Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кубы арыштавалі датычных да вэрбаваньня на вайну ва Ўкраіне на баку Расеі


Кубінская сталіца Гавана. Ілюстрацыйнае фота
Кубінская сталіца Гавана. Ілюстрацыйнае фота

Фігурантаў справы могуць пакараць турэмным зьняволеньнем на тэрмін да 30 гадоў, пажыцьцёвым зьняволеньнем або сьмяротным пакараньнем, у залежнасьці ад кваліфікацыі злачынства.

Улады Кубы заявілі аб арышце 17 грамадзян праз абвінавачаньне ва ўдзеле ў групе гандляроў людзьмі, якія нібыта вэрбавалі маладых кубінскіх мужчын на службу ў расейскіх войсках для вайны ва Ўкраіне.

«У выніку расьсьледаваньня арыштавалі 17 грамадзян, у тым ліку ўнутранага арганізатара гэтай дзейнасьці», — працытавала агенцтва Reuters прадстаўніка Міністэрства ўнутраных спраў Кубы Сесара Радрыгеса.

У той жа час прадстаўнік МУС Кубы не назваў ніводнага імя затрыманага, але адзначыў, што лідэр групоўкі абапіраўся на двух чалавек, якія пражывалі ў Кубе і вэрбавалі кубінцаў для вайны ва Ўкраіне на баку Расеі.

Пракурор Кубы Хасэ Луіс Рэес заявіў, што фігурантаў справы могуць пакараць турэмным зьняволеньнем на тэрмін да 30 гадоў, пажыцьцёвым зьняволеньнем або сьмяротным пакараньнем, залежна ад цяжкасьці і тыпу злачынстваў (ад гандлю людзьмі, удзелу ў баявых дзеяньнях у якасьці наймітаў да варожасьці).

У Міністэрстве замежных спраў Кубы 4 верасьня заявілі, што раскрылі сетку гандлю людзьмі, празь якую ў Расеі вэрбавалі кубінскіх грамадзян на вайну ва Ўкраіну. Пры гэтым у Гаване падкрэсьлілі, што такія дзеяньні чыняць «ворагі» краіны, каб ачарніць яе імідж і прадставіць саўдзельніцай дзеяньняў, якіх Куба «рашуча не прымае».

У дыпляматычным ведамстве краіны заявілі, што Куба ня ўдзельнічае ў вайне ва Ўкраіне і адмаўляецца ад выкарыстаньня сваіх грамадзян у якасьці наймітаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін летась падпісаў указ, які дазваляе іншаземцам, якія служаць у расейскай арміі, атрымліваць грамадзянства ў паскораным парадку.

Расейскі бок пакуль не камэнтаваў гэтага інцыдэнту.

У траўні 2023 году разанская расейская газэта паведаміла, што некалькі грамадзян Кубы падпісалі кантракты з расейскімі ўзброенымі сіламі і былі адпраўленыя ва Ўкраіну ў абмен на расейскае грамадзянства.

Ва Ўкраіне ваююць прадстаўнікі розных краін — як на баку Расеі, так і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG