Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжкія баі пачаліся ў Херсонскай вобласьці. Украінцы прарвалі абарону Расеі пад Бахмутам, расейцы атакуюць тыл дронамі


Пасьля пападаньня расейскага дрона ў Львове пачаўся пажар на 9 тысячах квадратных мэтраў. 19 верасьня 2023
Пасьля пападаньня расейскага дрона ў Львове пачаўся пажар на 9 тысячах квадратных мэтраў. 19 верасьня 2023

Прарыў украінцамі лініі абароны расейцаў пад Бахмутам пагоршыў расейскія пазыцыі і на поўдні.

У выведцы Вялікай Брытаніі назвалі яшчэ адну лінію расейска-ўкраінскага фронту, дзе з пачатку верасьня пачаліся цяжкія баі. Украінскія і расейскія войскі змагаюцца за астравы ў ніжнім цячэньні Дняпра ў Херсонскай вобласьці.

«Абодва бакі распачалі рэйды з камандамі на невялікіх лодках на астравы і супрацьлеглыя берагі ракі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле брытанскіх выведнікаў, расейцы актывізавалі свае дзеяньні на гэтым кірунку пасьля таго, як сэктар перайшоў пад кантроль нядаўна створанага 40-га армейскага корпусу.

«Колькасьць задзейнічаных сіл невялікая ў параўнаньні зь іншымі франтамі, аднак абодва бакі лічаць гэты раён стратэгічна важным. Гэта таксама дае [украінскай арміі] магчымасьць адцягнуць падразьдзелы праціўніка ад напружаных баявых дзеяньняў у Запароскай і Данецкай абласьцях», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

Прарыў украінцамі лініі абароны пад Бахмутам пагоршыў расейскія пазыцыі і на поўдні

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што Кляшчэеўка і Андрэеўка пад Бахмутам, якія вярнулі пад кантроль украінскія войскі, былі важнымі элемэнтамі расейскай абарончай лініі Бахмут — Горлаўка, якую ўкраінцы прарвалі. Дзякуючы гэтаму украінскія сілы могуць кантраляваць наземныя лініі сувязі, якія забясьпечваюць расейскую групоўку сіл у раёне Бахмуту.

У ISW пакуль не гатовы назваць вызваленьне Кляшчэеўкі і Андрэеўкі прадвесьнікам больш высокіх тэмпаў прасоўваньня Ўкраіны на поўдзень ад Бахмуту, але зьвяртаюць увагу на тое, што ўкраінскія наступальныя апэрацыі прывялі да разбурэньня важных элемэнтаў расейскай абароны, у тым ліку і ў заходняй частцы Запароскай вобласьці.

Расея ў абстрэлах украінскага тылу аддае перавагу дронам

У ноч на 19 верасьня расейскія войскі запусьцілі з Краснадарскага краю 30 ударных бесьпілётнікаў і адну балістычную ракету «Іскандэр-М» з Крыму па тылавых рэгіёнах Украіны.

Паветраныя сілы Ўкраіны змаглі зьбіць 27 бесьпілётнікаў, але іхныя аскепкі ў розных рэгіёнах краіны выклікалі пажары і разбурэньні. Тры дроны пацэлілі ў прамысловыя склады ў Львове. Адзін чалавек загінуў і яшчэ адзін пацярпеў, яго з траўмамі сярэдняй цяжкасьці шпіталізавалі. Пажар тушаць дагэтуль.

У выніку расейскіх абстрэлаў прыфрантавых населеных пунктаў загінулі два і атрымалі раненьні чатыры жыхары Паўночнага і Аўдзееўкі ў Данецкай вобласьці. У Херсонскай вобласьці загінулі трое цывільных і 11 атрымалі раненьні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG