Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускім эмігрантам легалізаваць дзяцей, якія нарадзіліся ў Польшчы і Літве? Даведаліся падрабязнасьці ў бацькоў і юрысткі


Пашпарт Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Пашпарт Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Пасьля падзей жніўня 2020 году зь Беларусі з палітычных і эканамічных прычын выехалі сотні тысяч чалавек, вялікая частка зь іх ня можа прыехаць на радзіму і чакае зьменаў.

За тры гады, што прайшлі з апошніх выбараў, шмат у каго з вымушаных эмігрантаў за мяжой нарадзіліся дзеці. Расказваем на прыкладах Польшчы і Літвы, як іхныя бацькі спрабуюць легалізаваць нованароджаных.

«Спрабуем зьвязацца з консульствам, але не атрымліваецца»

Беларуска Ірына (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) нядаўна нарадзіла дзіця ў Польшчы і цяпер вырашае, як яго легалізаваць.

«У майго мужа сталы від на жыхарства, а ў мяне часовы. Дзеці могуць атрымаць пашпарт сэрыі РР (ён пацьвярджае асобу грамадзяніна, які пастаянна жыве за мяжой. — РС) і пазьней з гэтым пашпартам мы павінны ім зрабіць карты побыту ці сталага, ці часовага (дазволы на жыхарства ў Польшчы. — РС). Але складанасьць у тым, што яшчэ да нараджэньня дзіцяці, мы зьвярнуліся праз электронную пошту ў консульства, нам штосьці адказалі наконт сьпісу дакумэнтаў, і мы папрасілі нас запісаць на падачу», — дзеліцца Ірына.

Аднак зь ёй і яе мужам консульства перастала кантактаваць, проста не адказвалі на паведамленьні і званкі.

«Таму цяпер нашае дзіця жыве на падставе акту нараджэньня і PESEL (нацыянальны ідэнтыфікацыйны нумар. — РС). Мы далей спрабуем зьвязацца з консульствам, але пакуль што не атрымліваецца. А проста так, бяз пашпарта, толькі з актам нараджэньня, пэўна, нельга зрабіць адразу карту побыту».

Якія ёсьць магчымасьці легалізацыі для дзіцяці?

Кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасьці Вольга Дабравольская зазначае, што пытаньне зь легалізацыяй нованароджаных досыць складанае, бо шмат якія грамадзяне Беларусі ці асьцерагаюцца вяртаньня ў Беларусь, ці баяцца нават пайсьці ў амбасаду.

«Пасьля нараджэньня дзіцяці неабходна адразу зьвярнуцца ў ЗАГС (ва ўжонд, аналяг ЗАГСу. — РС) па месцы нараджэньня дзіцяці і атрымаць пасьведчаньне аб нараджэньні (польскае - РС). І ўжо аўтаматычна ў ЗАГСе дзіця атрымае нумар PESEL. Пасьля гэтага ўжо можна рабіць крокі ў легалізацыі».

Вольга Дабравольская, архіўнае фота
Вольга Дабравольская, архіўнае фота

Па яе словах, сам факт нараджэньня ў Польшчы не гарантуе ня толькі польскага грамадзянства, але нават і сталага дазволу на жыхарства.

«Калі бацькі знаходзяцца ў Польшчы на падставе візы, дзіця можа атрымаць часовы дазвол на жыхарства. Калі ў бацькоў часовы дазвол на жыхарства, то зноў-такі для дзіцяці будзе часовы. Калі хаця б адзін з бацькоў знаходзіцца на падставе сталага дазволу на жыхарства або згоды на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта, то можна разгледзець варыянт для атрыманьня дзіцем сталага дазволу на жыхарства».

Калі бацькі на момант нараджэньня дзіцяці ўжо мелі сталы дазвол на жыхарства або статус доўгатэрміновага рэзыдэнта, але ў далейшым атрымалі сталыя дазволы на жыхарства, то ў такім выпадку дзіця легалізуецца на падставе тых дакумэнтаў, якія ёсьць у бацькоў, тлумачыць Вольга.

«Калі няма магчымасьці выяжджаць у Беларусь, але ёсьць магчымасьць і жаданьне зрабіць часовы або сталы дазвол на жыхарства, то легалізацыйная працэдура прадугледжвае легалізацыю без праязнога дакумэнта для іншаземцаў. Але ў такім выпадку трэба падаць любы іншы дакумэнт, які пацьвярджае асобу. Часта такім дакумэнтам становіцца пасьведчаньне з амбасады аб выезьдзе ў Беларусь».

Тады бацькі проста атрымліваюць гэта пасьведчаньне, не выяжджаючы ў Беларусь зь дзіцем, а легалізуюць яго на тэрыторыі Польшчы.

«У далейшым, пасьля легалізацыі на часовы або пастаянны дазвол на жыхарства, дзіця атрымлівае польскі праязны дакумэнт для іншаземцаў.

Калі вы ня можаце зьвярнуцца ў амбасаду ці выехаць у Беларусь

У такім выпадку ёсьць два варыянты легалізацыі, кажа Вольга Дабравольская.

«Калі самі бацькі знаходзяцца ў працэдуры па міжнароднай абароне у сувязі з рэпрэсіямі і легалізуюць сваё знаходжаньне, то яны могуць уключыць дзіця ў сваю працэдуру. Гэта вельмі проста: да сваёй справы трэба дадаць арыгінал пасьведчаньня аб нараджэньні, потым яго можна папрасіць вярнуць. І ў такім выпадку дзіця далучаюць да справы з бацькамі і яно атрымае такі ж статус, як бацькі», — кажа экспэртка.

Але бывае, што дзеці нараджаюцца ўжо пасьля таго, як бацькі атрымалі той ці іншы статус (уцекача або дадатковую абарону).

«У мяне былі кліенты, якія дзесяць гадоў таму атрымалі статус уцекача, і цяпер у іх нарадзілася дзіця. У гэтым выпадку для дзіцяці падаецца асобная заява на міжнародную абарону. Вядома, адказнымі за ўсю працэдуру зьяўляюцца апекуны дзіця, бацькі. Яны падпісваюць усе дакумэнты, запаўняюць усе заявы, так званую анкету, якую выдаюць грамадзянам Беларусі. Такім чынам легалізуюць дзіця, і яно ў такім выпадку атрымлівае асобнае рашэньне», — расказвае Дабравольская.

У выпадку міжнароднай абароны, праблем з дакумэнтамі не ўзьнікае, дадае Вольга.

«Бо пасьля атрыманьня статусу ўцекача іншаземец атрымлівае Жэнэўскі праязны дакумэнт (так званы Жэнэўскі пашпарт) і карту знаходжаньня. А ў выпадку дадатковай абароны атрымлівае карту знаходжаньня і можа хадайнічаць аб выдачы польскага праязнога дакумэнта ўжо ў ваяводы па месцы жыхарства».

Ці сапраўды небясьпечна зьвяртацца ў беларускую амбасаду?

«У маёй практыцы ні разу яшчэ не здаралася такога інцыдэнту, каб грамадзяніна Беларусі затрымалі ў амбасадзе або нейкім чынам яго выкралі з амбасады. Але я думаю, што калі чалавек ведае, што супраць яго заведзена крымінальная справа, ці мае пэўныя зьвесткі, што ён у вышуку; калі гэтыя грамадзяне працуюць у арганізацыях, прызнаных экстрэмісцкімі або тэрарыстычнымі, абсалютна дакладна я б не рэкамэндавала зьвяртацца ў амбасаду», — кажа Дабравольская.

Таксама ў амбасаду ня могуць зьвяртацца грамадзяне Беларусі, якія хадайнічаюць аб наданьні міжнароднай абароны, або якія ўжо атрымалі такую абарону, падкрэсьлівае Вольга.

«Бо ў гэтым выпадку дзяржаўныя органы Польшчы могуць палічыць, што грамадзянін Беларусі ня мае патрэбы ўжо ў абароне, што ён прымае абарону сваёй дзяржавы зноў, калі зьвяртаецца да ўладаў. Таму, вядома, такім грамадзянам абсалютна не рэкамэндую атрымліваць якія-небудзь дакумэнты ў амбасадзе або наагул зьвяртацца, прыходзіць, тым самым паведамляць, дзе знаходзіцца чалавек, якія ў яго падставы для знаходжаньня».

У якіх выпадках дзіця можа атрымаць польскае грамадзянства?

Дзіця заўсёды можа атрымаць польскае грамадзянства, калі адзін з бацькоў мае такое грамадзянства альбо атрымлівае яго. Тады дзіця ўключаюць у працэдуру, тлумачыць юрыстка.

«Ёсьць дзьве працэдуры для атрыманьня грамадзянства: першая — калі прэзыдэнт Польшчы прызнае чалавека, другая — прызнаньне грамадзянства праз ваяводу, калі чалавек выконвае ўсе ўмовы законныя і можа атрымаць грамадзянства. І ў тым, і ў другім выпадку дзеці ўключаюцца і атрымліваюць грамадзянства разам з бацькамі», — гаворыць Дабравольская.

Вольга Дабравольская
Вольга Дабравольская

Працэдура атрыманьня грамадзянства праз ваяводу па законе павінна доўжыцца месяц, але часта доўжыцца 3-4 месяцы, кажа юрыстка.

«Што тычыцца атрыманьня грамадзянства ад прэзыдэнта, то прэзыдэнт не скаваны ніякімі тэрмінамі. Адпаведна, можна чакаць адказ і год, і два. Прэзыдэнт таксама не павінен аргумэнтаваць свой адказ, а значыць, ён можа адмовіць і ня даць тлумачэньняў».

Легалізацыя дзяцей у Літве

Аляксандра (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) нарадзіла дзіця ў Вільні пасьля ад’езду зь Беларусі.

«Перад нараджэньнем дзіцяці ў мяне быў беларускі пашпарт і нацыянальная літоўская віза. Дзіця атрымала пасьведчаньне аб нараджэньні дзяржаўнага літоўскага ўзору, а потым мы яму зрабілі дазвол на жыхарства і пашпарт замежнага грамадзяніна ў Літве. Гэтыя дакумэнты дазваляюць легальна знаходзіцца на тэрыторыі Літвы, а таксама падарожнічаць па Эўразьвязе», — расказвае суразмоўца.

Такія дакумэнты, як і ў выпадку з польскімі, не надзяляюць дзіця стусам грамадзяніна.

«Мы, тэарэтычна, можам у любы момант пачаць працэдуру атрыманьня беларускага пашпарта. Таксама можам падацца на статус уцекачоў, тады мы атрымаем пашпарт уцекача. Ну і можам, напрыклад, пражыць у Літве 7-10 гадоў і тады ўжо прэтэндаваць на літоўскае грамадзянства».

Калі вы можаце выяжджаць у Беларусь

Паводле гайду для бацькоў https://vilniusmama.vercel.app/ у Літве пасьля нараджэньня дзіцяці трэба адразу падаць заяву на рэгістрацыю ў літоўскі ЗАГС (civilinės metrikacijos skyrius). Можна зрабіць гэта онлайн ці асабіста.

Для рэгістрацыі спатрэбяцца даведка аб нараджэньні дзіцяці з радзільні (яна не абавязковая, калі ў вас ёсьць часовы дазвол на жыхарства), картка дазволу на жыхарства, пашпарт таго з бацькоў, які будзе падаваць заяву ў ЗАГС, пасьведчаньне аб шлюбе.

Пасьля таго, як вы зробіце пасьведчаньне, у дзіцяці зьявіцца свой asmens kodas (ідэнтыфікацыйны нумар. — РС).

Далей ёсьць два варыянты легалізацыі. Першы — вывезьці дзіця ў Беларусь і рабіць яму дакумэнты там. Тут варта дакладна даведацца, ці зможа дзіця ў Беларусі атрымаць літоўскую візу для вяртаньня назад. Калі не, пасьля выдачы пашпарта дзіцяці можна прывезьці той пашпарт у Літву, падаць у аддзел міграцыі для атрыманьня часовага дазволу на жыхарства. Потым з дакумэнтам паехаць у Беларусь і забраць дзіця ў Літву, тлумачаць у гайдзе.

Для таго, каб вывезьці дзіця ў Беларусь, неабходна атрымаць даведку аб часовым выезьдзе дзіцяці на тэрыторыю Беларусі. Дзейнічае такая даведка паўгода, але выехаць па ёй можна толькі адзін раз.

Ёсьць і іншы варыянт. Дзіця застаецца ў Літве, адзін з бацькоў едзе ў Беларусь рабіць яму першы пашпарт. У гайдзе раяць патэлефанаваць у аддзел грамадзянства і міграцыі (АГіМ) раёну, у якім плянуецца прапіска дзіцяці, і ўдакладніць, ці патрэбна даведка на выезд дзіцяці з консульства Беларусі ў Літве, калі дзіця ня будзе выяжджаць.

Далей у беларускага натарыюса трэба перакласьці і заверыць пасьведчаньне аб нараджэньні. Пасьля ў ЗАГСе трэба паставіць пячаткі ў пашпарты бацькоў, што зьявілася дзіця.

Далей трэба занесьці ў АГіМ літоўскае пасьведчаньне аб нараджэньні (з апастылем), яго пераклад і натарыяльна завераны пераклад (зроблены ў Беларусі), пасьведчаньне аб шлюбе бацькоў. На месцы трэба напісаць заяву на выраб пашпарта.

Пасьля атрыманьня беларускага пашпарта дзіцяці той пашпарт трэба прывезьці ў Літву, і тады можна падавацца на часовы дазвол на жыхарства.

Падрабязнасьці і розныя акалічнасьці працэдуры атрыманьня дакумэнтаў лепш удакладняць у адпаведных літоўскіх і беларускіх органах.

Калі вы ня можаце выехаць у Беларусь

Калі вы зьяўляецеся ўцекачом, на вас ёсьць крымінальны перасьлед у Беларусі або зьвесткі аб тым, што ён можа быць, зварот у консульства можа ня мець вынікаў. У такім выпадку, як і ў Польшчы, варта пракансультавацца зь юрыстам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG