Брытанская выведка назвала сумы, якія Масква прапануе наймітам за ўдзел у вайне супраць Украіны

Форма аднаго з расейскіх вайскоўцаў, забітых на фронце ва Ўкраіне
Форма аднаго з расейскіх вайскоўцаў, забітых на фронце ва Ўкраіне

Паводле выведнікаў, актывізацыяй пошукаў добраахвотнікаў Пуцін жадае пазьбегнуць непажаданых хваляваньняў перад выбарамі 2024 году.

У канцы чэрвеня, паводле брытанскай выведкі, Расея актывізавала пошукі добраахвотнікаў на вайну супраць Украіны сярод грамадзян суседніх дзяржаў. Праз онлайн-абвесткі людзей шукалі, у прыватнасьці, у Армэніі і Казахстане.

Грамадзянам гэтых дзяржаў прапаноўвалі 5140 даляраў «пад’ёмных» з наступнай штомесячнай заработнай платай у 1973 даляры. Пры гэтым сумы бы выплочваліся ў расейскіх рублях, адпаведна, даляравы эквівалент мог бы істотна ўпасьці ў выпадку падзеньня рубля на біржах.

У Казахстане, як гавораць брытанскія выведнікі, пошук вёўся пераважна ў Кустанайскім рэгіёне на поўначы краіны, дзе пражывае шмат этнічных расейцаў.

А яшчэ ў канцы траўня Расея стала заахвочваць да ўдзелу ў вайне грамадзян краін Азіі, якія жывуць і працуюць у Расеі, абяцаючы ім паскарэньне працэдуры атрыманьня грамадзянства і заробкі ў 4160 даляраў. У Расеі, як паведамляе брытанская выведка, цяпер жыве каля 6 мільёнаў мігрантаў з Цэнтральнай Азіі.

Грамадзяне Ўзбэкістану, якія пагадзіліся працаваць на адбудове разьбітага расейскімі войскамі ўкраінскага Марыюпалю, пазбавіліся сваіх пашпартоў. Пасьля прыбыцьця ў акупаваны ўкраінскі горад, ва ўзбэкаў забралі пашпарты, сьведчаць дадзеныя выведкі. Людзей замест працы на будоўлі накіравалі ў вайсковыя злучэньні.

Гэткімі захадамі Расея, відавочна, спадзяецца пазьбегчы непажаданых рызык пры падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў 2024 году. Бо мабілізацыя расейскіх грамадзян можа спрычыніцца да пэўных хваляваньняў і незадаволенасьці. Рэкрутацыяй замежных грамадзян Масква спадзяецца падвысіць вайсковы патэнцыял, улічваючы рост колькасьці сваіх ахвяр.

​
XS
SM
MD
LG