ня нейкай канкрэтнай сілы — Расеі ці дэмакратычных сілаў, а спалучэньня, зьбегу неспрыяльных для сябе абставінаў.
  • Менавіта такі зьбег абставінаў стаў прычынай народнага паўстаньня 2020 году.


25 жніўня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з новапрызначанымі «вэртыкальшчыкамі» Віцебскай вобласьці і выклаў устаноўкі наконт таго, як праводзіць наступныя выбары і фармаваць Усебеларускі народны сход.

Загад просты: «Наперадзе буйныя электаральныя кампаніі, дзе ідэалягічны складнік мае першараднае значэньне... Мы абсалютна не хаваем таго, што мы кагосьці будзем падтрымліваць... Вызначайце годных патрыятычных людзей, прафэсіяналаў. І падтрымлівайце іх на парлямэнцкіх выбарах і ва Ўсебеларускі народны сход».

У перакладзе на звычайную мову: зрабіце, каб усе цьвікі былі забітыя па плешку, каб нават мыш не прасьлізнула, каб усё было пад кантролем.

Нічога новага, па сутнасьці, не прагучала. Так пры Лукашэнку заўсёды было, такія ўказаньні даваліся і раней напярэдадні любых выбараў. І раней не хавалі, што вынікі выбараў вызначаныя загадзя. Цяпер зьліквідаваныя многія магчымасьці, каб альтэрнатыва на выбарах хаця б зьявілася: неляяльныя ўладзе партыі зьліквідаваныя, галасаваньне за мяжой скасаванае, над кандыдатамі дамоклавым мячом вісяць суворыя «экстрэмісцкія» артыкулы Крымінальнага кодэксу, асноўныя незалежныя СМІ ў краіне зьнішчаныя, а тыя, што дзейнічаюць за мяжой, абвясьцілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Усебеларускі народны сход наагул будзе фармавацца шляхам кааптацыі, а ня выбараў. Дык чаго, здавалася б, пераймацца наконт вынікаў электаральных кампаніяў, якія пагрозы сыстэме яны могуць стварыць?

Некаторыя — могуць. Пра адну зь іх заявіў сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік «НАУ» Павал Латушка. Паводле яго, Расея, Крэмль можа скарыстацца выбарчай кампаніяй дзеля прасоўваньня адэптаў «русского мира» ў Палату прадстаўнікоў, мясцовую ўладу і УНС Беларусі. Паводле Латушкі, у пэрспэктыве гэтая «пятая калёна» ў органах улады Беларусі можа нават адхіліць ад улады Лукашэнку.


Нельга сказаць, што такія развагі Латушкі пазбаўленыя рацыі. Расея — уплывовы гулец на беларускім палітычным полі, яна мае велізарныя магчымасьці. Пляны калі не паглынуць Беларусь, то ўзмацніць над ёю кантроль, у тым ліку і палітычны, у Масквы заўсёды былі.

Але якія яна мае магчымасьці ўзмацніць гэты свой уплыў менавіта праз выбары 2024 году?

І гістарычны досьвед, і аналіз умоваў правядзеньня будучых выбараў падказвае, што магчымасьцяў такіх будзе няшмат.

У 2020 годзе, падчас народнага паўстаньня ў Беларусі, было шмат размоваў пра тое, што Крэмль прымушае Лукашэнку зрабіць мяккі транзыт улады — памяняць Канстытуцыю, пашырыць паўнамоцтвы парлямэнту. Плян быў завесьці ў органы ўлады Беларусі ўнушальную пракрамлёўскую фракцыю.

Зьлівы плянаў крамлёўскай адміністрацыі, якія зьяўляліся пазьней, пацьвярджалі, што падобныя намеры і праекты там былі. Але вынік гэтага плянаваньня аказаўся, мякка кажучы, надзвычай сьціплы.

Новая Канстытуцыя не дала ніякіх магчымасьцяў для рэалізацыі гэтых памкненьняў Крамля.

І ў цяперашніх умовах — як практычна ён можа іх рэалізаваць? Разьлік, што дастаткова вылучыць кандыдатаў Масквы — і яны стануць дэпутатамі і чальцамі УНС, надзвычай наіўны. Каб дасягнуць такога выніку, неабходна ўзяць пад кантроль (прынамсі часткова) сам мэханізм вылучэньня кандыдатаў і падліку галасоў.

Наколькі сытуацыя блізкая да гэтага? Ні наколькі. Зь лёгкай рукі таго ж Паўла Латушкі ў пэўных колах стала папулярнай тэза аб тым, што Беларусь акупаваная Расеяй. Тое, што Беларусь страціла ладную частку свайго вайсковага сувэрэнітэту — гэта праўда. Але акупацыя, паводле азначэньня, — гэта кантроль дзяржавы-акупанта над цывільнай сыстэмай кіраваньня акупаванай краіны.

Хіба гэта мае месца? Хіба дробных і буйных начальнікаў у Беларусі прызначаюць у Крамлі ці нават са згоды Крамля? Хіба могуць адтуль загадаць выбарчай камісіі ў Беларусі некага зарэгістраваць ці падлічыць галасы на выбарах так, як гэта трэба Маскве?

Станоўчыя адказы на гэтыя пытаньні ні з чога, ні зь якага досьведу не вынікаюць. Што Лукашэнка залежны ад Уладзіміра Пуціна, гэта відавочна. Але ўладны апарат Беларусі залежны ад Пуціна праз Лукашэнку, а не наўпрост.

А залежнасьць Лукашэнкі не абсалютная. І яна сапраўды ня вельмі вялікая ў пытаньні ўлады Лукашэнкі над Беларусьсю. І гэта паказалі падзеі 2020 году. Расейцы ня здолелі ўзяць пад кантроль уладны апарат Беларусі тады, калі на беларускіх вуліцах былі сотні тысяч пратэстоўцаў. Чаму мяркуецца, што ў іх гэта атрымаецца зараз, калі ніякіх публічных пратэстаў у Беларусі няма? Так што пагроза расейскага захопу Беларусі на выбарах 2024 году калі і існуе, то не выглядае значнай.

Што тычыцца дэмакратычных сілаў, то на жнівеньскай канфэрэнцыі «Новая Беларусь» яны фактычна выбралі стратэгію ігнору выбараў 2024 году і выкрыцьця іх нелегітымнасьці. Стратэгія ня горшая за іншыя, хоць і ня лепшая. Але ці ёсьць ва ўлады падставы асьцерагацца яе? Які мэханізм палітычных зьменаў у Беларусі пры выкарыстаньні гэтай стратэгіі? Як яна можа забясьпечыць нечаканы вынік выбараў? Такі мэханізм не праглядаецца ў прынцыпе.

Дык чаго ж Лукашэнка перасьцерагаецца, чаму «накручвае» сваіх падначаленых у сувязі з выбарамі і фармаваньнем УНС? Баіцца нечаканасьцяў. Знакаміты францускі палітоляг ХХ стагодзьдзя Раймон Арон казаў, што небясьпека для ўлады (прычым як дэмакратычнай, гэтак і дыктатарскай) паходзіць не ад апазыцыі, а ад падзеяў.

Хто думаў, хто мог прадказаць, што ў 2020 годзе сумесь ковіду, стомы ад шматгадовага вусатага твару, дыялёгу з Захадам і канфліктаў Лукашэнкі з Крамлём стане палітычным дынамітам? Мо не было б у тым годзе прэзыдэнцкіх выбараў, дык без такога «запалу» сумесь і ня выбухнула б. Але яны былі. І атрымалася, як у Быкава ў «Знаку бяды»: «А бомба чакала сваёй пары». І дачакалася.

І тады ж таксама ўсе патрэбныя ўказаньні «вэртыкалі» даваліся — у сэнсе, каб усе цьвікі па плешку і каб мыш не прасьлізнула. Але падзеі зламалі гэты сцэнар, які здаваўся бездакорным. Падзеі, зьмена грамадзкіх настрояў, а не асабіста Сьвятлана Ціханоўская. Яна была толькі сымбалем, фокусам працэсу, а не яго рухавіком і не арганізатарам.

Вось нечага такога ўлада і асьцерагаецца. Хада вайны, эканамічны абвал, ціск санкцыяў, расейскія палітычныя камбінацыі, канфлікты ўнутры ўладнага апарату — зьбег, спалучэньне падобных фактараў, які цяпер не праглядаецца, можа стаць той самай падзеяй, якая разбурыць усе пільна падрыхтаваныя пляны.

І невыпадкова на нарадзе зь віцебскімі «вэртыкальшчыкамі» Лукашэнка не сфармуляваў уцямна, у чым жа палягаюць небясьпекі, чаму яго падначаленыя павінныя супрацьстаць. Бо ён і сам гэтага ня ведае. Нічому канкрэтнаму і ўсяму. І пасыл: быць пільнымі, быць напагатове. Бо жыцьцё — штука непрадказальная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG