Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кашалёк Лукашэнкі» Шакуцін зарабляе на санкцыях — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар


Аляксандар Шакуцін
Аляксандар Шакуцін

Заваёўваючы расейскі рынак пад дэвізам імпартазамяшчэньня, беларускае прадпрыемства «Амкадор» выкарыстоўвае мноства імпартаваных дэталяў.

Гэткую выснову зрабіў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) у партнэрстве з выданьнем «Вёрстка» (Расея) пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».

Кіраўнік кампаніі «Амкадор» Аляксандар Шакуцін знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён, нагадваюць аўтары расьсьледаваньня, «вядомы нефармальнымі сувязямі з Лукашэнкам: яны разам зьбіралі бульбу, лёталі ў камандзіроўкі і вясельнае падарожжа бізнэсоўца, наведвалі цешчу нязьменнага кіраўніка Беларусі. Ён падтрымаў Лукашэнку на выбарах 2020 году і ўзяў удзел у ягонай таемнай інаўгурацыі. У чорным сьпісе ЭЗ бізнэсовец значыцца як прадпрымальнік і кіраўнік кампаній „Амкадор“, UAB EM System, Anulatrans SIA, „Амкадор-цэнтар“, „Іскамед“, „ПМІ Інжынірынг“ і SV Maschinen GmbH».


Забарона ЭЗ на ўвоз у Расею тэхнікі, з аднаго боку, і недасканаласьць антысанкцыйнага заканадаўства, з другога, паспрыялі Шакуціну, які «выкарыстоўвае нежаданьне заходніх вытворцаў губляць даходы і расейскую праграму імпартазамяшчэньня. Магчымасьці, якія яна дае, значна павялічыліся праз ізаляцыю Расеі».

На сайце «Амкадора» аўтары расьсьледаваньня знайшлі інфармацыю пра выкарыстаньне ў зборцы прадукцыі шэрагу эўрапейскіх, амэрыканскіх і японскіх дэталяў, якія трапілі пад санкцыі.

На момант публікацыі расьсьледаваньня ў Расеі працуюць або будуюцца пяць заводаў «Амкадор», прычым дырэктары гэтых заводаў, акрамя Бранскага, — беларусы. Так, «Амкадор-Агідэль» узначальвае былы памочнік Лукашэнкі ў Менску і да 2019 году кіраўнік Менскага трактарнага заводу Фёдар Дамаценка. «Эксам» узначальвае былы супрацоўнік аддзяленьня беларускай амбасады ў Санкт-Пецярбургу Ігар Заламай.

Усе гэтыя прадпрыемствы атрымліваюць дзяржпадтрымку ў Расеі.

Як прыклад абыходу санкцыяў аўтары расьсьледаваньня ўзгадваюць фінскае прадпрыемства.

«Празь дзень пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, 25 лютага 2022 году, генэральны дырэктар Kesla Сіма Саастамойнен заявіў, што кампанія адмяняе пастаўкі на „Амкадор-Анега“ на агульную суму €10 млн. Пазьней прадаваць краіне-агрэсару некаторыя дэталі фінскага вытворцы стала нельга праз абмежаваньні ЭЗ. Тэрмін выкананьня апошняга дасанкцыйнага кантракту скончыўся ў сакавіку 2023 — праз год пасьля пачатку вайны. Аднак на момант публікацыі „Амкадор-Анега“ усё яшчэ прапануе новую тэхніку зь фінскімі дэталямі, у тым ліку забароненымі для ўвозу ў Расею», — піша БРЦ.

Вывучэньне фінансавай справаздачнасьці фінскага вытворцы дало БРЦ магчымасьць высьветліць, што хаця пасьля адмены паставак агульная колькасьць заказаў за год зьменшылася амаль на траціну, але на продажы гэта не паўплывала. Больш за тое, яны нават вырасьлі, — паведамляе БРЦ.

У чэрвені 2023 Эўрапейскі суд разглядаў пазоў Аляксандра Шакуціна, які аспрэчваў абмежавальныя захады, уведзеныя супраць яго.

Суд пакінуў эўрапейскія санкцыі супраць Шакуціна ў сіле, гаворыцца ў прэс-рэлізе Суду Эўразьвязу. Эўрапейскі суд палічыў недастатковымі довады, якія прывёў бізнэсовец, каб яго вывелі з-пад санкцый, і адхіліў пазоў. Суд таксама абавязаў яго пакрыць выдаткі, зьвязаныя з разборам.

На думку суду, Рада Эўрапейскага Зьвязу падала дастатковыя доказы, канкрэтныя, дакладныя і пасьлядоўныя, каб пацьвердзіць законнасьць санкцый супраць Шакуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG