Па характэрных дэталях можна вызначыць, што на здымку — вялікі дэсантны карабель (верагодна, «Минск»): ракета трапіла ў палубную надбудову, якая амаль цалкам правалілася ўсярэдзіну карабля.
Рэсурс Oryx, які займаецца падлікам пашкоджанай і зьнішчанай у вайне ва Ўкраіне ваеннай тэхнікі, на падставе фота зрабіў выснову, што дэсантны карабель «Минск» быў зьнішчаны, а ня проста пашкоджаны.
Мінабароны Расеі заявіла, што два караблі, пашкоджаныя падчас удару, будуць адрамантаваныя. Афіцыйна не паведамлялася, якія менавіта караблі былі пашкоджаныя. Украінскія і расейскія СМІ, аднак, паведамляюць, што гаворка ідзе пра БДК «Минск», а таксама пра падводную лодку «Ростов-на-Дону». Як адзначае выданьне Defense Express, калі вялікія дэсантныя караблі расейскага Чарнаморскага флёту ўжо рабіліся цэльлю ўкраінскіх удараў, то субмарына разьбітая ўпершыню.
Раней Мінабароны Расеі паведаміла, што ўдар быў нанесены дзесяцьцю крылатымі ракетамі па суднарамонтным заводзе імя Арджанікідзэ і трыма безэкіпажнымі катэрамі па атрадзе караблёў Чарнаморскага флёту. Сьцьвярджаецца, што сродкі СПА зьбілі сем ракет, а патрульны карабель «Василий Быков» (названы так у гонар контр-адмірала Быкава) зьнішчыў усе тры марскія дроны. Астатнія тры ракеты, як заявілі расейскія вайскоўцы, пашкодзілі два караблі, якія стаялі на рамонце.
На відэа, якія публікавалі мясцовыя карыстальнікі сацсетак і інфармацыйныя тэлеграм-каналы, былі відаць і чуваць тры выбухі ў раёне суднарамонтнага заводу. Узьнік пажар. Паводле ўдакладненых дадзеных расейскіх уладаў, загінулі 2 чалавекі, больш за 20 былі параненыя.
Афіцыйна ўкраінскі бок атаку на Севастопаль не камэнтаваў.
Сёньня ж Мінабароны Расеі паведаміла, што ў Чорным моры зьнішчаныя тры катэры УСУ. Паводле паведамленьня ведамства, 13 верасьня тры ўкраінскія безэкіпажныя катэры «былі выяўленыя і зьнішчаныя авіяцыяй Чарнаморскага флёта».
Праверыць сьцьвярджэньні як украінскага, так і расейскага боку ва ўмовах актыўных баявых дзеяньняў не ўяўляецца магчымым.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.