Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У брытанскай выведцы назвалі атаку дронамі на Расею 30 жніўня найбольшай за ўвесь час вайны

Атака дронамі на аэрапорт у Пскове, 30 жніўня 2023
Атака дронамі на аэрапорт у Пскове, 30 жніўня 2023

Расейскія войскі за апошнія 24 гадзіны нанесьлі 31 ракетны і 66 авіяцыйных удараў па ўкраінскіх пазыцыях і населеных пунктах.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі перакананыя, што Расея пасьля найбольшай атакі дронамі ў ноч на 30 жніўня будзе вымушана ўзмацніць супрацьпаветраную абарону сваіх аэрапортаў і вайсковых аэрадромаў.

«Шмат бесьпілётнікаў дасягнулі сваіх цэляў, што, пэўна, азначае цяжкасьці расейскай супрацьпаветранай абароны зь іх выяўленьнем і зьнішчэньнем. Расея, падобна, пераглядае сваю пазыцыю супрацьпаветранай абароны ў раёне паміж Украінай і Масквой, каб лепш супрацьстаяць гэтым нападам», — адзначаецца ў паведамленьні вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі.

Брытанскія выведнікі падлічылі, што ў жніўні Расея перажыла 25 асобных нападаў зь бесьпілётнікаў.

Папярэднія ўдары па расейскіх вайсковых авіябазах прывялі да пераразьмеркаваньня самалётаў па розных месцах па ўсёй Расеі.

«Аднак нядаўнія ўдары па Сольцах і Пскове прадэманстравалі, што бесьпілётнікі маюць значную далёкасьць, што робіць далейшае пераразьмеркаваньне больш складаным. Цалкам імаверна, што Расеі давядзецца разгледзець пытаньне аб усталяваньні дадатковых сыстэм супрацьпаветранай абароны на аэрадромах, для якіх, на яе думку, існуе рызыка нападаў з дронаў», — паведаміла брытанская выведка.

Расея другі дзень запар змагаецца з дронамі

Раніцай улада Масквы і Міністэрства абароны Расеі паведамілі, што ў Маскоўскай вобласьці зьбілі яшчэ адзін бесьпілётнік самалётнага тыпу, накіраваны на «аб’екты Расейскай Фэдэрацыі».

Над Бранскім раёнам зьбілі нібыта два такія ж дроны. Улады пераконваюць, што «пацярпелых і разбурэньняў няма», але на месца здарэньня выклікалі апэратыўныя і экстраныя службы.

У Пскове заявілі аб аднаўленьні аэрапорту з 31 жніўня

Губэрнатар Пскоўскай вобласьці Міхаіл Вядзернікаў паведаміў, што з 31 жніўня мясцовы міжнародны аэрапорта «аднаўляе працу ў штатным рэжыме».

«Дасьледаваньне цывільнай інфраструктуры аэрапорту завяршылі, аэрапорт гатовы да прыёму пасажыраў», — сказаў ён.

Тым часам спадарожнікавыя фатаздымкі Planet Labs сьведчаць аб тым, што ў ноч на 30 жніўня пашкоджаньні атрымалі мінімум два самалёты тыпу Іл-76. Цалкам поле нябачнае празь вялікую хмарнасьць.

Авіяэкспэрт Анатоль Храпчынскі паведаміў журналістам украінскага праекту Радыё Свабода «Схемы», што на здымках відаць пашкоджаньні каля крылаў самалётаў. «Хутчэй за ўсё, дронамі спрабавалі пацэліць у паліўныя бакі, якія знаходзяцца ў той частцы самалётаў. Але і гэта ўсё роўна вывядзе самалёт на капітальны рамонт, на які спатрэбіцца мінімум 2-3 месяцы», — сказаў экспэрт.

Журналісты праекту «Схемы» паведамілі, што самалёты Іл-76 стала базуюцца на аэрадроме ў Пскове. Самалёты з гэтага аэрадрому выкарыстоўвае 76-ая гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія арміі Расеі. Яна вядомая як «пскоўская дывізія», адна з тых, якая ўдзельнічала ў захопе Бучы пад Кіевам у пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі.

На поўдні і ўсходзе Ўкраіны адбываюцца вельмі цяжкія баі

Расейскія войскі за апошнія содні нанесьлі 31 ракетны і 66 авіяцыйных удараў па ўкраінскіх пазыцыях і населеных пунктах. Ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных, пашкоджаны жылыя будынкі і цывільная інфраструктура.

На лініях фронту адбылося 40 баявых сутыкненьняў. Украінскія войскі працягваюць наступ на бахмуцкім (Данецкая вобласьць) і мелітопальскім (Запароская вобласьць) кірунках, умацоўваючыся на новых пазыцыях.

Расейцы спрабуюць адцягнуць сілы ўкраінцаў у раёнах Мар’інкі і Старамаёрскага ў Данецкай вобласьці, Вербавога ў Запароскай вобласьці і яшчэ некалькіх населеных пунктаў у Луганскай вобласьці. «Працягваюцца цяжкія баі», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.

Улады Мікалаева і Адэсы абвясьцілі аб патрэбе ў вялікай колькасьці донарскай крыві.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG